Ягор Лебядок — пра тое, чаму застаецца ў Беларусі: Трэба ж і мужнасць мець, а то займелі звычку з'язджаць
Вядомы ваенны і палітычны эксперт Ягор Лебядок у інтэрв'ю «Народнай Волі» патлумачыў, чаму не збіраецца ў эміграцыю.
— У апошні час вас пачалі часцяком ўспамінаць у некаторых праўладных тэлеграм-каналах: маўляў, што за ваенны эксперт такі-сякі? Не баіцеся такой пільнай увагі да сваёй персоны? Гляджу, вам нават каментатары ў Фэйсбуку пішуць: маўляў, неяк неспакойна за вас…
— А чаго баяцца? Мы ж у Беларусі жывём, калі баяцца, то
можна альбо шызануцца, альбо падацца ў эміграцыю.
Усё, што тут адбываецца, мяне не палохае і не напружвае. Я
выдатна разумею, што будзе яшчэ горш, але мяне гэта не страшыць, як усіх
астатніх.
— Многія сапраўды цяпер жывуць у стане непраходзячага
напружання і стрэсу.
— Гэта глупства, таму што напружанне будзе толькі нарастаць.
Трэба проста зразумець, дзе ты жывеш, што можа цябе чакаць, і расслабіцца.
— А чаму вы думаеце, што далей будзе толькі горш?
— А хіба вы бачыце якія-небудзь сімптомы паляпшэння? Я не
бачу. Усё як у Оруэла напісана: рэпрэсіі дзеля рэпрэсій, катаванні дзеля
катаванняў, улада дзеля ўлады. І гэта ўжо не метафара, а дакладнае апісанне
сутнасці такіх рэжымаў, як беларускі.
— Тысячы беларусаў за апошні час з'ехалі з краіны, баючыся
рэпрэсій. Вы для сябе разглядаеце магчымасць рэлакейту?
— Вядома, не! Я ўжо сказаў, што не паеду. Трэба ж і
мужнасць мець, а то займелі звычку з'язджаць…
Я разумею яшчэ тых, каму сапраўды пагражаюць, а тут глядзіш
па сацсетках — некаторыя ў нейкай незразумелай істэрыцы з'язджаюць: ай-яй, са
мной тут такое могуць зрабіць!.. Ну, пасадзяць і пасадзяць — не ты першы, не ты
апошні.
— У вас ёсць дзеці, жонка?
— Няма. Мне ў гэтым сэнсе, вядома, прасцей. Я разумею, што
сям'я — гэта дадатковы фактар рызыкі.
— Ягор, а колькі вам гадоў?
— 39.
— А чаму не жанаты?
— Ды
не зраслося неяк раней. А цяпер я больш рызыкоўны, чым зайздросны жаніх... (Смяецца.)