Колькі слоў пра акцыю ў абарону парку Катоўка

Прыкра назіраць, як матэрыялы эколагаў радыкалізуюцца і робяць з вернікаў ворагаў жывой прыроды і чалавека. І кожны наступны загаловак гучыць усё больш і больш пагрозліва. Пра загалоўкі зразумела — яны мусяць быць гучнымі і правакацыйнымі, мэты гэтых артыкулаў таксама, здаецца, зразумелыя: напужаць чытача і праз гэта зрабіць тэму больш гучнай і павялічыць колькасць паплечнікаў.

katouka_1.jpg


Упэўненая, што мэты эколагаў добрыя і светлыя — захаваць жыццё і яго разнастайныя формы. Але яны не заўважаюць, што сваімі дзеяннямі, па сутнасці, руйнуюць супольнасць вернікаў — якую таксама можна параўнаць з жывым арганізмам. Я добра разумею, пра што кажу, бо сама з'яўляюся вернікам такой "бяздомнай" парафіі. І добра разумею, што для супольнасці св. Пятра і Паўла дазвол на будову свайго уласнага дома выклікаў вялікую радасць.


Мне зразумела, што гэтая супольнасць даволі слабая, мае мала сілы, таму што ім спатрэбілася ажно 5 год, каб аформіць усе паперы, сабраць неабходныя сродкі, якіх бы хапіла на тое, каб распачаць будову.
Дзякуючы распрацаванаму, наладжанаму механізму ўзаемадзеяння са СМІ, гэтай піяр-кампаніяй эколагі, па сутнасці, забіваюць мары гэтай супольнасці. Супольнасць не зможа адказаць такім жа чынам.


Але — давайце паспрабуем паглядзець на радыкалізм эколагаў з іншага боку. Як Вам такія загалоўкі: "Эколагі хочуць знішчыць хрысціянскую супольнасць" "Эколагі адмаўляюць хрысціянам права ў вызнаванні сваёй веры", "Ваяўнічы атэізм пад маскай экалагічнага руху".


Канечне, вернікі так не скажуць. Дый і я не хачу правакаваць — хачу толькі, каб Вы паглядзелі на свой радыкалізм іншымі вачыма.


Бо інакш — гэта ідэальны сцэнар гарантаванага ўзаемнага прыніжэння.


Як гэта не пакажацца дзіўным, але будаўніцтва касцёла ў гэтым парку — гарантыя яго захавання. Са слоў тых жа жыхароў мы ведаем, што парк знаходзіцца ў трошкі запушчаным стане, для горада — гэта праблема, а мясцовыя жыхары не ўзялі яго на ўласнае ўтрыманне. Разам з тым, парк застаецца "смачным кавалкам", які будзе стала прыцягваць увагу інвестараў як месца пад будову дамоў або бізнэс-цэнтраў і інш. камерцыйных праектаў. Калі там будзе касцёл, то там не пабудуюць некалькі шматпавярховікаў — гэта раз. Калі там будзе касцёл, то гэта будзе прыгожае, задбанае месца, даступнае для адпачынку, шпацыраў для людзей, якія прытрымліваюцца здаровага ладу жыцця — гэта другое.


Хачу дадаць, што касцёл, які збіраюцца будаваць, разлічаны ўсяго на 300 вернікаў, а гэта маленькі касцёл, ён будзе займаць невялічкую частку тэрыторыі парку. І апошняе — там, дзе будуецца ДОМ БОЖЫ, не можа быць не прыгожа, самі вернікі зацікаўленыя ў тым, каб навокал быў захаваны парк.


Канечне, пры будове непазбежна і тое, што прыйдзецца вырубіць частку дрэваў. Але ж можна дамовіцца супольна кантраляваць гэты працэс, каб па заканчэнні будовы аднавіць гэтую тэрыторыю. У дадатак, за кожнае дрэва, ссечанае пры будове, касцёл плаціць дзяржаўным установам даволі вялікія грошы — давайце разам пракантралюем, каб гэтыя грошы пайшлі менавіта на добраўпарадкаванне парку, высадку новых дрэваў і г.д.


Зразумела, што эколагі ў гэтай справе адстойваюць свае каштоўнасці і хочуць, каб з гэтымі кашноўнасцямі лічыліся. Але вернікі ў справе захавання парку могуць быць не ворагамі, а памочнікамі — пры ўмове, калі і з іх каштоўнасцямі будуць таксама лічыцца.

Гэты пост Юля размясціла на сваёй старонцы ў ФБ. Каментаваць тут няма, чаго. Хіба што дадаць словы Антона Астаповіча, таксама з ФБ:

«Няма на маю думку нічога больш дурнога, чым занадта вялікая актыўнасць на пустым месцы. Па-першае, згодна горадабудаўнічых дакументаў парка "Катоўка" не існуе ў прыродзе. Па другое, квартал гэты прызначаны пад будаўніцтва.

Зараз эколагі дзеля таго, каб толькі паактыўнічаць сганяюць каталікоў з пляцоўкі. Каталікоў згоняць, ваяваць з тымі, хто не карыстаецца асаблівай падтрымкай з боку дзяржавы лёгка. Эколагі ў нас зараз крутыя, раздзімае іх мабыць ад гонару.

А заўтра пабудуюць на гэтым месцы гандлёвы цэнтр ці шматфункцыянальны комплекс у межах рэалізацыі нейкага там маштабнага інвестпраекта. І самае цікавае, што абаронцаў тады днём з агнём ніхто не пабачыць.

Не першы раз ужо заўважаю, што эколагі могуць пазмагацца за два-тры дрэва не аналізуючы наступстваў і не пралічваючы перспектыву».