Час быць святлом
Калі вонкавы пратэст сціх, а рэпрэсіі не спыніліся, стала зразумела, што рана ці позна прыйдуць да кожнага, хто думае іначай, — гэта толькі пытанне часу.
Гэтае разуменне навучыла нас адной важнай рэчы: напоўніцу цаніць тое, што мы маем тут і цяпер. Як гэта ні парадаксальна, жыць, а не выжываць. Адчуваць, а не трываць.
Спачатку гэта было неяк няёмка: людзі пакутуюць у турмах, а ты ідзеш на канцэрт ці бавіш час у прыемным месцы. Выкласці ў сацсетках фота з усмешкай — сорамна, бо ім там — не да ўсмешак. І вось ужо адчуваеш згрызоты сумлення за тое, што кожная хвіліна твайго расслабленага жыцця — чарговая хвіліна іх пакутаў.
Але насамрэч умець знаходзіць радасць сярод таго жаху, які штодня адбываецца навокал, калі ад ліпучага страху няма моцы нават проста прачнуцца, устаць, пайсці на працу, — гэта вялікае мастацтва і цяжкая праца. А ўмець быць шчаслівым у такіх варунках — найвышэйшы пілатаж. Больш за тое, гэта адказная місія — ззяць і быць светачам для іншых у час, калі святло згасла. І гэта могуць дазволіць сабе па-сапраўднаму моцныя людзі.
Аказалася, што Беларусь поўніцца светачамі. Як бы ні імкнуліся іх згасіць у турэмных засценках, іх святло «нахабна і мэтанакіравана» прабіваецца і асвятляе не толькі змрок іх камер, але і нашага жыцця на волі. Хочаце прыкладаў — пачытайце гісторыі нашых палітвязняў, а лепш — напішыце ім лісты, і ў адказ вы атрымаеце такую хвалю падтрымкі, якой, упэўненая, не адчувалі даўно.
8 ліпеня ў чарговы раз была здзейснена спроба загасіць сонца праўды. Гэтым разам замахнуліся на найстарэйшую беларускую газету «Наша Ніва». Пасля блакіроўкі сайта і затрымання супрацоўнікаў — галоўнага рэдактара Ягора Марціновіча, выдаўца часопісаў «Наша гісторыя», «Дуду» і «Асцярожна: дзеці!» Андрэя Дынько, кіраўніка аддзелу рэкламы і маркетынгу і аўтара «Нашай гісторыі» Андрэя Скурко і галоўнай бухгалтаркі Вольгі Раковіч многіх апанавала роспач, хаця, здаецца, з яе мы не выходзім увесь апошні год.
Мы перажываем за нашых калег, якіх праваабаронцы прызналі палітвязнямі, безумоўна асуджаем і лічым несправядлівым іх затрыманне. Але ў той жа час — бязмерна натхняемся імі, іх справамі і іх разуменнем жыцця.
Ягор Марціновіч амаль кожныя выходныя выпраўляўся ў вандроўкі па Беларусі. На момант затрымання ён не паспеў наведаць усяго пяць раёнаў нашай краіны — а іх, на хвіліначку, 118! Цягам года жывучы ў стане пастаяннага прэсінгу (Ягору забаранілі выезд за мяжу), чалавек знаходзіў у сабе сілы не занырацца ў роспач, а штотыдзень выпраўляцца па натхненне. Ягор цудоўна разумеў, што яго могуць пасадзіць. І ставіўся да гэтага па-філасофску: калі для лепшай будучыні краіны трэба апынуцца за кратамі,— значыць, трэба гэта прыняць, але не спыняцца і далей сумленна працаваць.
Андрэй Дынько перакананы, што сутнасць жыцця ў тым, каб множыць любоў. Ён падтрымліваў сем’і палітвязняў, падтрымліваў нас, калег, і пры гэтым не пераставаў плённа працаваць. Паплечнікі ўзгадваюць, што з яго фенаменальнымі здольнасцямі ён мог бы дасягнуць поспехаў у любой сферы, у любым бізнесе, але ён вырашыў, што яго задача — служыць беларускай ідэі і беларускаму слову. Пасля атакі на TUT.BY Андрэй сказаў: Пачобуту прапанавалі выехаць, а ён адмовіўся і застаўся сядзець у турме. Марыя Калеснікава парвала пашпарт. А я паеду? Так мала людзей прыйшло на пахаванне Вітольда Ашурка, хто ж застанецца, калі і ён з’едзе?
Глыбокі і інтэлігентны Андрэй Скурко аказаўся здольны пасмяяцца з любой, нават сур’ёзнай сітуацыі, якая ў кагосьці магла б выклікаць дэпрэсію. Па словах жонкі, падчас ператрусу ён залагоджваў тое, што адбывалася, сваім гумарам. У сям’і Андрэя ніколі не абмяркоўвалі эміграцыю, таму што яны вельмі любяць родную краіну. Продкаў Андрэя раскулачвалі, высылалі ў Казахстан, там загінула яго прапрабабуля. Але ён не можа пакінуць зямлю сваіх дзядоў.
Заўжды жвавая і вясёлая Вольга Раковіч у апошнія напружаныя часы не адмовілася ад супрацы з «Нашай Нівай», хоць мае магчымасць працаваць з іншымі кампаніямі. Вольга шмат гадоў працуе бухгалтарам у «Нашай Ніве» — і прайшла дзясяткі праверак у розных прадпрыемствах, якія абслугоўвае. Яна заўсёды працавала ў межах закона, які добра ведае.
Усіх гэтых людзей аб’ядноўвае ідэя жыць і працаваць у Беларусі і дзеля яе. І іх пазіцыя выклікае найглыбейшую павагу. Скептыкі могуць сказаць, маўляў, каб яны з’ехалі, то былі б вольныя і прынеслі б больш карысці. Але хіба вы не бачыце, што нават у няволі яны працягваюць свяціць? Што справа іх жыве менавіта дзякуючы іх высілкам і прыкладу? І што іх ахвяраванне ўласнай свабодай набліжае свабоду агульную?
Таму ўсё, што мы цяпер павінны рабіць, — гэта як толькі можам падтрымліваць іх і іх сем’і, і, галоўнае, працягваць іх справу — не пераставаць казаць праўду, быць светачамі.
Бо калі мы «згаснем», хто вызваліць нашых вязняў і Беларусь?