Дударская культура Беларусі можа быць унесена ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва
Беларуская культура, звязаная з дудой — нацыянальным музычным інструментам, роднасным валынцы, можа быць унесена ў рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва, які вядзе ЮНЕСКА. Перспектывы папаўнення сусветнай скарбніцы культуры гэтай беларускай традыцыяй абмеркавалі на круглым стале 18 лютага ў Мінску эксперты ў галіне дударскага мастацтва і спецыялісты Інстытута культуры Беларусі (ІКБ).
Мультынацыянальная намінацыя Bagpipe Culture была ўключана ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ў 2015 годзе па ініцыятыве Славакіі. Славакі прадставілі ЮНЕСКА звесткі аб
культуры гайды — сваёй нацыянальнай версіі валынкі, пасля чаго прапанавалі іншым краінам, у культурных традыцыях якіх ёсць роднасныя музычныя інструменты, далучыцца да гэтай намінацыі.
У працы круглага стала ў ліку іншых узялі ўдзел музыкант і даследчык Яўген Барышнікаў, загадчык кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і
мастацтваў, заснавальнік дударскага калектыву "Ветах" Вячаслаў Калацей, майстар па вырабе музычных інструментаў, музыкант і этнограф Алесь Лось.
Сустрэчу таксама наведала саветнік пасла Славакіі ў Беларусі Магда Паспішылава.М
Сёння нацыянальнымі ідэнтыфікатарамі з'яўляюцца "не столькі матэрыяльныя помнікі, колькі духоўная культура, якая складае партрэт нацыі", адзначыла на круглым стале
начальнік аддзела па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ІКБ, эксперт ад Беларусі ў міжурадавым камітэце па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА Ала Сташкевіч.
Да мультынацыянальных намінацый, адзначыла яна, важна далучацца, таму што такім чынам Беларусь "пазіцыянуе сябе ў еўрапейскім кантэксце" і паказвае, што яе культура —
"не terra incognita". На думку Сташкевіч, няправільна задавацца пытаннем, што канкрэтна Беларусь атрымае ад ЮНЕСКА, унёсшы элемент сваёй культуры ў сусветны спіс. "ЮНЕСКА
нічога не дае, акрамя магчымасцяў для самарэалізацыі, ідэнтыфікацыі. Аднак калі мы трапім у спіс, то гэта, вядома, можа прывесці да пэўных матэрыяльных магчымасцяў, напрыклад, адкрые доступ да
міжнародных дабрачынных фондаў", — патлумачыла яна.
Эксперты ў галіне дударскай культуры падтрымалі ідэю далучэння Беларусі да намінацыі Bagpipe Culture, але палічылі неабходным звярнуць увагу на некаторыя праблемы. У прыватнасці, традыцыя
пераемнасці ў Беларусі была доўгі час парушаная, таму сёння няма ўстоянай школы дудароў, не хапае аўтэнтычнага рэпертуару. Акрамя таго, у адраджэнні дударскіх традыцый сёння заняты энтузіясты, але не
дзяржава.
Сташкевіч на гэта адказала, што ўнясенне культуры дудароў у сусветны спіс здольна прымусіць улады звярнуць увагу на неабходнасць падтрымкі гэтага элемента беларускай культуры.
Паводле яе слоў, заяўка на далучэнне да намінацыі Bagpipe Culture павінна суправаджацца фота-, відэа- і аўдыяматэрыяламі, якія б наглядна паказвалі, што дударская культура на самой справе
з'яўляецца часткай беларускай нацыянальнай традыцыі. Дакументы неабходна выслаць ў ЮНЕСКА да 31 сакавіка гэтага года, рашэнне будзе вынесена ў канцы 2016 года або ў 2017 годзе.
Паводле БелаПАН