Глуханямы паедзе ў калонію за каментары ў тэлеграм-чаце

22 кастрычніка Гомельскі абласны суд у закрытым рэжыме разгледзеў скаргу 30-гадовага Дзмітрыя Заломскага, інваліда па слыху, на рашэнне суду Чыгуначнага раёну Гомеля. За каментары ў закрытым telegram-чаце Дзмітрыя пакаралі пазбаўленнем волі на 2 гады. Абласны суд пакінуў рашэнне раённага ў сіле, піша Свабода.

1cd65083_c9e1_4d98_9bbe_245c42a60ff9_cx0_cy40_cw0_w1023_r1_s.webp


Самога Дзмітрыя на абскарджанне ў абласны суд не прывозілі. Ахвотных трапіць на пасяджэнне не пусцілі. У скарзе Дзмітры прасіў спыніць пераслед па адным артыкуле і прызначыць пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі, паводле іншых артыкулаў, улічваючы ягоныя станоўчыя характарыстыкі, інваліднасць, стан здароўя.
Абласны суд да гэтых довадаў не прыслухаўся.
Дзмітрый практычна не чуе. Калі яго ўзялі пад варту пасля суда першай інстанцыі, то забралі слыхавы апарат.
Генеральная пракуратура ў верасні паведаміла, што 30-гадовага жыхара Гомеля судзілі за «абразу кіраўніка дзяржавы, прадстаўніка ўлады і пагрозу гвалтам у дачыненні да суддзі».
Дзмітрый працаваў наладчыкам на прадпрыемстве «Віпра». Гэта адзінае прадпрыемства ў Гомелі, якое дае працу людзям з парушэннем слыху. З лютага ў Дзмітрыя былі ператрусы, у яго забралі камп'ютар і тэлефон. Суд быў закрытым, таму нават сваякі не маглі прысутнічаць на працэсе.
«Дзіма чуе вельмі дрэнна нават з апаратам. Суду далі станоўчыя характарыстыкі і хадайніцтвы, каб далі максімум „хімію“ і ён адпрацоўваў яе на заводзе. Вядома, самая галоўная праблема, што ён будзе ў калоніі, бо слыхавы апарат у яго забралі», — казалі сваякі асуджанага.
Родныя не ведаюць, што канкрэтна Дзмітрый пісаў у чатах, бо мець зносіны з чалавекам, які слаба чуе, складана. Мяркуючы па ўсім, на хлопца выйшлі, калі праводзілі ператрусы ў работнікаў прадпрыемства «Віпра» — за тое, што ў людзей з праблемамі слыху таксама быў свой невялікі закрыты чат. Ператрусы і затрыманні адбываліся ў траўні 2021 году. Людзі былі вельмі напалоханыя, выдалілі ў тэлефонах Telegram і іншыя мэсэнджары.
У пракуратуры заявілі, што Дзмітрый «з дапамогай асабістага камп'ютара і іншых прылад на адным з telegram-каналаў размясціў фотавыяву кіраўніка дзяржавы, якая змяшчае яго негатыўную ацэнку». «У працяг супрацьпраўных дзеянняў у кастрычніку 2020 году апублікаваў у telegram-канале паведамленне з абразай прадстаўніка ўлады, а ў лютым 2021 году — паведамленне з заклікам да гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да намесніка старшыні суду аднаго з раёнаў Мінска».