Любоў Лунёва: Ганаруся, што таксама належу гэтаму народу
Сёння, 29 ліпеня, беларусы і беларускі ладзяць марафон салідарнасці з палітвязнямі — і гэта, бадай што, першая сур'ёзная акцыя, якая здолела нас аб'яднаць, за апошні час.
У той дзень выбараў каля стэлы, калі сілавік аддаў загад: «Наперад! На ворага!» — ён пазначыў, сам таго яшчэ не разумеючы, што наш свет ужо не будзе ранейшым. Адзін расійскі журналіст сказаў мне: «Ведаеш, я ніколі-ніколі не змагу забыць, як я стаяў ноччу каля вашага Акрэсціна, а з двара даносіліся дзіцячыя крыкі мужчын. Ніколі мне не было так страшна. Вы, беларусы, не зразумелыя мне», — піша Любоў Лунёва ў сваім фэйсбуку.
А потым, у нядзелю, мы адчулі ўзрушэнне ад саміх сябе і радасна суправаджалі свістам драпаючую калону аўтазакаў. Многія казалі, што мы ўступілі ў новую эпоху. Так і было. Толькі эпоху ахарактарызаваў той сілавік, які сваіх падначаленых пасылаў «на ворага». Каму служыў той афіцэр, для якога менавіта беларускі народ стаў ворагам?
Я памятаю жаночы марш, калі сілавікі атачылі дэманстрантак на скрыжаванні Сурганава — Якуба Коласа. Калі пачаўся хапун, то адзін «фотакор» крыкнуў афіцэру «алівак»: «Я ваенны карэспандэнт!» — і паказаў ксіву. Той выцягнуўся перад ім і даў каманду іншым яго не чапаць (у адрозненне ад беларускіх журналістаў). І тут з ачаплення «алівак» я пачула гоман, які ні з якім іншым не зблытаеш: «Паадзвіньска чутка». Значыць, праўду казалі кіроўцы пра тое, што амаль кожную пятніцу з боку Смаленска ў Беларусь заязджалі заштораныя аўтобусы з сілавікамі, а ў нядзелю ўвечары — назад.
Але мы паспелі ў поўнай меры прадэманстраваць сваю салідарнасць. А сёння на марафоне ўсё роўна дзівімся, што сабралі за нейкіх тры гадзіны амаль 150 тысяч еўра. Сабралі тым, каму значна горш. Сабралі, як бы цяжка самім ні было. Хтосьці не ведае, як заплаціць за арандаваны пакой, хтосьці сур'ёзна не даядае, але затое на волі. І гатовы адарваць ад сябе апошняе, каб дапамагчы тым, хто ў яшчэ большай бядзе.
Усё часцей мы кажам: «Нам дапамагчы няма каму». Так і ёсць. Толькі мы самі ёсць адно ў аднаго. Добра, што мы такія. Праўда. Ганаруся, што таксама належу гэтаму народу.