Мікола Статкевіч: «Я бяру на сябе кіраванне акцыяй 25 сакавіка»
Лідар аргкамітэту Беларускага нацыянальнага кангрэсу, былы экс-кандыдат у прэзідэнты і палітвязень Мікола Статкевіч не прыйдзе на акцыю «Мы не дармаеды» 15 сакавіка ў Мінску, але бярэ на сябе адказнасць за правядзенне шэсця ў цэнтры гораду 25 сакавіка, на Дзень Волі.
Палітык лічыць, што ўзначаліць шэсце мусіць адзін чалавек, і менавіта ён найлепш справіцца з гэтай роляй.
«Ісці дазволеным маршрутам на плошчу Бангалор — гэта не для мяне»
— Ці падтрымаеце вы сваім удзелам акцыю «Мы не дармаеды» 15 сакавіка ў Мінску?
— Гэтая акцыя санкцыянаваная, але ў мяне ёсць матывы, каб не прыходзіць на яе. Я столькі адседзеў не для таго, каб хадзіць у месца, пра якое Лукашэнка казаў «Вось хай там і збіраецца тое „отребье“». Я не «отребье». Але, магчыма, у акцыі 15 сакавіка ёсць сэнс: яна легальная, бяспечная і для новых людзей, верагодна, прывабная. Але гэта не для мяне.
— Тое, што акцыя дазволеная, для вас падстава на яе не ісці?
Я лічу, што ціск на ўлады павінен узрастаць, кожны наступны крок павінен быць больш моцным.— Я скажу толькі тое, што галоўная акцыя адбудзецца 25 сакавіка, я за яе бяру адказнасць на сябе. Я лічу, што ціск на ўлады павінен узрастаць, кожны наступны крок павінен быць больш моцным.
— Ці былі ў вас перамовы з арганізатарамі акцыі 15 сакавіка ў Мінску, з аргкамітэтам кампаніі «Мы не дармаеды»?
— Я сустрэўся з імі, падзяліўся досведам, расказаў усе нюансы розных варыянтаў дзеянняў. Але я нават ня стаў чакаць іхнага рашэння. Куды яны вырашаць ісці — гэта іх адказнасць: і палітычная, і юрыдычная. Я ніякім чынам не хачу ім перашкодзіць. Але мая пазіцыя вядомая. Я думаю, што акцыя 15 сакавіка павінна быць, як хочуць арганізатары, бяспечнай для ўдзельнікаў. Гэта важна і істотна таксама і для мяне. Але ніколі не хаджу туды (на Бангалор — Р.С.).
«Калі ты адказны за вялікую акцыю, нельга ехаць на рэгіянальныя»
Калі ты адказны за галоўную акцыю, табе нельга ўдзельнічаць у несанкцыянаваных рэгіянальных акцыях. Таму што цябе лёгка нейтралізуюць.
— Чаму вы ня бралі ўдзелу ў акцыях пратэсту ў рэгіёнах?
— Ёсць такое правіла, якое звычайна ведаюць усе, хто займаецца палітыкай у нашай краіне. Калі ты адказны за галоўную акцыю, табе нельга ўдзельнічаць у несанкцыянаваных рэгіянальных акцыях. Таму што цябе лёгка нэўтралізуюць.
«Бяру на сябе кіраваньне акцыяй 25 сакавіка»
— Вы плануеце ўзначаліць акцыю 25 сакавіка і правесці яе пад лозунгамі з палітычнымі і эканамічнымі патрабаваннямі. Але ў той жа час і ў тым ж месцы збіраецца штогадовая акцыя на Дзень Волі. Ці ўзгадняеце вы свае планы з тымі арганізацыямі, якія падавалі ў Мінгарвыканкам заяўку?
У нас шмат выдатных амбітных палітыкаў, але для таго, каб пазбегнуць сітуацыі 2010 году, трэба аднаасобнае кіраванне.
— Мы абмяркоўвалі гэтую сітуацыю. Гэтыя арганізацыі выказваюць жаданне сабрацца 25 сакавіка каля Акадэміі навук і ісці ў цэнтр гораду. Тут нашы жаданні супадаюць. Я б хацеў, вядома, адразу ісці ў цэнтр, але дзеля еднасці пагадзіўся на іншае месца збору. Наколькі я зразумеў, ніхто ня будзе супраць, калі я вазьму кіраванне акцыяй на сябе. Гэта будзе вельмі складаная дэманстрацыя для арганізатараў. Таму кіраванне павінна быць аднаасобнае. Кажуць, ад камісараў у Чырвонай арміі адмовіліся яшчэ ў 1941 годзе, таму што яны заміналі. Таму, я думаю, заяўнікі ня будуць супраць, калі я павяду гэтую дэманстрацыю. Тут не да палітычных крокаў і жартаў. У нас шмат выдатных амбітных палітыкаў, але для таго, каб пазбегнуць сітуацыі 2010 году, трэба аднаасобнае кіраванне. Калегі мне даверылі гэта, і я гэта выканаю. Гэта правільна, таму што я маю найбольшы досвед.
«Лічу, што ўлады ня будуць чыніць правакацыяў»
— Як вы бачыце акцыю 25 сакавіка?
Уладзе цяпер не да правакацыяў, ёй патрэбны грошы з Захаду.
— Я зраблю ўсё, каб дэманстрацыя прайшла годна і мірна. Я шчыра скажу, што ня веру ў пужалкі аб правакатарах. Правакацыі ў нас заўсёды арганізоўвае толькі адзін бок — гэта сама ўлада, іншага не было. Уладзе цяпер не да правакацыяў, ёй патрэбны грошы з Захаду. І яшчэ: калі хочуць правакацыяў, то нікога не папярэджваюць. Калі ўлады самі лямантуюць аб правакацыях, значыць, яны самі гэтага ня хочуць. Таму я спадзяюся, што ўсё будзе нармальна. У нас ёсць пэўная еднасць. Я ня думаю, што нехта будзе пярэчыць майму рашэнню ўзяць кіраванне на сябе. Я не збіраюся нічога штурмаваць, але трэба паказаць волю народу, трэба вызначыць, як мы далей будзем прымушаць уладу да дыялёгу з народам.
— Вы кажаце, што іншыя палітычныя лідары ня будуць супраць, каб вы ўзначалілі акцыю 25 сакавіка. Але прынамсі трое з іх у гэты дзень яшчэ будуць за кратамі...
— Ведаеце, я не разумею такіх паводзінаў. 15 сакавіка людзі прызначылі акцыю, узялі адказнасць за яе. Ведаюць, што ідуць арышты. І паехалі ў райцэнтры. Што, у Маладэчне і Воршы не было каму правесці гэтыя акцыі? Навошта перад вялікай акцыяй ехаць на рэгіянальныя маршы? Гэта супярэчыць усяму, што я ведаю пра абавязкі лідара акцыі.
svaboda.org