«Не здолеў жыць без любові тых, хто яго прыручыў»
Памёр сабака, фотаздымкі якога на руінах знішчанага ракетай дома ў Дняпры сталі вядомыя ўсёй Украіне.
У Дняпры ракета расійскіх захопнікаў 29 верасня трапіла ў прыватны сектар, у выніку былі разбураныя 4 дамы і загінулі тры чалавекі. Раніцай наступнага дня сацсеткі абляцела фота сабакі, які сядзеў на руінах ушчэнт разбуранага ракетай дома і плакаў.
Далейшы лёс жывёлы занепакоіў жыхароў горада. Пра сабаку тады распавядалі многія ўкраінскія СМІ. Высветлілася, што гаспадары сабакі загінулі. Сабаку звалі Крым. У яго была кантузія, праблемы з сэрцам, а таксама жывёла была ў шоку.
У тую ноч ад расійскай ракеты Ха-22 загінула сям'я — мама з двума дзецьмі і бабуля. Застаўся 12-гадовы Крым, што ацалеў у двары разбуранага дома.
«Сабака знаходзіўся на месцы "прылёту" нават падчас працы ратавальнікаў. Ён сядзеў зверху руін і ні на крок не адыходзіў. Жывёла таксама была траўміраваная», — распавядалі ратавальнікі.
Пазней сабаку, які доўга скуголіў на руінах хаты і нікога да сябе не падпускаў, забрала зааслужба. У КП «Заакантроль» пра жывёлу клапаціліся спецыялісты. Сабака быў у вельмі цяжкім псіхалагічным стане. Спачатку ні на кога не рэагаваў, а потым паводзіў сябе агрэсіўна. І сабака на самай справе плакаў.
Кіраўніца аддзела
рэгістрацыі жывёл КП «Заакантроль» Ірына Панамарэнка распавядала СМІ пра Крыма: «Сабакі плачуць, сабакі стрэсуюць, яны не ядуць па некалькі дзён. Сабакі ўсё
разумеюць і вельмі перажываюць».
Цяпер стала вядома, што сабака Крым памёр, пра гэта паведамілі ў сацсетках:
«Памятаеце гэтага сабаку? Яго дом зруйнаваны, і яго гаспадары пад Дняпром загінулі ад ракетнага ўдару. І толькі ён, паранены, сядзеў, чакаў і плакаў. Цудам выжыў. Забралі. Лячылі.
Сэрца не вытрымала разлукі з роднымі. З тымі, з кім жыў і каго страціў.
Пайшоў на вясёлку. Да сваіх гаспадароў. Сабака не можа жыць без ласкі і любові. Без тых, хто яго прыручыў.
Добрых табе сноў, Крым. Лёгкай дарогі па вясёлцы. І абавязкова знайдзі сваіх гаспадароў. Чуеш? Абавязкова! Яны цябе не кінуць там. Яны таксама ўмеюць любіць і чакаць. Тваё сэрца вяртаецца да іх. Шукай Крым. Шукай!
Усяго табе... на вясёлцы...»