Праваабаронцам года названы Інцігам Аліеў
«Абараняць правы людзей» — для кагосьці гэта пустыя словы, якія на хлеб не намажаш. Аднак для больш чым 150 праваабаронцаў з 35 краін свету, якія сабраліся 4–7 красавіка ў Стакгольме, — гэта справа іх жыцця.
Штогод, пачынаючы з 2013-га, у сталіцы Швецыі арганізацыя «Civil Rights Defenders» напачатку красавіка праводзіць канферэнцыю "Дні Праваабаронцаў — умацаванне патэнцыялу праваабаронцаў, якія падвяргаюцца рызыцы". Адзін з яе вынікаў — уручэнне прэміі "Абаронца грамадзянскіх правоў года". Узнагарода прысуджаецца праваабаронцу, які, нягледзячы на рызыку, працягвае самааддана змагацца за тое, каб грамадзянскія або палітычныя правы людзей выконваліся і абараняліся.
У гэтым годзе ўзнагароду праваабаронцаў атрымаў азербайджанскі адвакат і праваабаронца Інцігам Аліеў, нядаўна вызвалены з турмы. Сам Інцігам не змог прыехаць у Стакгольм. Улады Азербайджана зрабілі яго невыяздным. Узнагароду замест бацькі атрымаў сын Інцігама Аліева Неджмін Каміль.
Дарэчы, першым лаўрэатам прэміі ў 2013 годзе стала праваабаронца з Сербіі Наташа Кандзіч, у 2014-м — кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі. Лаўрэатам 2015 года стала Нюен Нок Н'ю Кін, в'етнамская блогерка і праваабаронца.
«Дні Праваабаронцаў» — гэта ўнікальны форум, які дазваляе аб'яднаць намаганні ў нялёгкай барацьбе за свабоду і справядлівасць па ўсім свеце. Абмен ведамі, вопытам, поглядамі і ідэямі, набыццё новых кантактаў і маральная падтрымка з'яўляюцца неад'емнай часткай гэтай працы, і мы спадзяемся, што кожны ўдзельнік канферэнцыі ў поўнай меры адчуе карысць нашых сумесных намаганняў», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.За гэтымі высокімі словамі на самай справе стаіць шматдзённая праца сотняў апантаных людзей, тых, для каго абарона правоў чалавека стала прафесіяй, часам небяспечнай для жыцця і здароўя.
Радрыга Дыяманці, дырэктар арганізацыі «Un mundo sin Mordaza»
Як, напрыклад, для венесуэльскага праваабаронцы Радрыга Дыяманці, які за сваю дзейнасць ужо быў у зняволенні. Тым не менш ён працягвае змагацца за тых, хто яшчэ знаходзіцца за кратамі. У Венесуэле на сённяшні дзень 82 палітзняволеныя. Большая частка з іх утрымліваецца ў месцы пад назвай «Магіла» — турме, што знаходзіцца пад зямлёй. Зняволеныя там пазбаўленыя магчымасці бачыць сонечнае святло і дыхаць свежым паветрам. Адзін з сяброў Радрыга ўжо двойчы спрабаваў скончыць жыццё самагубствам з-за невыносных умоваў утрымання ў турме.
Лаоская праваабаронца Шуй-Менг Ын займаецца ўвогуле небяспечнай справай: спрабуе знайсці зніклых у краіне людзей. Штуршком для такой дзейнасці стала знікненне яе мужа Самбата.
У 2012 годзе яго машыну спыніў паліцэйскі каля ўчастка. Мужчыне прапанавалі выйсці з машыны для праверкі, пасля чаго запіхнулі ў іншы аўтамабіль і звезлі ў невядомым накірунку. Шуй-Менг Ын шукае не толькі мужа, але і дзясяткі іншых людзей, што зніклі за апошнія гады ў Лаосе. Гэта маленькая жанчына сталага ўзросту спрабуе дапамагчы сем’ям, якія, як і яна, шукаюць родных, не страціць надзею.
Такіх гісторый на «Днях праваабаронцаў» можна пачуць безліч. За кожнай з іх — лёс канкрэтнага чалавека і праца тых, для каго абарона правоў — не пусты гук.