Як рэжым Лукашэнкі забівае грамадзян Беларусі

Гібель грамадзян па віне дзяржавы – сістэмная праблема ў Беларусі, якая пачалася да 2020 года і пагоршылася пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў. Да гадавіны смерці Рамана Бандарэнкі Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі падрыхтаваў інфармацыйна-аналітычны агляд 16 смерцяў, якія адбыліся па віне рэжыму падчас і пасля пратэстаў 2020 года.

hroniki_cihaha_supacivu__8__logo.jpg.webp

Палітычна матываваныя прысуды пасля 2020 года сталі адным з асноўных сродкаў барацьбы з апанентамі рэжыму і іншадумцамі, аж да іх фізічнага ліквідацыі. У кастрычніку 2020 года на той момант міністр унутраных спраў Рэспублікі Беларусь Юрый Караеў у сваёй прамове на сходзе сілавікоў заявіў пра Сяргея Ціханоўскага: “Няма на яго артыкула — трэба прыдумаць і пасадзіць яго надоўга. Хай там сядзіць! Хай здохне там!”.

Як правіла, праверкі па фактах палітычных забойстваў і смерцяў па палітычных матывах сканчаюцца адмовай ва ўзбуджэнні крымінальных спраў. Праводзячы такія праверкі, сілавікі фальсіфікуюць судова-медыцынскія экспертызы, скажаюць або знішчаюць доказы і аказваюць ціск на сведак гэтых злачынстваў. Сваякам высылаюцца толькі паведамленні аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальных спраў, самі пастановы аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальных спраў у пераважнай большасці выпадкаў не высылаюцца. Родным не дазваляюць знаёміцца з пастановамі і іншымі матэрыяламі праверак, тым самым абмяжоўваючы магчымасць абскарджання.

Глядзіце таксама

Расследаванні смерцяў зняволеных цягнуцца гадамі, Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь шматкроць адмаўляе ва ўзбуджэнні крымінальных спраў у дачыненні да сілавікоў, і вінаватыя застаюцца беспакаранымі. 

Агульная для ўсіх гэтых інцыдэнтаў акалічнасць: не заведзена ніводнай крымінальнай справы па фактах рэжым адмаўляе сваю віну ў гэтых смерцях.

Праваабаронцы падзялілі смяротныя выпадкі на дзве катэгорыі. Першая — гэта смерці ўдзельнікаў і прыхільнікаў пратэстаў па-за месцамі зняволення, другая — смерці ў аб'ектах праваахоўнай сістэмы і месцах пазбаўлення волі.

Двое мужчын былі расстраляныя ўзброенымі "праваахоўнікамі" падчас мірных акцый у Мінску (Аляксандр Тарайкоўскі) і Брэсце (Генадзь Шутаў). У выніку ціску з боку прадстаўнікоў Следчага камітэта 18-гадовы Дзмітрый Стахоўскі скончыў жыццё самагубствам, выкінуўшыся з 16-га паверха сталічнага інтэрната.

У гэтай чарадзе смерцяў шырока вядомымі сталі забойства Рамана Бандарэнкі, які выйшаў абараняць ад вандалаў свой двор, і Андрэя Зельцэра, IT-спецыяліста, які ва ўласнай кватэры абараняў ад невядомых у цывільным адзенні жыллё і сям'ю. Да абодвух злачынстваў датычныя сілавікі спецыяльных падраздзяленняў МУС і КДБ Рэспублікі Беларусь.

Асобна варта адзначыць падазроныя выпадкі "суіцыдаў" шляхам павешання людзей, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту або з'яўляюцца знакавымі фігурамі ў агульнай карціне масавага непадпарадкавання пасля сфальсіфікаваных выбараў. Так, быў знойдзены мёртвым сябра выбарчай камісіі Канстанцін Шышмакоў, які адмовіўся падпісаць выніковы пратакол; актывіст прафсаюза “Нафтан" Уладзімір Крысёнак здзейсніў суіцыд пасля трохдзённай “апрацоўкі" сілавікамі ў РАУС; актыўны ўдзельнік пратэстаў у Маладзечне Мікіта Крыўцоў быў знойдзены павешаным у лесапаласе.

Праваабаронцы таксама прааналізавалі смерці зняволеных у месцах пазбаўлення свабоды пасля 2020 года.

Адзначаецца, што ўмовы ўтрымання, а таксама інфармацыю аб прадастаўленні медыцынскай дапамогі, смерцях і суіцыдах у месцах пазбаўлення волі вельмі складана даследаваць з прычыны адсутнасці доступу да пенітэнцыярных установаў і іншых месцаў зняволення. Афіцыйныя крыніцы не публікуюць падобнага роду даныя. Асноўнымі крыніцамі атрымання звестак аб смерцях у месцах пазбаўлення волі з'яўляюцца публікацыі ў незалежных медыя ці інфармацыя, прадастаўленая сваякамі і вязнямі.

Практычна з пачатку 2023 года палітычныя зняволеныя пазбаўленыя права на перапіску, спатканняў са сваякамі і адвакатамі, знаходзяцца ў інфармацыйным вакууме, не дасведчаныя аб падзеях на волі. У гэтым угледжваецца як жаданне рэжыму псіхалагічна зламаць палітычных зняволеных, так і пазбавіць грамадскасць любой інфармацыі аб тым, што адбываецца ў няволі.

Палітычныя вязні ў месцах пазбаўлення волі, асабліва ў калоніях і турмах, адносяцца да падвышанай групы рызыкі датычна захавання здароўя і непасрэдна страты жыцця. Частка з іх уваходзіць ва ўразлівыя сацыяльныя групы з прычыны свайго ўзросту і стану здароўя. У выніку прамых загадаў вышэйшага начальства супрацоўнікі папраўчых устаноў ствараюць для іх жорсткія нечалавечыя ўмовы ўтрымання, змяшчаюць у ШІЗА і ПКТ. Умовы знаходжання там можна прыраўняць да катаванняў: зняволены суткамі знаходзіцца ў вельмі халоднай і сырой камеры без цёплай вопраткі і абутку, належнага асвятлення і харчавання, без спальных прыладаў, у складаным псіхалагічным стане з-за пастаянных пагроз, збіванняў і «навешвання» сілавікамі надуманых парушэнняў, без аказання неабходнай медыцынскай дапамогі. Усё гэта часта прыводзіць да смерці.

Толькі за апошнія гады менавіта па гэтых прычынах у калоніях памерлі як мінімум тры вядомых палітычных зняволеных – грамадскі актывіст Вітольд Ашурак, праваабаронца Мікалай Клімовіч і мастак Алесь Пушкін.

Кіраўніцтвам турмаў і калоній, праз супрацоўнікаў і іншых асуджаных, наўмысна ствараюцца цяжкія псіхалагічныя ўмовы знаходжання для палітычных зняволеных. Людзей з няўстойлівай псіхікай, якія доўгі час знаходзяцца ў прыгнечаным стане без належнай дапамогі псіхолагаў і псіхіятраў, такая сітуацыя ў месцах пазбаўлення волі прыводзіць да спробаў і здзяйснення суіцыдаў (Дзмітрый Дудойць).

Вядомыя таксама выпадкі смерцяў затрыманых пасля жорсткіх збіванняў у аддзяленні міліцыі, падчас затрымання або ў месцах утрымання адміністрацыйна-затрыманых (Аляксандр Віхор, Дзмітрый Сарокін).

Яшчэ адной прычынай смерцяў адміністрацыйна арыштаваных па палітычных матывах, якія адбывалі арышты ў ЦІП на Акрэсціна або іншых месцах утрымання, з'яўляецца COVID-19. Супрацоўнікамі ізалятараў наўмысна ствараюцца жорсткія ўмовы ўтрымання для палітычных зняволеных, чым пагаршалася сітуацыя з захворваннем. Перапоўненасць камер, якая перавышае нормы ў 4-10 разоў (у чатырохмясцовай камеры магло знаходзіцца 20-30 чалавек), нізкая тэмпература і адключэнне ацяплення, нявыдача медыкаментаў і сродкаў гігіены, недастатковая вентыляцыя або адключэнне вентыляцыі, неаказанне медыцынскай дапамогі прывялі да незваротных наступстваў для хворых. Пенсіянеры Алена Амеліна і Сяргей Шчацінка, у прыватнасці, памерлі адразу ж пасля вызвалення з ЦІП менавіта ад наступстваў каронавіруса.

Праваабаронцы называюць вінаватых у злачынствах супраць жыцця і адказнымі за выпадкі смерцяў, якія наступілі ў выніку палітычнага пераследу або пакарання. Сярод іх: 

1. Аляксандр Лукашэнка.

2. Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь: міністр Юрый Караеў (з 11.06.2019 г. па 29.10.2020 г.), міністр Іван Кубракоў (з 29.10.2020 г.). Сілавікі ўсіх узроўняў, якія ўдзельнічаюць у забойствах, катаваннях і пераследзе грамадзян па палітычных матывах.

3. Дэпартамент выканання пакаранняў МУС Рэспублікі Беларусь: начальнік Алег Маткін. начальнікі папраўчых устаноў, начальнікі медчастак.

4. Камітэт дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь: старшыня Іван Церцель (з 03.09.2020 г.).

5. Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь: міністр Віктар Хрэнін (з 20.01.2020 г.), вышэйшае кіраўніцтва МА, кіраўніцтва ваенных структур, якія ўдзельнічаюць у жорсткіх разгонах мірных дэманстрантаў.

6. Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь: старшыня Іван Наскевіч (з 10.11.2015 г. па 11.03.2021 г.), старшыня Дзмітрый Гара (з 11.03.2021 г.), следчыя ўсіх узроўняў, якія ўдзельнічаюць у пераследах грамадзян па палітычных матывах і не ажыццяўляюць належнае расследаванне па заявах грамадзян аб катаваннях і жорсткім абыходжанні, перавышэнні службовымі асобамі паўнамоцтваў, аб смерцях па віне дзяржавы. 

7. Пракуратура Рэспублікі Беларусь: Генеральны пракурор Аляксандр Канюк (з 22.04.2013 г. па 09.09.2020 г.), Генеральны пракурор Андрэй Швед (з 09.09.2020 года), пракуроры ўсіх узроўняў, якія ўдзельнічаюць у пераследах грамадзян па палітычных матывах.

8. Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь: старшыня Валянцін Сукала (з 1997 г.), старшыні ўсіх судоў агульнай юрысдыкцыі і суддзі, якія выносілі прысуды і пастановы па палітычна матываваных справах.