Калі ўлада кідае ў аўтазакі тых, хто супраць вайны, значыць, яна за вайну?

 Калі ўлада не прымае хрысціянска-кананічнае «не забі», то, атрымліваецца, падтрымлівае супрацьлеглае яму — «забі»?

08600000_0a00_0242_8afd_08d9f9dca513_cx2_cy56_cw95_w1080_h608_s.webp

У артыкуле 18 абноўленай Канстытуцыі чорным па белым напісана: «Рэспубліка Беларусь выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі ў дачыненні іншых дзяржаў». На добры лад, пры дапамозе новай Канстытуцыі беларускі народ атрымаў магчымасць ачысціць сваю зямлю ад расійскіх войск, якія выкарыстоўваюць яе як плацдарм для вайны ва Украіне. Запатрабаваць гэтага павінен і той, хто любіць называць сябе гарантам Асноўнага закона. Апрануў бы свой падобны на маршальскі мундзір на чарговую сустрэчу ў Маскве ды прыпёр бы свайго безмундзірнага візаві да крамлёўскай сценкі: так, маўляў, народ прагаласаваў.

Але гарант пра вывад чужацкага войска маўчыць. Гаворыць пра няўдзел Беларусі ў вайне. Хоць вядома, што менавіта з беларускіх аэрадромаў узляталі расійскія бамбавікі, каб руйнаваць украінскія гарады. З нашай тэрыторыі зайшлі агрэсарскія войскі ў чарнобыльскую зону.

Міжволі ў галаве ўсплывае такая сітуацыя: жывуць у вёсцы тры суседы. І задумалася аднаму забіць другога. Ён прыходзіць да трэцяга, дзеліцца з ім сваім злачынным планам і просіць натачыць нож. Той паслухмяна дастае тачыла. Будучы забойца кажа: каб заблытаць сляды, я ў цябе пажыву пару дзён. Ладна, жыві. Потым гучыць яшчэ адна просьба: зрабі мне дзірку ў плоце, каб зваліцца, як снег на галаву, з нечаканага боку. Добра, вось табе дзірка. А ідучы на злачынства, ваяўнічы сусед загадвае больш міралюбнаму: яечню на стол і чарку — для смеласці. Атрымлівае і чарку са скваркай.

А на судзе паслухмяны, гасцінны і міралюбны сусед лыпае вачыма і цвердзіць: я ні ў чым не вінаваты, я не забіваў. І што з таго? Паводле закона ён — саўдзельнік. Круці ні круці — трэба ў турму ісці…

Але вернемся да Канстытуцыі. Калі яе не бароніць ад гвалту гэтак званы гарант, то хай бы хоць шараговыя грамадзяне заступіліся. А яны і заступаюцца. Як могуць і на што маюць адвагу ў нашай затэрарызаванай краіне.

75dbb6f1b80423fa7da87a5fec091afa.jpg

Мінчанін Дзмітрый Мацюшонак на ўласным балконе вывесіў плакат з двума караценькімі словамі «Не — вайне!». Прычым напісаў іх па-англійску, можа, каб міліцыя не адразу прачытала. Прачытала імгненна! Мужчыну павязалі.

Паспрабаваў прыкладна ж тымі словамі пратэставаць супраць вайны і жыхар сталіцы Максім Шышко. І — паехаў па наезджанай дарозе ў ізалятар на Акрэсціна.

Дайшло да таго, што адну маладзіцу затрымалі за… Божую запаведзь. Так-так, яна трымала ў руках не антываенны – гэтак ненавісны для беларускіх сілавікоў — лозунг, а шматок кардону з надпісам «Не забі». І яе затрымалі, праўда, пасля прафілактычнай гутаркі вызвалілі.

А ўвогуле за антываенныя пратэсты ў Беларусі было затрымана, паводле афіцыйных звестак МУС, больш за 800 чалавек. Вайна ў Беларусі ператварылася ў недатыкальную рэч. Вось у Індыі свяшчэнныя каровы недатыкальныя, а ў нас — вайна.

Гэта як разумець? «Якое, мілыя, у вас тысячагоддзе на двары»?

Калі ўлада кідае ў аўтазакі тых, хто супраць вайны, значыць, яна за вайну?

Калі ўлада катэгарычна не прымае хрысціянска-кананічнае «не забі», то, атрымліваецца, падтрымлівае супрацьлеглае яму — «забі»?

Калі ўлада нібыта ўсенародна прымае новую Канстытуцыю і тут жа адпраўляе яе наўслед за шматкроць парушанай старой (следам за дзедам), а грамадзян, якія спрабуюць жыць паводле Канстытуцыі, рэпрэсуе і зневажае, то грош цана гэтай уладзе ў вачах народа. Ужо ніякімі ружовымі акулярамі сваю антызаконную і антыхрысціянскую сутнасць яна не прыхавае.

Як нічым не апраўдае ў вачах гісторыі свой саўдзел у вайне. Бо на ўвесь свет чутно, як пад гусеніцамі расійскіх танкаў стогне не толькі беларуская зямля. Пад імі, захляпанымі ўкраінскай крывёю, курчыцца і новапрынятая беларуская Канстытуцыя.

А яшчэ тыя танкі, пазначаныя літарай V, мяшаюць з гразёю радаводныя карані Аляксандра Лукашэнкі. Бо ён сам неаднойчы прызнаваўся, што яны там — паміж Чарнігавам і Кіевам. І куды цяпер падзець той здрапежаны чужымі танкамі радавод?

 “Народная Воля”