Дырэктарка БелТА патлумачыла, навошта напісала заяву
У офісах TUT.by і БелаПАН ператрусы, затрыманыя рэдактары. Іх абвінавачваюць у тым, што яны заходзілі на сайт дзяржаўнага агенцтва БелТА па чужым паролі платнага доступу.
Дырэктар БелТА Ірына Акуловіч патлумачыла «Нашай Ніве», што стала прычынай здарэння:
— Гаворка ідзе пра элементарны крадзеж і несанкцыянаваны доступ. У БелТА ёсць падпіска на інфармацыйную стужку — людзі плацяць за яе грошы і першымі атрымліваюць інфармацыю, якой яшчэ няма на сайце. Названыя вамі асобы [Золатава, Калтыгіна, Бабаед, Каравянкова — Рэд.] грошай не плацілі, але пад чужымі паролямі падключаліся да гэтай стужкі і выкарыстоўвалі гэтую інфармацыю, вось і ўсё.
НН: Як пра гэта стала вядома?
— Да нас паступілі заявы ад нашых платных падпісантаў, якія мелі праблемы з аўтарызацыяй. Яны напісалі ліст пра гэтыя праблемы. Натуральна, што мы звярнуліся ў міліцыю каб зразумець, хто замінае ім заходзіць. Вось з гэтага ўсё і пачалося, а далей былі знойдзены тыя, хто грошай не плаціў, але да інфармацыйнай стужкі падключаўся.
НН: Які памер шкоды?
— Гэта пытанне Следчаму камітэту. Яны разбяруцца, за які перыяд ажыццяўляўся доступ. За яго і будзе выстаўлены рахунак».
НН: Ці вы лічыце справядлівым такое ўрэгуляванне? З затрыманнямі, ператрусамі… Ці можна было разабрацца ў судовым парадку, калі такое сапраўды было?
— Я ў гэтым выпадку не ацэньваю сітуацыю ніяк. Я ацэньваю, што ёсць крадзеж і ідзе следства.
Паводле nn.by