Мінгарсуд пакінуў у сіле апраўдальны прысуд галоўнаму інжынеру МЗКЦ
Апраўдальны прысуд галоўнаму інжынеру МЗКЦ Андрэю Галавачу застаецца ў сіле, піша «Еўрарадыё».
Генеральная пракуратура апратэставала апраўдальны прысуд галоўнаму інжынеру Мінскаму заводу колавых цягачоў (МЗКЦ) Андрэю Галавачу. Апеляцыйную скаргу разглядаў Мінскі гарадскі суд, перадае TUT.by.
У пракуратуры лічаць, што справу Галавача, які правёў у СІЗА больш за 50 месяцаў, трэба накіраваць на новы судовы разгляд.
Дзяржаўны абвінаваўца Юрый Шарснёў выступаў па справе Галавача і на працэсе ў судзе Першамайскага раёна Мінска. Тады ён прасіў прысудзіць яму 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.
На думку намесніка генпракурора, падчас суда над Галавачом быў парушаны Крымінальна-працэсуальны кодэкс, а асобныя высновы суда змяшчаюць істотныя супярэчнасці. Пры гэтым супярэчлівыя паказанні хабарадаўцаў, якія нават не прыйшлі ў суд, пракуратура назвала "ўдакладненнем". Нібыта яны не памяталі час і месца перадачы хабару, бо прайшоў доўгі час (Галавача вінавацілі ў хабары 10- і 12-гадовай даўніны).
Па версіі следства, 27 траўня 2015 года Галавач у кавярні ў цэнтры Мінска атрымаў 60 тысяч долараў, а праз некалькі дзён яго затрымалі. Галавач звяртае ўвагу, што яго не затрымалі з доказамі злачынства, хаця супраць яго паўтара года вяліся аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, а кабінет два месяцы праслухоўвалі. "Тая акалічнасць, што Галавач не быў затрыманы з доказамі злачынства, не сведчыць пра яго невінаватасць", — падкрэсліў у судзе пракурор Шарснёў.
Адвакат Аляксей Швакаў крытыкуе, як следчыя працуюць са сведкамі: "Хто прыдумаў, што ў ключавых сведак перад допытам трэба праводзіць ператрус? Для чаго гэта робіцца? Чаму ў іх з машын канфіскоўвалі дакументы? Мы будзем настойваць на тым, што паказанні ў судзе маюць велізарны прыярытэт перад тым, што казаў сведка на стадыі следства".
Андрэй Галавач заявіў, што ніякіх злачынстваў супраць завода і дзяржавы не здзяйсняў. Ён нагадвае, што за чатыры гады, праведзеныя за кратамі, двойчы быў апраўданы. Яго дэкларацыя і дэкларацыі сваякоў правяраліся з 1995 года, падатковая не выявіла перавышэнне выдаткаў над прыбыткамі. Правяраліся і закупкі МЗКЦ, ніякіх парушэнняў не было, у крымінальнай справе ёсць цэлы том, прысвечаны тэндэрам завода.
У выніку калегія па крымінальных справах адхіліла пратэст пракурора і не задаволіла апеляцыйную скаргу. Гэта значыць, што апраўдальны прысуд Андрэю Галавачу застаецца ў сіле.