Моладзь БНФ абвясціла кампанію па назіранні за выбарамі
Напярэдадні пачатку ў краіне мясцовых выбараў 2018 года Моладзь БНФ распачала кампанію па назіранні за выбарамі «Моладзь за сумленныя выбары», накіраваную на дэмакратызацыю выбарчага працэсу ў Беларусі і актыўнае супрацьдзеянне фальсіфікацыям.
«На жаль, на сённяшні дзень і пры сучаснай сістэме кіравання краінай практычна немагчыма шчыра казаць аб існаванні сумленных, адкрытых, справядлівых выбараў у Беларусі. Дадзены працэс сёння цалкам фальсіфікаваны, і такая сітуацыя актуальна ўжо далёка не першы год. Прычым, гэта ўласціва як для маштабных прэзідэнцкіх, так і для менш буйных мясцовых выбараў. Без сумленных выбараў немагчыма забяспечыць рост дабрабыту насельніцтва, акрамя таго, іх адсутнасць сведчыць аб адсутнасці дэмакратыі ў краіне ў прынцыпе. Мы ўпэўнены, што кожны разумны чалавек здольны адэкватна ацаніць сітуацыю і зрабіць правільны выбар, і таму, каб не дапусціць магчымых фальсіфікацый, мы прапануем усім зацікаўленым, незалежна ад палітычных поглядаў, далучацца да назірання за выбарамі», — заклікаюць актывісты.
У межах дадзенай кампаніі актывісты плануюць правесці падрыхтоўку ўсіх жадаючых, а таксама сабраць каманду для таго, каб надаць агалосцы ўсе тыя факты, якія яны здолеюць сабраць падчас працэсу назірання. Дапамагчы кампаніі можна будзе не толькі непасрэдна назіраннем, але і рознымі навыкамі, якія могуць быць карыснымі ў дадзенай справе: дапамога ў стварэнні і падтрымцы сайта кампаніі, праца са СМІ і іншыя. Усе, хто жадае пасадзейнічаць таму, каб голас кожнага грамадзяніна не застаўся праігнараваным, можа далучыцца да каманды.
«Таксама хочацца нагадаць, што ўжо 8 кандыдатаў ад Моладзі БНФ, якія актыўна працуюць у сваіх мясцовасцях удзельнічаюць у агульнапартыйнай кампаніі па назіранню за выбарамі «Права выбару», і калі ў вас ёсць жаданне дапамагчы з назіраннем канкрэтнаму кандыдату ад Моладзі БНФ, то вы можаце паўдзельнічаць і ў гэтай кампаніі», — адзначаюць у выбарчым штабе Моладзі БНФ.
Паводле прэс-службы Моладзі БНФ