Біскуп Касабуцкі: «Чырвоны касцёл быў пабудаваны, каб там гучала Божае Слова»

У чацвер, 13 кастрычніка, у 175-ю гадавіну з дня нараджэння Эдварда Вайніловіча, фундатара касцёла святога Сымона і святой Алены ў Мінску, у кафедральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі адбылася святая імша, дзе маліліся ў тым ліку і за аднаўленне рэлігійнага жыцця ў Чырвоным касцёле.

2022_10_13_katedra_008.jpg

Увечары 13-га кастрычніка біскуп Касабуцкі адправіў святую імшу аб хутчэйшай беатыфікацыі фундатара касцёла — Эдварда Вайніловіча і аб аднаўленні рэлігійнага жыцця ў храме святых Сымона і Алены. На літургіі сабраліся таксама вернікі гэтай парафіі і ксёндз Уладзіслаў Завальнюк.

Біскуп падчас імшы сказаў, што Эдвард Вайніловічі пакінуў вялікі след у гісторыі нашай краіны. «Не толькі ў гісторыі Каталіцкага Касцёла: гэта чалавек, які сапраўды пакінуў вялікі след для людзей розных канфесій, рэлігій, поглядаў. Цяпер адбываецца беатыфікацыйны працэс — працэс прызнання яго дабраслаўлёным, і мы молімся праз яго заступніцтва аб патрэбных ласках, аб патрэбных цудах.


Асабліва сёння мы молімся аб ласцы хутчэйшага вяртання да нармальнага функцыянавання Чырвонага касцёла, які быў пабудаваны цалкам на сродкі Эдварда Вайніловіча: ён быў фундатарам гэтай святыні.

Не толькі фундатарам, але і арганізатарам будовы. Мы асаблівым чынам молімся аб гэтай ласцы хутчэйшага вяртання ў святыню, каб дзверы гэтай святыні былі шырока адчынены і чакалі вернікаў».

Біскуп Касабуцкі адзначыў: «Чырвоны касцёл быў пабудаваны продкамі, каб там гучала Божае Слова, а не каб ён стаяў з зачыненымі дзвярыма на галоўным пляцы нашага горада».

2022_10_13_katedra_002.jpg


«Імша з нагоды 175-годдзя нараджэння Вайніловіча павінна прыносіць нейкі духоўны ўздым, але ў многіх з вас на вачах слёзы. У нас баліць сэрца ад таго, што пакуль не можам маліцца ў тым храме ў якім павінна была б па логіцы адбыцца гэта святая імша. Але Бог ведае, што робіць», — сказаў біскуп.

Таксама Касабуцкі падкрэсліў салідарнасць святароў і біскупаў з парафіянамі закрытага касцёла: «Ксёндз Уладзіслаў, на здымках, якія былі апублікаваны ўчора, падаецца, што вы адзін. Але вы не адзін. Можа быць, мы не заўсёды фізічна з вамі, але духоўна мы з вамі. Мы молімся за вас, мы падтрымліваем вас. Вы ведаеце таксама, якія захады робяцца ў гэтым кірунку».


Паводле Хрысціянскай візіі, catholic.by