Хронікі рэпрэсій за 18 чэрвеня: Толькі 40 беларусаў з 1000 атрымалі міжнародную абарону ў Германіі

Яшчэ 5 чалавек асудзілі за ўдзел у пратэснай акцыі 2020 года ў Магілёве. Віктар і Эдуард Бабарыка ўжо чатыры гады за кратамі. Праваабаронцы працягваюць збіраць факты палітычнага пераследу беларусаў.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1.webp
  • У Магілёве асудзілі адразу 5 чалавек за ўдзел у пратэснай акцыі 2020 года

У судзе Ленінскага раёна Магілёва 13 чэрвеня асудзілі асудзілі адразу пяць чалавек паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Справу разглядала суддзя Наталля Панасенка.

Усіх фігурантаў справы абвінавацілі ва ўдзеле ў паслявыбарчых пратэсных акцыях і выхадзе на праезную частку. 

Так, Андрэю Цімоніну прызначылі 2 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму; Валерыю Іўчыну і Дзянісу Котаву — 2 гады і 6 месяцаў з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хіміі») кожнаму; Святлане Котавай і Міхаілу Пішчала — 2 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі») кожнаму.

Не больш за 40 чалавек з 1000 беларусаў атрымалі міжнародную абарону ў Германіі

Беларусы, якія зведвалі палітычны пераслед на радзіме, сустракаюць у Германіі “высокі бюракратычны бар’ер”, таму актывісты радзей пераязджаюць у гэтую краіну ў параўнанні з Украінай, Грузіяй, Польшчай і Літвой.

Сітуацыя з атрыманнем міжнароднай абароны ў Германіі няпростая: “Каб яе атрымаць, была пададзеная тысяча запытаў ад беларусаў, і ў выніку атрымана не больш за 40 станоўчых адказаў”.

Гэта доўгі працэс, які мае нізкі працэнт пазітыўных адказаў. Чалавек павінен знаходзіцца ў Германіі, абавязаны жыць у лагеры для бежанцаў, а таксама павінны быць дакументы, якія даказваюць рэальную небяспеку знаходжання чалавека ў Беларусі. 

Для нямецкіх устаноў няма агульнага рашэння па беларусах. Кожны асобны выпадак правяраецца, ці ёсць канкрэтныя факты пераследу па кожным чалавеку.

  • Палітзняволеныя Віктар і Эдуард Бабарыка роўна чатыры гады ўтрымліваюцца за кратамі

Экс-кіраўнік Белгазпрамбанка і былы кандыдат на пасаду прэзідэнта Беларусі Віктар Бабарыка быў затрыманы 18 чэрвеня 2020 года разам з сынам Эдуардам, калі накіроўваўся ў ЦВК для здачы сабраных подпісаў.

Віктара прызналі вінаватым паводле двух крымінальных артыкулаў і асудзілі да 14 гадоў калоніі. У ноч з 24 на 25 красавіка 2023 года Бабарыку ў стане сярэдняй цяжкасці даставілі ў аддзяленне хірургіі наваполацкага шпіталю: у яго была вадкасць у лёгкіх. 

Эдуарда ў ліпені 2023 года асудзіліда 8 гадоў зняволенні. Пры гэтым у тэрмін не залічылі час утрымання ў СІЗА КДБ па першапачатковаму абвінавачванню — паўтара года. Яго прызналі вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса. 

Вядома, што бацьку і сына перыядычна змяшчаюць у штрафныя ізалятары, а Эдуард цяпер знаходзіцца ў ПКТ.

  • Былога журналіста-фрылансера Андрэя Толчына перавялі ў магілёўскую калонію
andrej_tolczyn.jpg

Андрэй — даўні стваральнік гарадской газеты «Гомельскія ведамасці», журналіст-фрылансер, які супрацоўнічаў з некалькімі незалежнымі выданнямі. Толчына неаднаразова затрымлівалі і судзілі за журналісцкую дзейнасць з 2017 года. Пасля пратэстаў 2020 года журналіст вырашыў сысці з прафесіі. Гомельскі абласны суд 21 сакавіка асудзіў журналіста да 2,5 гадоў калоніі па двух крымінальных артыкулах.

Толчын даглядаў хворую сястру, якая памерла прыкладна за тыдзень-два да ягонага затрыманьня. 

Па інфармацыі "Штодня", палітвязня накіравалі адбываць тэрмін у магілёўскую калонію № 15.

  • Дырэктара студыі гуказапісу і гітарыста Алега Лядзенку асудзілі на 2,5 гады «хатняй хіміі» за ўдзел у пратэстах
aleh_ljadzenka.jpg

У судзе Маскоўскага раёна Мінска 28 траўня асудзілі Алега Лядзенку паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак або актыўны удзел у іх). Суддзя Таццяна Матыль прызначыла Алегу два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).

Мужчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе ў Мінску і выхадзе на праезную частку. Як паведамляецца ў судовай пастанове, Алег «выкарыстоўваў у якасці пратэснай сімволікі палотнішча бел-чырвона-белага колеру». Яго апазналі па фотаздымках з пратэснай акцыі.

Пры затрыманні ў Алега арыштавалі гітару і тэлефон, якія вярнулі пасля абвяшчэння прысуду.

  • Супрацоўніка бабруйскай ТЭЦ затрымалі за каментары ў Telegram

Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што мужчына пісаў негатыўныя каментары з абразамі і заклікамі да гвалту ў адрас прадстаўнікоў улады.

  • Жыхарку Віцебска затрымалі за TikTok-відэа

На «палонным відэа» жанчына «прызнаецца» ў тым, што размяшчала ў TikTok інфармацыю з «экстрэмісцкіх» каналаў.

  • Новае затрыманне за ў «Чорную кнігу Беларусі»

Супрацоўніцу дзяржаўнай установы затрымалі за тое, што яна нібыта дасылала ў «Чорную кнігу Беларусі» інфармацыю пра калег

Таксама яе абвінавацілі ў тым, што яна разам з сынам, які на той момант быў непаўнагадовым, была на паслявыбарчай акцыі пратэсту, прайшла рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога», а таксама «распаўсюджвала абразлівыя калажы з фота прадстаўнікоў улады».

  • У Баранавічах затрымалі школьнага настаўніка

53-гадовы Ігар Ільюкевіч, што працаваў у СШ №1. На «палонным відэа» ён «прызнаецца» ў тым, што пакідаў абразлівыя каментары пра міліцыянтаў і Лукашэнку.

  • Пінскі праваабаронца і актывіст Алесь Рамановіч быў эвакуяваны з Беларусі
ales_ramanovicz.jpg

Алесь уваходзіў у партую БНФ, на выбарных кампаніях быў у розных ролях: як назіральнік, сябра ўчастковай камісіі, кандыдат у дэпутаты розных узроўняў. Пасля 2020 года наведваў судовыя пасяджэнні па палітычных працэсах і падтрымліваў людзей аж да апошняга затрымання ў сакавіку.

«У сакавіку 2024 года раніцай, выламаўшы дзверы ў хаце, да мяне ўварваліся супрацоўнікі ГУБАЗіК з сілавікамі «Шторму». Яны выцягнулі мяне з ложка, катавалі, білі, выломвалі рукі за спінай – усё таму, што напярэдадні была заведзеная чарговая крымінальная справа супраць праваабарончага цэнтру «Вясна», і сілавікі шукалі сувязь паміж мной і «Вясной», каб прыцягнуць мяне па гэтай справе. Аднак дабіцца прызнання ці выявіць нейкія сувязі з арганізацыяй яны не змаглі, таму мне прызначылі дату суда і адпусцілі дадому»

Пры дапамозе BYSOL Алесь здолеў з'ехаць з Беларусі.