На актывіста АГП з Дуброўна ціснуць за нібыта абразы мясцовых чыноўнікаў
Актывіст АГП ў Дуброўна Міхаіл Чэмурака паведаміў, што 4 траўня ў яго кватэры прайшоў ператрус, канфіскаваны ноўтбук і сістэмны блок кампутара. Адначасова была апісана маёмасць у доме, дзе пражывае маці актывіста. У жанчыны, інваліда 2 групы, падскочыў ціск, ёй выклікалі хуткую дапамогу.
Міхаіл Чэмурака паведаміў, што 4 траўня а 15 гадзіне ў кватэру, дзе ён пражывае з сям'ёй, прыйшлі трое: участковы міліцыянт у форме Сяргей Пучкоў, супрацоўнік мясцовага РАУС у цывільным Віталь Ходзікаў і яшчэ адзін чалавек у цывільным з Віцебска, піша сайт Аб'яднанай грамадзянскай партыі ucpb.org.
З імі былі яшчэ двое незнаёмых гаспадарам людзей, якіх супрацоўнікі прывялі з сабой і прадставілі ў якасці панятых.
Міхаілу прад'явілі дакумент, з якога вынікае, што ператрус праводзіцца ў сувязі з вядзеннем крымінальна-працэсуальных дзеянняў па арт. 188 ч. 2 і арт. 369 КК РБ: праводзіцца праверка заявы дубровенскага пракурора Пацеева аб абразе яго Міхаілам Чэмурака ў сацыяльнай сетцы Аднакласнікі.
Супрацоўнікі органаў канфіскавалі ноўтбук і сістэмны блок кампутара. Прычым у ноўтбуку змяшчаецца ўся неабходная Міхаілу для працы інфармацыя, у тым ліку дамовы з контрагентамі, электронны подпіс да банкаўскага рахунку — Міхаіл з'яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам і вядзе гаспадарчую дзейнасць. Ён паведаміў пра гэта супрацоўнікам, але ўзяць неабходную інфармацыю яму не дазволілі.
Міхаіл таксама папярэдзіў міліцыянтаў, што ўласнікам ноўтбука з'яўляецца яго маці, аднак гэта таксама іх не спыніла.
Супрацоўнікі склалі пратакол канфіскацыі, аднак забралі яго з сабой, не пакінуўшы гаспадарам ні яго копіі, ні якога-небудзь іншага дакумента аб тым, што яны ўвогуле тут былі і нешта забіралі.
Працэс складання пратаколаў апытання і канфіскацыі Міхаіл зняў на відэа. Але міліцыянты заявілі, што гаспадары не маюць права на здымку і "калі гэтая інфармацыя будзе выкладзеная дзесьці, у нейкія сеткі, то могуць быць наступствы".
Адначасова адбываўся ператрус і ў доме, дзе пражывае маці актывіста. Пажылая жанчына знаходзілася дома адна. У яе падскочыў ціск, яна не памятае ні што канфіскавалі, ні што яна падпісвала. Паводле яе слоў, людзі, якія прыйшлі, корпаліся ва ўсіх яе асабістых рэчах, нават у макаронах. Жанчына інвалід 2-ой групы, перанесла анкалагічныя аперацыі, мае цукровы дыябет, катаракту, стэноз аорты. Ціск не зніжаўся нават пасля патройнай дозы лекаў, так што дачка мусіла выклікаць ёй хуткую дапамогу.
Прычынай такой увагі з боку міліцыянтаў, відаць, стала тое, што яе сын Міхаіл афіцыйна прапісаны тут.
У чым заключаюцца абразы, Міхаіл і яго жонка не разумеюць. Яны кажуць, што ўсе іх праблемы з міліцыяй пачаліся пасля таго, як Міхаіл пачаў праяўляць палітычную і грамадзянскую актыўнасць у Сеціве. 25 сакавіка Міхаіла і яго жонку ўтрымлівалі 7 гадзін у РАУС, каб яны не маглі трапіць у Мінск на дазволенае святкаванне Дня Волі. Пасля гэтага намякнулі яго жонцы Людміле, што яна не зможа больш нармальна працаваць у пазаведамаснай ахове і ёй давялося напісаць заяву па пагадненні бакоў. Міхаіл быў назіральнікам ад АГП на мясцовых выбарах, публікаваў фота пабітых дарог Дубровенскага раёна з пытаннем аб тым, куды сыходзяць падаткі грамадзян, нататкі пра разбурэнне прадпрыемстваў раёна, у прыватнасці малочна-таварных комплексаў, фотафакты парушэнняў ПДР з боку супрацоўнікаў ДАІ, відэа з судоў над палітычныя актывістамі.
У суботу, 5 траўня, Людміла Чэмурака наведала РУУС і занесла сваю заяву (менавіта яна з'яўляецца уласніцай канфіскаванага сістэмнага блока) і заяву маці, уласніцы наўтбука. Яны звярнуліся да начальніка РАУС, каб ім далі копію акту канфіскацыі тэхнікі. Пры гэтым у РАУС ім сказалі, што канфіскаваная тэхніка знаходзіцца ў Віцебску.