Марыя Калеснікава, Максім Знак і Ілля Салей прызнаныя палітвязнямі

Беларускія праваабарончыя арганізацыі выступілі з супольнай заявай з нагоду пераследу Марыі Калеснікавай, Максіма Знака і Іллі Салея. 

f815e390_7712_422b_ab3a_904829573bc4_w1023_r1_s_logo_1.jpg


"9 верасня СК афіцыйна паведаміў, што “Галоўным следчым упраўленнем Следчага камітэта працягваецца расследаванне крымінальнай справы, узбуджанай Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь). У адносінах да падазраваных Марыі Калеснікавай і Максіма Знака с санкцыі пракурора была абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Таксама па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства (ч. 3 арт. 361 КК) затрыманы Ілля Салей”.
Мы катэгарычна не згодныя з такой прававой кваліфікацыяй дзеянняў М. Калеснікавай, М. Знака, І. Салея і ўсіх сябраў Каардынацыйнай рады ў цэлым, лічым яе штучнай, прадузятай, сутнасна не адпавядаючай характару і задачам дзейнасці Рады і відавочна палітычна матываванай", — адзначаецца ў заяве.
Праваабаронцы перакананыя, што крымінальны пераслед М. Калеснікавай, М. Знака і І. Салея носіць палітычна матываваны характар, ён скіраваны на спыненне іх законнай дзейнасці ці змяненні яе характару.
Прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый заявілі аб прызнанні Марыі Калеснікавай, Максіма Знака і Іллі Салея палітычнымі зняволенымі і патрабавалі іх неадкладнага вызвалення і спынення крымінальнага пераследу, а таксама вызвалення ўсіх палітычных зняволеных, спынення палітычных рэпрэсій і гвалту ў краіне.