Хронікі рэпрэсій за 28 жніўня: Швецыя абяцае перагледзіць справы аб наданні прытулку беларусам
У Беларусі яшчэ 6 новых палітвязняў. Гэта Аляксандр Тарасевіч, Наталля Буракоўская, Алеўтына Гудкова, Дзмітрый Мірскі, Дзмітрый Блашчаніца, Дзмітрый Фамін.
- Міграцыйнае агенцтва Швецыі перагледзіць справы аб наданні прытулку беларусам і беларускам
Пра гэта піша @PEofBelarus са спасылкай на sverigesradio. І раней Міграцыйнае агенцтва Швецыі ўжо крытыкавалі за выкарыстанне састарэлай інфармацыі аб Беларусі, якая не адлюстроўвае сапраўднае становішча з правамі чалавека ў нашай краіне.
«Мы ўсведамляем гэтую інфармацыю і крытыку, якая была выказана ў наш адрас», — заявіла Ана Ліндблад, намесніца юрыдычнага кіраўніка Міграцыйнай рады.
Нагадаем, днямі з'явілася інфармацыя, што Швецыя адмовіла ў прытулку беларусу, які ўдзельнічаў у пратэстах. Яго разам з маці дэпартавалі ў Беларусь, дзе мужчына быў адразу затрыманы.
- Актывістку Алену Тоцкую ў верасні будуць судзіць за салідарнасць з палітвязнямі
62-гадовая палітзняволеная была затрымана 23 студзеня 2024 года падчас рэйду КДБ за прадуктовую дапамогу ад ініцыятывы INeedHelpBY. Яе абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса.
Алена Тоцкая раней працавала на дзяржаўнай службе, аднак у 2020 годзе стала актывісткай і валанцёркай. 8 красавіка «экстрэмісцкім фармаваннем» быў прызнаны чат «Волонтеры. Гомель». У дакуменце КДБ пазначана прозвішча Тоцкай, якая нібыта мае дачыненне да чату.
Суд над Аленай распачнецца 9 верасня ў Мінскім абласным судзе. Справу будзе разглядаць Вячаслаў Тулейка.
Праваабаронцы таксама нагадваюць: з масавага рэйду сілавікоў за салідарнасць палітвязням прайшло сем месяцаў. Адной з прычын ператрусаў, допытаў і затрыманняў 23 студзеня 2024 года стала дапамога сем'ям палітвязняў з прадуктовымі перадачамі праз Е-дастаўку ад ініцыятывы INeedHelpBY, а таксама дапамога палітвязням, якія ўтрымліваюцца ў няволі. Большасць з тых, хто патрапіў пад пераслед — жанчыны і сваякі палітвязняў. І цяпер больш за 20 чалавек застаецца пад вартай, 9 з іх патрапілі пад суд.
Сярод іх — 64-гадовая маці блогеркі Вольгі Такарчук. Ірыну Такарчук 14 жніўня ў Мінскім гарадскім судзе асудзілі паводле ч. 2 арт. 361-4 КК да трох гадоў калоніі.
Праваабарончы цэнтр «Вясна» накіраваў скаргу ў Працоўную групу па адвольных затрыманнях ААН у адносінах Ірыны Такарчук. Юрыдычная служба «Вясны» распавяла пра парушэнні па гэтай справе. У сваім звароце праваабаронцы тлумачаць, што зняволенне жанчыны было адвольным і незаконным.
- Dissidentby: Некаторыя палітвязні выйшлі на волю па памілаванні, пры гэтым адмовіўшыся пісаць прашэнне на імя Лукашэнкі
Як паведамляе @dissidentBY, іх выпусцілі без падпісанных прашэнняў.
Таксама ёсць выпадкі, калі людзей не выпускалі, нягледзячы на выкананыя ўмовы, а тых, хто адмаўляўся, саджалі ў ШІЗА на 15 сутак.
- Затрымалі беларуса, які 4 гады таму частаваў пратэстоўцаў дранікамі
«Палоннае відэа» з мужчынам апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы.
Сцвярджаецца, што мужчына наведваў акцыі пратэсту, а таксама нібыта дасылаў у чат-бот інфармацыю аб перасоўванні вайсковай тэхнікі.
- Затрыманне за негатыўныя каментары пра беларускія і расійскія ўлады
На «палонным відэа» мужчына кажа, што ў 2020 годзе «наведваў несанкцыянаваныя мітынгі», а ў сваіх сацсетках публікаваў відэа катаванняў расійскіх ваеннапалонных.