Магілёўскі журналіст накіраваў скаргу ў Камітэт па Правах чалавека ААН
28 чэрвеня, я адправіў сваю скаргу разам з дадаткамі — усяго больш за 30 лістоў. Падрыхтаваць яе мне дапамаглі праваабаронцы Барыс Бухель і Леанід Судаленка, за гэта ім вялікі дзякуй, — расказаў Алесь Буракоў журналісту «Магілёўскай Вясны».
— Да тэксту самой скаргі мы прыклалі адказы беларускіх судовых інстанцыяў. Мы спрабавалі абскарджваць пастанову суда Ленінскага раёна ў абласным судзе, у тым ліку і праз старшыню. Потым была скарга ў Вярхоўны Суд, але нідзе яе так і не задаволілі. Я спадзяюся, што Камітэт па Правах Чалавека ААН разгледзіць маю скаргу і прызнае, што я маю рацыю. Мне важна, што згодна Міжнароднаму Пакту аб Грамадзянскіх і Палітычных правах, я ўсё рабіў у рамках закона. Іншая справа, што ў нас гэтыя законы, чамусьці, не працуюць, — адзначыў журналіст. — Вельмі важна звяртацца ў КПЧ ААН, бо выглядае на тое, міліцыянты і суддзі лічаць мяне правапарушальнікам. Але калі адмыслоўцы з розных краінаў ААН стануць на мой бок, гэта будзе сведчыць пра тое, што нешта ня так менавіта ў гэтых міліцыянтаў і суддзяў.
8 кастрычніка 2014 года суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў Алеся Буракова вінаватым па адміністратыўным артыкуле за незаконны выраб прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі, а менавіта матэрыялу "Тропой контрабандиста: работают ли российские санкции в приграничье?", які быў размешчаны 25 жніўня 2014 года на сайце нямецкага радыё “Deutsche Welle”. За гэта яго аштрафавалі на 6 мільёнаў рублёў.