Галоўрэд «Эха Москвы» Аляксей Венядзіктаў анансаваў інтэрв'ю са Святланай Ціханоўскай
Галоўны рэдактар расійскай радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў анансаваў інтэрв'ю са Святланай Ціханоўскай. Але ўдакладніў, што размова «магчыма» адбудзецца.
«У бліжэйшы час магчыма інтэрв'ю са Святланай Ціханоўскай. Падкіньце пытанняў», — напісаў ён на сваёй старонцы ў Facebook.
Ён таксама падкрэсліў, што інтэрв'ю будзе арыентавана перш
за ўсё на расійскую аўдыторыю.
Адразу пасля выбараў Святлана Ціханоўская і яе прадстаўнікі
неаднаразова заяўлялі пра гатоўнасць і жаданне выйсці на кантакт з
прадстаўнікамі расійскіх уладаў. Але Масква падтрымала Аляксандра Лукашэнку.
У апошні час у медыяполе дзвюх краін сталі гучаць даволі рэзкія выпады ў адрас уладаў або праўладных структур адзін аднаго, нагадвае «Еўрарадыё». У прыватнасці, на расійскім тэлеканале НТВ выйшла праграма, прысвечаная сітуацыі ў Беларусі. Адзін з гасцей ток-шоу юрыст і грамадскі дзеяч Віталь Серуканаў заявіў, што «Лукашэнка зараз спрабуе закідаць нейкімі драўлянымі лапцямі інфармацыйныя тэхналогіі, якія не паддаюцца такім метадам». А на канале RTVi выйшла інтэрв'ю Ціны Кандэлакі з галоўным рэдактарам выдавецкага дома «Комсомольская правда» Уладзімірам Сунгоркіным, дзе абмяркоўвалася сітуацыя з затрыманнем журналіста Генадзя Мажэйкі.
Гэтае інтэрв'ю так усхвалявала
супрацоўніка беларускага тэлеканала СТБ Рыгора Азаронка, што ва ўласцівай яму
непатрабавальнай манеры ён назваў удзельнікаў гутаркі «гэтыя паны» і «медыятвары». А яго калега Яўген Пуставой пайшоў яшчэ далей. Ён
разважаў пра стаўленне Аляксандра Лукашэнкі да пандэміі каронавіруса і сказаў,
што беларускі кіраўнік у адрозненне ад іншых не хаваецца ў бункеры і не
карыстаецца ботаксам. У расійскіх СМІ палічылі, што гаворка ідзе пра Уладзіміра
Пуціна.
Цяпер становіцца вядома, што медыярэсурс, які мае дачыненне
да расійскай транснацыянальнай кампаніі «Газпрам» рыхтуе інтэрв'ю са
Святланай Ціханоўскай.