Дэталі расейскіх ваенных самалётаў плянуюць вырабляць у Беларусі?

У Менску ў прысутнасьці расейскіх чыноўнікаў 24 лютага быў адкрыты інжынірынгавы цэнтр у складзе кампаніі «Швабе». Пад час яго адкрыцьця чыноўнікі казалі, што займацца ён будзе праектаваньнем і вырабам узораў з кампазітных матар'ялаў для патрэбаў авіяцыйнай і касмічнай галінаў.

У час адкрыцця інжынірынгавага цэнтра ў складзе кампаніі «Швабе»

У час адкрыцця інжынірынгавага цэнтра ў складзе кампаніі «Швабе»

Было сказана таксама, што вынікі працы будуць выкарыстоўвацца як у расейскай, так і ў беларускай прамысловасьці. 

Фірма «Швабе», заснаваная ў Беларусі, уваходзіць у структуру Уральскага оптыка-механічнага завода (УОМЗ) зь Екатэрынбургу, і выконвае функцыі прадстаўніка УОМЗ у Беларусі. Яна існуе з 2004 года, а да 2014 года мела  іншую назву — «УОМЗ-Тэхніка».

Прыкметна тое, што на сваёй старонцы кампанія «Швабе» ўказвае, што гандлюе прадукцыяй «цывільнага» характару — геадэзічнымі прыборамі, медыцынскай тэхнікай, афтальмалягіным абсталяваньнем.

Што тычыцца самога Уральскага оптыка-механічнага завода, то ён уваходзіць у дзяржкарпарацыю «Ростех» і лічыцца асноўным распрацоўшчыкам і вытворцам оптыка-прыцэльных сістэмаў для расейскіх зьнішчальнікаў і ваенных верталётаў. А зь нядаўняга часу — таксама і для расейскіх беспілотнікаў, напрыклад, «Фарпост».

Расійскія беспілотнікі «Фарпост» выкарыстоўваюцца ў часова акупаваным Крыме. Фота з  dzen.ru

Расійскія беспілотнікі «Фарпост» выкарыстоўваюцца ў часова акупаваным Крыме. Фота з  dzen.ru

З чэрвеня 2022 года Уральскі оптыка-механічны завод знаходзіцца пад санкцыямі ЗША, а зь лютага 2023 года — пад санкцыямі Эўразьвязу за садзейнічаньне ўзброенай агрэсіі Расеі супроць Украіны.

У красавіку 2007 года паміж Уральскім оптыка-механічным заводам і Ваенна-паветранымі сіламі Беларусі была заключаная дамова аб супрацоўніцтве. Яна прадугледжвала ня толькі дыягностыку і рамонт абсталяваньня на беларускіх самалётах, але і пытаньні распрацоўкі ўзораў новых оптыка-электронных сістэмаў. То бок менавіта тое, чым плянуе займацца нядаўна адкрыты інжынірынгавы цэнтр.

Апроч уласнае старонкі фірмы «Швабе», пералік прадукцыі, якую яна пастаўляе, можна сустрэць таксама на старонках інтэрнет-крамаў. І на адной зь іх, BizOrg.su, ў гэты пералік уваходзіць прадукцыя УОМЗ, згадкі пра якую адсутнічаюць на старонцы «Швабе». Сьпіс яе вельмі выразны:

  •  оптыка-лакацыйныя станцыі для самалётаў МиГ-29 і МиГ-35;
  •  оптыка-лакацыйныя станцыі для самалётаў Су-30 і Су-35; 
  •  оптыка-электронныя прыцэльныя сістэмы для самалётаў Су-27 і Су-30МКК;
  •  лазерная станцыя падсьвечваньня і дальнаметраваньня Клен-ПС для самалётаў Миг-27, Су-22 і Су-25;
  •  аглядна-прыцэльная сістэма для баявых верталётаў.

Галоўная небясьпека зьяўленьня ў Беларусі такога інжынірынгавага цэнтру зводзіцца вось да чаго. Як гаворылася вышэй, стваральнікі цэнтру плянуюць выкарыстоўваць вынікі ягонае працы як для беларускай, так і для расейскай прамысловасьці. Гэта значыць, што распрацаваныя ў ім оптыка-электронныя сістэмы будуць усталёўвацца, у тым ліку, на расейскія самалёты і верталёты. Тыя самыя, якія штодзень атакуюць Украіну.

То-бок, дзейнасьць гэтага інжынірынгавага цэнтра, створанага фактычна паводле ініцыятывы расейцаў на тэрыторыі Беларусі, можа быць расцэненая як саўдзел ва ўзброенай агрэсіі. А гэта стварае небясьпеку напасрэдна для Беларусі.

Ужо не кажучы  пра тое, што гэты цэнтр і кампанія «Швабе» рызыкуюць у чарговы раз прыцягнуць увагу да Беларусі ў плане ўключэньня яшчэ аднаго прадпрыемства ў яшчэ адзін «санкцыйны спіс».