Эксперты СНД абмяркуюць у Мінску пытанні супрацоўніцтва ў галіне фізкультуры і спорту

У Выканаўчым камітэце СНД у Мінску 5–6 лютага пройдзе пасяджэнне экспертнай групы па дапрацоўцы праекта плана мерапрыемстваў на 2013–2015 гады па рэалізацыі стратэгіі развіцця фізічнай культуры і спорту дзяржаў — удзельніц Садружнасці.



snh.jpg

Як паведаміла прэс-служба Выканкама СНД, стратэгія развіцця фізкультуры і спорту была зацверджана кіраўнікамі ўрадаў у маі мінулага года. У ёй гаворыцца, што фізкультура і спорт з'яўляюцца важнымі кампанентамі забеспячэння ўстойлівага і эфектыўнага сацыяльна-эканамічнага развіцця краін СНД і Садружнасці ў цэлым, інструментам развіцця чалавечага патэнцыялу, міжкультурнага ўзаемадзеяння, павышэння канкурэнтаздольнасці ва ўмовах глабалізацыі, сучаснай і запатрабаванай формай інтэграцыйнага партнёрства і служаць захаванню і паглыбленню дружалюбных адносінаў паміж дзяржавамі.
У дакуменце вызначаны асноўныя мэты, задачы і кірункі міждзяржаўнага супрацоўніцтва ў справе развіцця фізкультуры і спорту ў СНД.
Рэалізаваць стратэгію плануецца ў тры этапы, разлічаныя на 2013—2015, 2016—2018 і 2019—2020 гады.
У рамках першага этапу краіны Садружнасці маюць намер сканцэнтраваць свае намаганні на развіцці масавага і дзіцяча-юнацкага спорту, клубнай сістэмы арганізацыі фізкультурна-спартыўнай працы з насельніцтвам, спорту вышэйшых дасягненняў, спартыўных абменаў нацыянальных відаў спорту, забеспячэнні прафесійнай падрыхтоўкі спецыялістаў і павышэнні кваліфікацыі кадраў у галіне спорту, правядзенні фізкультурна-спартыўных і спартыўных мерапрыемстваў для сацыяльна неабароненых слаёў насельніцтва, уключаючы інвалідаў, сірот, дзяцей з мнагадзетных і непаспяховых сем'яў, састарэлых людзей і ветэранаў спорту.
Павышаная ўвага будзе таксама надавацца ўзмацненню сацыяльнай абароны спартсменаў, трэнераў і работнікаў фізкультуры і спорту, развіццю спартыўнага турызму, спартыўнай навукі і медыцыны, інавацыйнага супрацоўніцтва, супрацоўніцтва ў антыдопінгавай сферы, папулярызацыі спорту і здаровага ладу жыцця, арганізацыі спартыўных экспедыцый, правядзенню спартыўных і маладзёжных лагераў, садзеянню ў выкарыстанні для спартыўных мерапрыемстваў аб'ектаў турыстычнай галіны, стварэнню ўмоў для заняткаў спортам і актыўнага адпачынку на прыродзе.
Свае прапановы ў праект плана мерапрыемстваў прадставілі Азербайджан, Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія, Таджыкістан і Украіна. Гэтыя прапановы і будуць абмяркоўвацца на пасяджэнні экспертнай групы. Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН