«Накінуліся з кулакамі». У Швейцарыі беларус і расіянін напалі на ўкраінскіх студэнтаў
Зламыснікі пагражалі ўкраінцам, тыя зафіксавалі канфлікт
Двое мужчын напалі на ўкраінскіх студэнтаў у Швейцарыі. Адзін з іх быў расіянін, а другі прадставіўся беларусам. Пра гэта, як піша Zmina, паведаміла адна з пацярпелых, студэнтка-журналістка Яна Санчкіўская.
Інцыдэнт адбыўся 13 жніўня, калі трое ўкраінскіх студэнтаў пасварыліся ў цэнтры Цюрыха. Абодва мужчыны абвінавацілі ўкраінцаў у «прыгнёце рускай мовы». Яна зняла канфлікт на відэа.
«Кампанія масквічоў, якія гадамі жывуць у Цюрыху, накінулася на ўцекачоў з Украіны з абвінавачваннямі ў прыгнёце рускай мовы. Рускамоўны мужчына, які назваўся беларусам, спачатку прыціснуў да сцяны 20-гадовага ўкраінскага студэнта. Пазней ён накінуўся на студэнта з кулакамі, калі пачуў, што той з Украіны», — распавяла ўкраінка.
Мужчыны спрабавалі завязаць з украінцамі размову па-руску, але тыя размаўлялі толькі па-англійску. Адзін з іх абвінаваціў украінцаў у непавазе да рускай мовы, а калі ўбачыў, што ўкраінка пачала здымаць відэа, маўляў, гэта ўбачыць увесь інтэрнэт, паспрабаваў выбіць у яе з рук тэлефон.
На відэа чуваць, як зламыснік крычыць па-англійску «ідзі дадому і памірай», «клятая ўкраінская п***а, я цябе пастаўлю на месца». Яна паведаміла, што ён таксама двойчы ўдарыў яе сябра, у прыватнасці, калі той сказаў, што з Украіны.
«Што стала прычынай нападу, можна толькі здагадвацца. Можа таму, што з расіянамі размаўлялі па-англійску, ці таму, што ў сяброўкі на грудзях быў кулон з гербам Украіны», — дадала Яна.