Медыцына ў Беларусі становіцца пераважна платнай

У Слоніме адбыліся другія ў верасні грамадскія слуханні з цыклу, прысвечанага рэформам у сферы медыцыны. Мерапрыемствы арганізаваныя ініцыятывай “Народны рэферэндум”. Тэма слуханняў “Як зрабіць медыцынскае абслугоўваннем якасным і даступным?”.



medik.jpg

Нагадаем, што налгул ў рамках "Народнага рэферэндуму" беларускаму грамадству прапанавана адказаць на пытанне: “Ці згодныя вы, што ў дзяржаўных установах адукацыі і аховы здароўя ўсе паслугі грамадзянам Беларусі павінны аказвацца бясплатна?”

Удзел у слонімскіх слуханнях узялі лідары “Народнага рэферэндуму”, эксперты, практыкуючыя лектары і іхнія пацыенты.

Мясцовы доктар Іван Шэга, які выступіў асноўным выступоўцам падчас слуханняў, распавёў пра правілы здаровага ладу жыцця, а таксама шэраг праблемаў функцыявання медыцыны. Ва ўлады няма, на ягоную думку, палітычнай волі рабіць рэформы ў гэтай сферы як на лакальным, так і нацыянальным узроўнях. У прыватнасці, ён прапануе "развесці" дыягностыку і дыспансерызацыю.

Медыцынская сістэма становіцца ва ўсё меншых аб'ёмах бясплатнай, адзначыў урач. Па ягоных словах, платныя паслугі першапачаткова задумваліся як дадатковыя, разлічаныя на тых людзей, у якіх большыя заробкі, але сёння яны пачынаюць пераважаць.

Выступілі на слуханнях і пацыенты Івана Шэгі. Яны казалі пра тое, што сістэма ў сферы аховы здароўя — несправядлівая па сутнасці, спрыяе карупцыі, грошы размяркоўваюцца не туды, куды трэба.

Намеснік старшыні Руху “За Свабоду” Алесь Лагвінец распавёў удзельнікам слуханняў пра "Народны рэферэндум" і актуальнасць пытанняў з ягонага парадку дня. "Гэта сродак дагрукацца да грамадства, абудзіць яго", — падкрэсліў Лагвінец.

Слуханні таксама адбудуцца ў Брэсце і Мінску.

Пасля правядзення вераснёўскіх грамадскіх слуханняў будуць складзеныя прапановы па рэформе ў сферы аховы здароўя, якія ініцыятары “Народнага рэферэндуму” накіруюць у профільнае міністэрства. А ў хуткім часе будзе перададзены ў адпаведнае ведамства спіс прапановаў па рэформе адукацыі.

Паводле pyx.by