Нямецкія гісторыкі абвінавацілі «Беларусь сегодня» ў падтрымліванні «антысеміцкіх стэрэатыпаў»
Нямецкія чальцы Беларуска-нямецкай гістарычнай камісіі выступілі з пратэстам супраць публікацыі супрацоўніка газеты «Беларусь сегодня» Андрэя Мукавозчыка пра нямецка-беларускага гісторыка Аляксандра Фрыдмана, піша «Радыё Свабода».
Свабода атрымала копію ліста з пратэстам нямецкіх гісторыкаў.
«Паважаная рэдакцыя, у нядаўна апублікаваным тэксце Вашага супрацоўніка Андрэя Мукавозчыка ажыццяўляецца напад на нямецка-беларускага гісторыка Аляксандра Фрыдмана ў такой форме, з якой мы, гісторыкі, якія дзесяцігоддзямі займаюцца даследаваннямі на карысць Беларусі і яе гістарыяграфіі, хацелі б выказаць сваю рашучую нязгоду, — пішуць нямецкія гісторыкі з Беларуска-нямецкай гістарычнай камісіі. — Тым з нас, хто займаўся даследаваннямі антысемітызму, тэксты Андрэя Мукавозчыка нагадваюць пераемнасць антысеміцкіх стэрэатыпаў».
«Ваш супрацоўнік не толькі абражае Аляксандра Фрыдмана як здрадніка. Ён спрабуе звязаць палітычную пазіцыю Фрыдмана з яго яўрэйскім паходжаннем. Такім чынам, мова тэксту пацвярджае, што трывожнае назіранне Аляксандра Фрыдмана пра выкарыстанне антыяўрэйскіх стэрэатыпаў у якасці палітычнай зброі ў Рэспубліцы Беларусь у пачатку XXI стагоддзя, на жаль, з'яўляецца дакладным апісаннем сённяшняй рэчаіснасці», — пішуць гісторыкі.
Тэкст Андрэя Мукавозчыка, да якога адносіцца пратэст нямецкіх гісторыкаў, мае назву «В полку астапень прибыло. Оно из Дюссельдорфа».