Давераным асобам Ціханоўскай пракурор запрасіў ад 6 гадоў калоніі
У судзе Чыгуначнага раёна Гомеля ідзе суд па справе «аб падрыхтоўцы да захопу будынкаў дзяржорганаў». Судзяць чацвярых давераных асоб Святланы Ціханоўскай. З самага пачатку працэсу ў залу пасяджэнняў не пускалі практычна нікога, акрамя сваякоў абвінавачаных і дзяржСМІ. Сёння, 27 красавіка, адбыліся спрэчкі: пракурор Дзяніс Мікушаў запрасіў для абвінавачаных па 6 і 6,5 гадоў калоніі.
Нагадаем, гомельскіх актывістаў Юрыя Уласава, Таццяну Канеўскую, Дзмітрыя Івашкова і Аляксандра Шабаліна затрымалі яшчэ да выбараў з 6 па 8 жніўня, ім прад'яўленыя абвінавачанні ў падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 13, ч. 2 арт. 293 КК) і падрыхтоўцы да захопу будынкаў і збудаванняў (ч. 1 арт. 13, ч. 1 арт. 292 КК). Уласава — яшчэ і ў публічнай абразе прадстаўніка ўлады.
Уласаву дзяржабвінавачанне просіць 6,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Канеўскай, Івашкову і Шабаліну — па 6 гадоў агульнага рэжыму. Пра гэта паведамілі праваабаронцы.
Прысуд будзе агучаны 3 траўня.
Нагадаем, у сакавіку СК распавядаў, што давераныя асобы Святланы Ціханоўскай нібыта рыхтаваліся да беспарадкаў і захопу арганізацый у Гомелі. Паводле інфармацыі СК, для ажыццяўлення плана апошнія, маўляў, шукалі жадаючых сярод былых вайскоўцаў, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. А потым, нібы з мэтай прапрацоўкі і падрабязнага планавання сваіх дзеянняў, абвінавачаныя арганізавалі сустрэчу, на якой прысутнічала ў тым ліку сама Ціханоўская. У якасці доказаў СК публікаваў відэазапіс на якім, паводле версіі ведамства, абвінавачаныя з удзелам Ціханоўскай «абмяркоўвалі план па арганізацыі масавых беспарадкаў у Гомелі, а таксама захопу будынкаў адміністрацый і выканкамаў, прызначэнні замест кіраўнікоў і старшынь сваіх асоб».
Відэа доўжыцца 3 хвіліны 16 секунд і складаецца з нарэзаных рэплік яго ўдзельнікаў. Нарэзку СК забяспечыла расшыфроўкай.
«Значыць, людзі гатовыя. Ну, Гомель вы ведаеце. Ён наогул такі пратэсны горад, гатовыя наогул на кардынальныя рэчы: падыходзіць да выканкама, выклікаць начальства, патрабаваць пераліку», — кажа адзін з людзей на відэа.
Наступная ў нарэзцы кароткая фраза гучыць так: «Наша задача будзе ўсё ж такі захоп выканкама».
Яе перапыняе іншая, гучыць ужо мужчынскі голас: «План такі: прыбраць усіх кіраўнікоў адміністрацый, паставіць намеснікаў пад кантроль і на кожны раён паставіць па адным з упаўнаважаных прадстаўнікоў».
Што гэта нібыта будуць за людзі, не абмяркоўваецца.
Далей жаночы голас звяртаецца, відаць, да Ціханоўскай: «Варыянт выбараў, мы ведаем, чым ён скончыцца, і мы ведаем сітуацыю, што ў любым выпадку, калі гэта будзе не дзявятага, не дзясятага, але пятнаццатага, кропка незвароту ўжо ёсць — і ты будзеш усё-ткі прэзідэнтам».
Святлана адказвае: «Вы разумееце, што я адна наогул ні з чым не спраўлюся? Я лягу пад коўдру, накрыюся і нікуды не выйду».
У адным з аўдыёўрыўкаў мужчынскі голас адзначае, што патрэбныя мегафоны, камплекты рацый і фінансаванне.
«Не ўсе гатовыя за проста так вось выйсці. Ну, нам патрэбны сілавы блок. Каб акцыю пратэсту першая амапаўская шарэнга не збіла. Не ўсе гатовыя за ідэю проста выйсці наперад і пацярпець».
За сталом разам з Ціханоўскай былі кіраўнік штаба Святланы Марыя Мароз, цяпер яна са Святланай жыве ў Вільні, а таксама гомельскія актывісты Юрый Уласаў, Таццяна Канеўская, Дзмітрый Івашкоў і Аляксандр Шабалін — усіх іх затрымалі яшчэ да выбараў з 6 па 8 жніўня, ім прад'яўленыя абвінавачанні ў падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 13, ч. 2 арт. 293 КК) і падрыхтоўцы да захопу будынкаў і збудаванняў (ч. 1 арт. 13, ч. 1 арт. 292 КК).
Аляксей Канеўскі, сын палітзняволенай Таццяны Канеўскай, які быў на судовых пасяджэннях, распавядаў, што ніхто з абвінавачаных не прызнаў сябе вінаватым.
Па справе праходзяць шасцёра пацярпелых. Іх дапытвалі ў закрытым рэжыме.
tut.by