Чыноўніца адказала на прапанову ўшанаваць 100-годдзе Слуцкага збройнага чыну

Ініцыятарка кампаніі #СЗЧ100 да сотага юбілею Слуцкага паўстання супраць бальшавіцкай акупацыі Беларусі Аліна Нагорная атрымала адказы на тры звароты пра ўшанаванне паўстанцаў ад намесніцы старшыні Слуцкага райвыканкама Наталлі Чарнушэвіч, піша Свабода.

czyn_003_logo_1.jpg

Вуліцы ў гонар герояў Слуцкага збройнага чыну не назавуць, бо «ў гісторыі Слуцка і Слуцкага раёна шмат важных і знамянальных падзей, каляндарных дат, знакавых асоб, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё краю і якія заслугоўваюць быць ушанаванымі, але ў цяперашні час не ўвекавечаны».
Помнік паўстанцам у Слуцку не паставяць, бо «падзеі 1920 года на Случчыне, на думку навукоўцаў, патрабуюць больш абгрунтаванага, аб’ектыўнага навуковага даследавання», а на думку навукоўцаў дзяржаўнага Інстытута гісторыі, «існуюць супрацьлеглыя трактоўкі слуцкага паўстання».
Дошку на будынку, дзе праходзіў з'езд Часовай Рады Случчыны, не павесяць, бо не толькі тэма паўстання патрабуе «больш абгрунтаванага, аб’ектыўнага навуковага даследавання», але і таму, што гэта «можа неадназначна ўспрымацца ў грамадстве», таму нават па заключэнне Міністэрства культуры з выканкама не будуць звяртацца.
Аліна Нагорная лічыць, што райвыканкам «як заўжды, адстае ад жыцця і не ведае, што яго адказы разыходзяцца з лініяй партыі». Яна згадвае, што нядаўна «Беларусьфільм» апублікаваў абноўленую стужку «На чорных лядах», прысвечаную Слуцкаму ўзброенаму супраціву. Акрамя таго, некаторыя іншыя выканкамы плануюць рознымі шляхамі адзначыць стагоддзе паўстання.
Нагорная не пагаджаецца з тым, што тэма паўстання слаба даследаваная — да зваротаў яна прыкладвала спіс літаратуры, апублікаванай нягледзячы на недасяжнасць для навукоўцаў большасьці архіўных матэрыялаў на тэму паўстання.
«Таксама смешна, што дошка пра з'езд Часовай Рады Случчыны будзе „неадназначна ўспрымацца ў грамадстве“, — дадае Нагорная. — Мне цікава, наколькі адназначна ўспрымаецца ў грамадстве, напрыклад, помнік да стагоддзя слуцкай міліцыі, якая, замест таго, каб займацца правапарушэннямі, затрымлівае арганізатараў канцэртаў і блогераў. Як успрымаецца алея „перадавікоў“ з імёнамі людзей, якія быццам бы развіваюць рэгіён, і „галава“-ўваход у дзіцячы садок, якая пужае не толькі дзяцей, але і дарослых».

„Галава“-ўваход у дзіцячы садок у Слуцку

„Галава“-ўваход у дзіцячы садок у Слуцку

Яна дадае, што літоўскія і эстонскія дэпутаты прасілі яе паказаць адказы з райвыканкама, бо не верылі, што такое магчыма, а бургамістар аднаго з польскіх гарадоў прапаноўваў нават паставіць помнік слуцкім героям у Польшчы.
Паводле svaboda.org