«Ён быў у іншым варанку». Пётра Садоўскі ўспамінае пра Лявона Дзейку
Вядомы беларускі мовазнавец, палітык і дыпламат Пётра Садоўскі падзяліўся ўспамінам аб Лявоне Дзейку, які ўчора памёр ад каронавірусу.
— Учора знячэўку напісаліся даволі выпадковыя словы жалобы і шкадавання, — піша Пётра Садоўскі. — Я нават забыўся напісаць першы сказ «Памёр Лявон Дзейка». Потым дапісаў сказ у рэжыме радыгавання.
Сёння вельмі рана, як гэта бывае звычайна, калі ў патыліцы запускаецца «ваўчок» успамінаў пра блізкага чалавека, мне намаляваўся выразны партрэт Лявона, чалавека, з якім мы, не гледзячы на розніцу ва ўзросце на 13 гадоў, пачынаючы з пачатку 70-х, хадзілі паралельнымі шляхамі, чыталі адны і тыя ж кніжкі, хадзілі на аднолькавыя тэатральныя пастаноўкі, слухалі «на вініле» гарачыя мелодыі, сядзелі ў аднолькавых залах бібліятэк, не маючы магчымасці выязджаць за мяжу, вандравалі па музеях Еўропы ў абанементных лекторыях і альбомах савецкага выдавецтва «Искусство».
Мы нарадзіліся з Лявонам у адзін дзень: на каталіцкія Грамніцы, 2-га лютага, як і Кастусь Каліноўскі, жартаўліва абмяркоўвалі сваё вадалійства і сваю місію. З уласцівай яму сяброўскай іроніяй Лявон жартаваў: «Калі ты 7-месячны, то ты фальшывы Вадзянік, не прымазвайся да нас геніяў азарэння і экспромтаў…». Такое ён сказаў, калі мы у час «перакуру» (мы не палілі) на шырокім падваконні на 4-м (?) паверсе ў холе чытальнай залы №6 у «БАНі» (бібліятэка АН БССР) разгадвалі красворд і ўспаміналі пра міністра фінансаў савецкага часу Баляслава Шацілу, прэм’ера Кірылу Мазурава, загадчыка аддзела ЦК Аляксандра Кузьміна ды іх ролю ў захаванні беларушчыны.
Высветлілася, што з Лявонам, як і з Ігарам Герменчуком, галоўным рэдактарам легендарнай «Свабоды» з тыражом на 60-100 тысяч, мы «містычна» сустракаліся яшчэ да нашага дэпутатства і членства ў БНФ.
Наша сустрэча з Лявонам Дзейкам мела свой асаблівы флёр: мы як бы сустракаліся і як бы не сустракаліся. Яшчэ Платон пытаўся: ці была маланка ў лесе, калі яе ніхто не чуў і не бачыў. Мы былі з Лявонам у 1970-м годзе ў адным месцы, магчыма, сядзелі побач і не ведалі, што сустрэнемся праз 20 гадоў ў ВС, што будзем разам удзельнічаць у палітычнай галадоўцы і г. д.
Гэта адбылося ў Доме ветэранаў, што насупраць Купалаўскага скверу, на выязным лекторыі мастацтвазнаўцаў з Эрмітажу. Ён быў студэнтам, здаецца, 2-га курсу інстытута, які цяпер завецца Белдзяржуніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, а я — інжынерам-патэнтаведам ММВЗ (матацыклы і веласіпеды) пасля выгнання з «ін’язу» з воўчым артыкулам 47-В КЗОТ.
Калі разважаць па-філасофску і з паслядоўнай логікай, то мае сустрэчы з Ігарам і Лявонам не былі чыстай выпадковасцю. Тут не месца лагічным спекуляцыям.
З Ігарам Герменчуком мы сустрэліся да нашага дэпутатства на пачатку 70-х у Архангельску, куды ён прыязджаў як карэспандэнт вайсковай газеты з В/Ч, што месцілася пад самым Палярным кругам (плата за маладое дысідэнцтва на журфаку). Ігар пазнаў нас, групу турыстаў з Салавецкіх астравоў з Беларусі, па беларускай гаворцы ў забягалаўцы «Лебёдушка», дзе мы падсілкоўваліся пасля штатнага абеду ў турсталоўцы галоднага Архангельску. Мы пагаварылі колькі хвілін. Ігар спяшаўся. Архангелагародзкія падпітыя дзядзькі каментавалі: «Во, глянь, гэтыя ПШЭКІ аж сюды прыехалі…». На поўначы расейцы часта прымаюць нас беларускамоўных за палякаў.
Пра гэта Ігар ўзгадваў у перапісцы з Дубаўцом і Вячоркам, што дасылалі яму поштай «ЛІМ» ды іншую карэспандэнцыю, а я — у кніжцы «Мой Шыбалет».
З Герменчуком мы ўзгадалі пра нашу містычную сустрэчу ў Архангельску, у Мінску, закінутыя ў маленькі «варанок» людзьмі ў масках, лежачы адзін на адным разам з Трусавым, Баршчэўскім і Шутом глыбокай ноччу 12-га красавіка 1995 г.
Лявон Дзейка быў «у паралельнай гістарычнай падзеі», але ў іншым варанку. Тады нас, 19 дэпутатаў-галадоўшчыкаў апазіцыі БНФ, збівалі невядомыя людзі ў масках колькасцю больш за 200 чалавек, з двума кулямётамі, аўтаматамі, пісталетамі і дубінкамі.
Ігар, як і Лявон, жартаваў, як цягавіты «фелах»: «Ну во, Вінцэнтавіч, мы з табой, як у хапун 37-га, сустракаемся то на Салаўках, то ў варанку …».
Тады генеральны пракурор Васіль Шаладонаў ўзбудзіў крымінальную справу супраць прэзідэнцкай адміністрацыі, але Лукашэнка звольніў яго сваім указам. Спадзяюся, Лукашэнка павінен у новай прышласці адказаць і на гэта пытанне. Васіль Шаладонаў загінуў у няшчасным выпадку: узарваўся газавы балон. Падрабязнасцяў я не ведаю.
У сувязі з тым, што наша пакаленне паступова адыходзіць, мне думаецца, што варта было б для паўнаты карціны кантыніуму нашай найноўшай гісторыі распачаць і хутка закончыць недарагі праект: запісаць маналогі 30-50 асобаў пра апошня гадоў 50. Я нядаўна ўзгадваў імёны Уладзіміра Кармілкіна і Сяргея Чырыка. Гэта нашы беларускія летапісцы. Архіў з «гаваркіх галоў» вельмі быў бы дарэчы. Асэнсаванне гістарычнага імгнення памерам на 50 гадоў — яшчэ наперадзе. Для гісторыкаў і пісьменнікаў фактура яшчэ не адстаялася. Для нас, хто чакае вясны, рэфлексіі пра страх, гераізм, паразы і перамогі, зусім не лішнія.
Цяпер я назіраю, як мінулую не вельмі далёкую гісторыю каментуюць і пішуць бойкія хлопцы, якія часта проста былі вельмі маладыя або заставаліся асцярожна «над падзеямі», «у бульбе» ці нават у стане супаратаў перамен, а потым зведалі транфармацыю поглядаў.
Я, як чалавек кнігі і слова, узгадваю зусім не паліталагічную, але і для нашага выпадку слушную максіму Барыса Пастэрнака, які заклікаў нас навучыцца «не адрозніваць паразу ад перамогі»… У гэтым сакрэт аптымізму.
PS. Два дні таму я атрымаў паўтарагадзінны ролік з Хайфы з Ізраілю, дзе расійскі даследчык, аналізуючы развіццё апошніх падзей на тле пуцінізму, збірае дыстанцыйна ўспаміны першых савецкіх дысідэнтаў.
Мой завочны
карэспандэнт, муж сяброўкі маёй жонкі, матэматык і сацыёлаг, які даследаваў у
савецкі час матывацыю паводзінаў малых і сярэдніх сацыяльных груп, эпізадычна кааперуючыся з
праграмай Георгія Шчадравіцкага, закончыў сваю працоўную біяграфію ў філіяле АН
Навасібірска ў сацыялагічнай групе Тацяны Заслаўскай. Ён узгадвае пра свае
стасункі з Якірам, Ясеніным-Вольпіным, пратэстоўцамі супраць інтэрвенцыі саветаў у Чэхію, допытамі ў КДБ,
інтрыгамі ў даследніцкіх кругах, што арганізоўвалі спецслужбы… Шмат
павучальнага для параўнальнага аналізу падзей з розніцай на некалькі дзясяткаў
гадоў. Нам бы такое зрабіць.