Большасць беларускіх студэнтаў атрымліваюць платную адукацыю
За кошт бюджэту ў бягучым навучальным годзе навучаюцца 47,6% студэнтаў, а 52,4% навучаюцца платна. Нягледзячы на недахоп кадраў.
Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, за кошт бюджэту ў бягучым навучальным годзе навучаюцца 47,6% студэнтаў, а 52,4% атрымліваюць адукацыю платна, піша «Наша Ніва». Праўда, бюджэтнікі яшчэ складаюць большасць на стацыянарным навучанні ў дзяржаўных ВНУ — 61,1%.
Усяго ў ВНУ станам на пачатак навучальнага года вышэйшую адукацыю атрымлівалі 232,9 тыс. чалавек. На 10 тыс. чалавек насельніцтва прыпадаюць 253 студэнты і магістранты. Усяго ў 2023 годзе ў 49 ВНУ былі набраны на навучанне 62,1 тыс. чалавек. Дыпломы аб вышэйшай адукацыі ў 2023-ім атрымалі 50,3 тысячы чалавек, яшчэ сем тысяч сталі магістрамі.
Пры гэтым годам раней у ВНУ Беларусі вучыліся 238,5 тыс. чалавек, а дыпломы аб вышэйшай адукацыі атрымалі 57,1 тыс. выпускнікоў. Сёлетнія паказчыкі зменшыліся на 5,6 і 6,8 тыс. чалавек адпаведна.
Відавочна, вялізны мінус «бясплатнай» адукацыі ў Беларусі — неабходнасць адпрацоўкі. Пры гэтым улады Беларусі павялічваюць перыяд абавязковай адпрацоўкі для студэнтаў, якія навучаюцца за кошт бюджэту. Акрамя гэтага, на нарадзе па пытаннях адукацыі Аляксандр Лукашэнка абурыўся, што студэнтаў, якія вучацца платна, не прыцягваюць да абавязковай адпрацоўкі пасля заканчэння навучальнай установы. Гэта, верагодна, у хуткім часе таксама будзе зменена.
Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, дзе дагэтуль выкарыстоўваецца абавязковае размеркаванне для студэнтаў-бюджэтнікаў пасля заканчэння ВНУ: маладыя спецыялісты абавязаны адпрацаваць на прызначаным ім прадпрыемстве два гады, а студэнты-мэтавікі, гэта значыць тыя, каго вучыцца накіроўвае канкрэтнае прадпрыемства, — не менш за пяць гадоў, нагадвае «Настоящее время».
На нарадзе з урадам Лукашэнка абураўся такімі тэрмінамі: ён лічыць іх занадта малымі і прапануе павялічыць перыяд абавязковай адпрацоўкі. Не спадабалася Лукашэнку і тое, што студэнты, якія вучыліся платна, атрымаўшы дыпломы, часта з'язджаюць працаваць за мяжу і «адпрацоўкі» пазбягаюць. Бо яны не трапляюць пад размеркаванне і могуць самастойна выбіраць месца працы.
«Мяне інфармуюць, што самыя-самыя прасунутыя класныя спецыялісты з краіны з'язджаюць. Больш за тое, нейкая ў нас сістэма: скончыў ВНУ, не адпрацаваў, сышоў! Мы ж навучаем, рыхтуем спецыялістаў у ВНУ і вучэльнях — для сябе», — заявіў з гэтай нагоды Лукашэнка.
Пра праблему недахопу кадраў у Беларусі ўжо адкрыта гавораць нават на дзяржаўным тэлебачанні: «На рынку працы адзначаецца дысбаланс: колькасць вакансій ад наймальнікаў расце, а колькасць насельніцтва, занятага ў эканоміцы рэгіёна, зніжаецца. Дэфіцыт кадраў адчуваецца ва ўсіх яе галінах».
Прапаноўваючы павялічыць тэрміны працы па размеркаванні, беларускія ўлады не імкнуцца вырашыць эканамічныя праблемы, лічыць незалежная экспертка ў сферы адукацыі Святлана Мацкевіч. Яны, паводле слоў эксперткі, хочуць устанавіць яшчэ большы палітычны кантроль над людзьмі.
«Яны паказваюць: мы галоўныя і мы вызначаем, як і што павінна адбывацца. Мы фактычна пазбаўляем вас права на свабоднае працаўладкаванне. Мы самі размяркоўваем, хто, дзе павінен быць, — тлумачыць экспертка. — Мы ўсё кантралюем, мы падпарадкоўваем, і вы будзеце падпарадкоўвацца нашым правілам. І гэта досыць выразны мэсэдж».