Колькі людзей з'язджае з Беларусі?

Ацаніць маштабы хвалі міграцыі апошніх гадоў з Беларусі даволі складана, але магчыма.

Дарога ў Мінску. Ілюстрацыйнае фота НЧ

Дарога ў Мінску. Ілюстрацыйнае фота НЧ

Ёсць прамыя звесткі — гэта статыстка іншых краін пра тое, колькі беларусаў атрымалі ВНЖ ці нацыянальныя візы.

Ёсць ускосныя даныя, напрыклад, карціна па рынку працы ў Беларусі. Зыходзячы з іх можна дакладна сцвярджаць, што гаворка ідзе пра дзясяткі тысяч чалавек, піша Th*nktanks.by.

Паводле звестак на 30 чэрвеня мінулага года, 52,3 тысячы беларусаў у Польшчы мелі ВНЖ або іншы дакумент, які дае права на пражыванне. 15,3 тысячы мелі іншы дакумент, які дае права на знаходжанне ў гэтай краіне. Усяго на той момант у гэтай краіне пражывалі не менш за 75–80 тысяч беларусаў. Пра гэта піша ў маніторынгу эканомікі Беларусі акадэмічны дырэктар BEROC, запрошаны прафесар універсітэта Карласа III у Мадрыдзе Кацярына Барнукова.

Наноў працаўладкаваных грамадзян нашай краіны за апошні год там было больш за 15 тысяч. Улічваючы, што значная колькасць яшчэ не знайшлі працу альбо не аформіліся, можна смела сцвярджаць, што за апошні год туды выехалі ад 30 да 50 тысяч чалавек.


Яшчэ адна ўскосная прыкмета — колькасць беларускіх дзяцей у польскіх школах. У пачатку навучальнага года іх было 24,3 тысячы, а праз чатыры месяцы — ужо 26 тысяч. Мінулы навучальны год у гэтай краіне пачыналі 15 тысяч беларускіх дзяцей, гэта значыць на 11 тысяч менш.

Паводле некаторых звестак, за мінулы год колькасць беларускіх імёнаў у польскім рэестры PESEL павялічылася на 103 тысячы чалавек. У сукупнасці ўсе гэтыя даныя кажуць пра тое, што пасля 2020-га ў Польшчу выехалі ад 50 да 100 тысяч беларусаў.

У Літве на пачатак 2023 года пражывалі 48,8 тысячы грамадзян нашай краіны. За апошні год у гэтую краіну прыехалі 20–25 тысяч беларусаў.


У даследчыкаў няма даных па міграцыі ў такія краіны, як Грузія, Турцыя, а таксама многія іншыя дзяржавы Еўрасаюза. Па кожнай з іх лічбы будуць невялікімі, напрыклад, у Іспаніі дакументы, якія даюць права на пражыванне, атрымалі каля 1,5 тысячы чалавек.

Аднак, калі сабраць звесткі па ўсіх краінах, куды з'язджалі нашы суграмадзяне, то колькасць наблізіцца да 100 тысяч за апошнія два гады.

Прыкладна такі маштаб міграцыі ўскосна пацвярджае статыстыка занятасці ў Беларусі. У лютым гэтага года занятых у эканоміцы было 4.172 млн чалавек. Гэта на 112 тысяч менш, чым у 2021 годзе. Часткова гэта скарачэнне тлумачыцца старэннем насельніцтва і выхадам часткі людзей на пенсію, але аказвае ўплыў і ад'езд.

Напрыклад, у IT занятасць скарацілася больш чым на 17 тысяч за апошні год. Гэтыя людзі дакладна не выйшлі на пенсію, — адзначаюць у BEROC.