Католікі развітаюцца з Чырвоным касцёлам
Ксёндз-пробашч Уладзіслаў Завальнюк запрасіў мінчан на развітальную з Чырвоным касцёлам службу. Набажэнства адбудзецца сёння ў 19:00 у парафіяльным доме храма Святых Сымона і Алены, перадае «Хрысціянская візія».
12 кастрычніка мінае тэрмін ультыматуму, выстаўленага рымска-каталіцкай суполцы, па канчатковым высяленні з храма і парафіяльнага дома.
Сёння парафію наведалі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Казімір Велікаселец. «Мітрапаліт на пенсіі плакаў ад безвыходнасці сітуацыі», — распавялі сведкі гэтай падзеі.
Касцёл Святых Сымона і Алены ў Мінску больш вядомы як Чырвоны касцёл. Храм знаходзіцца на плошчы Незалежнасці побач з Домам урада і з'яўляецца адным з сімвалаў сталіцы Беларусі. Будынак касцёла быў узведзены ў 1910 годзе на сродкі мецэната Эдварда Вайніловіча.
У 1923 годзе амаль усе храмавыя каштоўнасці былі экспрапрыяваныя, а канчаткова касцёл быў зачынены ў 1932 годзе. Спачатку ў ім размяшчаўся Дзяржаўны польскі тэатр БССР, затым ён быў пераабсталяваны пад кінастудыю. У 1942 годзе падчас акупацыі горада нямецкімі войскамі храм быў зноў адкрыты, але адразу пасля вайны быў зачынены ўжо надоўга. У будынку размяшчаліся службы кінастудыі, затым — Дом кіно Саюза кінематаграфістаў БССР і Музей гісторыі беларускага кіно.
У 1990 годзе касцёл Святых Сымона і Алены быў вернуты Каталіцкай Царкве ў бязвыплатнае карыстанне, але без перадачы ва ўласнасць.
У 2013 годзе храм быў замацаваны на праве гаспадарчага вядзення за КУП «Мінская спадчына». Менавіта гэта арганізацыя паведаміла днямі вернікам, што скасоўвае дагавор карыстання.
Падставай стала тое, што ў ноч з 25 на 26 верасня 2022 года ў касцёле адбылося ўзгаранне ў памяшканні сакрыстыі (канцылярыі), якое размяшчаецца ў прыбудове касцёла. Пашкоджана было не больш за 20 кв. м. плошчы. Нягледзячы на невялікую плошчу пашкоджання, увесь касцёл апламбавалі і спынілі там набажэнствы.
Ксёндз-пробашч Уладзіслаў Завальнюк ад імя рэлігійнай суполкі «Рымска-каталіцкі прыход Святога Сымона і Святой Алены» звярнуўся да Лукашэнкі з просьбай вырашыць канфліктную сітуацыю вакол касцёла.