Міхаіл Прохараў паказаў расіянам «ё-мабіль», сабраны ў Калодзішчах
Расійскі мільярдэр і палітык прыехаў на ім на эканамічны форум у Санкт-Пецярбургу.

Фатаграфію «ё-мабіля» Міхаіл Прохараў размясціў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук», фотаздымак лайкнулі больш за 10 тыс. чалавек.
«Прывітанне ўсім, хто сумняваўся», — напісаў ён.
Кіравалі працэсам зборкі беларусы. Галоўным канструктарам «ё-мабіля» стаў Андрэй Гінзбург.
Аўтамабіль унікальны тым, што выкарыстоўвае для руху электраэнергію. Яго таксама можна запраўляць як бензінам, так і газам.
У канструкцыі выкарыстоўваецца электрычная трансмісія з камбінаваным сілкаваннем ад генератара, які круціць газа-бензінавым рухавіком унутранага згарання, і ад ёмістага назапашвальніка энергіі, паведамляе тэлеканал НТВ.
Прамысловая вытворчасць «ё-мабіля» ў Расіі запланавана на пачатак 2015 года.
Гэта будзе першы расійскі гібрыдны аўтамабіль. Яго кошт, у залежнасці ад камплектацыі, не павінен перавышаць $ 15 тысяч.