Маміны гісторыі. Чаму вучаць дзіцячыя істэрыкі і размазаная каша
Сяджу на падлозе і са спакоем будысцкага манаха назіраю за тым, як мой маленькі сын захоплена акунае далонькі ў талерку з кашай, размінае змесціва, якое расцякаецца па яго руках, нагах, жываце, перамяшчаецца на твар, толькі што вымытую падлогу і часткова на мяне.
Раней ад такога відовішча я б адначасова пасівела, забілася ў істэрыцы і страціла прытомнасць. Цяпер жа я толькі ўсміхаюся і ціхенька прыгаворваю малому, якая цікавая каша не толькі на смак, але і навобмацак, і як здорава яна размазваецца па ламінаце. Праўда, хапае мяне ненадоўга: звычайна медытацыі з кашай заканчваюцца праз 10 хвілін. Бо я разумею, што не гатовая рэшту дня выдаткаваць на тое, каб адмываць дзіця, сябе і кватэру. А вось працерці невялікі лапік падлогі ды хуценька сунуць пад душ маленькага эксперыментатара — цалкам магчыма.
Але я ўсё роўна страшэнна ганаруся сабой, што здолела захаваць баланс паміж прагай малога спазнаваць свет і захаваннем уласнай душэўнай раўнавагі.
Што казаць, дзеці — выдатны трэнажор для бацькоўскай цярплівасці. Вось, напрыклад, вырашаю я пабыць трошачкі больш чым "дастаткова добрай мамай". І замест пюрэ са слоічка прыгатаваць яго сыну ўласнаруч. З любоўю вару гародніну, здрабняю яе да ідэальнай кансістэнцыі — не вадкай, не надта густой, з драбнюткімі кавалачкамі, каб развіваць навыкі жаванння. Карацей, разам з іншымі інгрэдыентамі ўкладваю ў рондаль кавалачак душы.
З задавальненнем адзначаю, што на выгляд, пах і смак страва атрымалася значна лепшай, чым крамныя пюрэ. Уяўляю, як сын з апетытам будзе есці. Прапаную… А любая дзетачка пачынае круціць носам, выплёўваць і заходзіцца ў крыку.
Першая рэакцыя — як у тым анекдоце — "вбила б". Але раблю ўдых-выдых, паралельна адстаўляючы талерку з ежай падалей ад размаху маленькіх, але ўжо такіх моцных ручак і ножак. І прапаную яшчэ. Потым праз нейкі час яшчэ. Бывае, што маміна пюрэ ўсё ж "заходзіць" і з'ядаецца. А бывае, што пасля марных спробаў накарміць дзіця змесціва талеркі разам з душой ляціць у сметніцу. І тады ты проста нагадваеш сабе, што ўжо дарослая дзяўчынка, і тваёй душы хопіць яшчэ на безліч такіх кармленняў. Таму што тваё дзіця не толькі забірае. Яно яшчэ і аддае — і крыніца гэтая бяздонная.
Увогуле, усе бацькі хаця б некалькі разоў сутыкаюцца з дзіцячымі істэрыкамі. У кагосьці яны пачынаюцца з першых тыдняў пасля нараджэння, у кагосьці — у больш свядомым узросце. Калі малое раве безупынна і ўсе спробы яго супакоіць разбіваюцца аб перакошаны тварык і невыносны крык, хочацца ў парыве злосці і бяссілля што-небудзь разбіць. На жаль, нярэдка пад гарачую бацькоўскую руку трапляюць самі дзеці, і адбываецца трагедыя.
Акурат для такіх выпадкаў дасведчаныя людзі прыдумалі параду: калі адчуваеце, што губляеце кантроль над сваімі эмоцыямі, пакіньце дзіця ў ложачку альбо проста на падлозе, выйдзеце ў іншы пакой, зрабіце некалькі глыбокіх ўдыхаў-выдыхаў, папіце вады, палічыце да дзесяці. Калі адчуеце, што бура ўнутры трохі сціхла, можаце вяртацца. Некалькі хвілін крыку прынясуць малому менш шкоды, чым раз'юшаныя мама ці тата.
Я пару разоў карысталася гэтым спосабам, і магу засведчыць, што ён геніяльны. Адышоўшы на адлегласць ад дзіцяці, ты нібы цверазееш і пачынаеш адэкватна ацэньваць тое, што адбываецца. А менавіта (часцей за ўсё) — фізічныя пакуты дзіцяці (напрыклад, колікі ці прарэзванне зубоў), эмацыйная нестабільнасць пры засваенні новых навыкаў, альбо намацванне дзіцёнкам межаў. Усё гэта — неабходныя этапы развіцця малечы, якія трэба проста ператрываць.
Спакою вам, дарагія бацькі!