«Берлінскі мур быў не толькі пабудаваны, але і разбураны». Вардамацкі — пра тое, як могуць змяняцца погляды беларусаў

У беларускім грамадстве растуць прарасійскія настроі. Гэта трывожная тэндэнцыя, але яна не незваротная. Змены поглядаў беларусаў залежаць ад унутры- і знешнепалітычнай сітуацыі.

Рэшткі Берлінскага муру. Фота «НЧ»

Рэшткі Берлінскага муру. Фота «НЧ»

Кіраўнік «Беларускай аналітычнай майстэрні», прафесар Андрэй Вардамацкі тлумачыць у размове з «Филинам» прычыну росту прарасійскіх і зніжэння празаходніх настрояў у Беларусі.

— Апошнім часам, гаворачы пра пракрамлёўскую прапаганду, вы часта выкарыстоўваеце тэрмін «ментальны напільнік». Што гэта такое?

— Гэта мастацкі вобраз, закліканы адлюстраваць інструмент і працэс паступовага стачвання ў беларускай масавай свядомасці ідэй дэмакратыі, нацыянальнай самасвядомасці і адраджэння, пэўнага стаўлення да вайны ва Украіне. І вытачвання іншай канфігурацыі грамадскай думкі, уключаючы геапалітычныя арыентацыі.

— Наколькі эфектыўны гэты «напільнік»?

— Калі паглядзець на масавую свядомасць як на акружнасць, то ў дачыненні да нашай тэматыкі можна выдзяліць дзве зоны: арэал супраціўляльнасці і дынамічная частка.

У першай частцы змены не адбываюцца. Такую выснову можна зрабіць на падставе агульнанацыянальных рэпрэзентатыўных апытанняў грамадзян Беларусі.

Вось прыклад з зоны супраціўляльнасці. На працягу многіх гадоў задаецца пытанне: «Якім з наступных варыянтаў расійска-беларускага ўзаемадзеяння, супрацоўніцтва вы аддаяце перавагу больш за ўсё?».

Рэспандэнтам даваліся розныя опцыі. Напрыклад, Беларусь і Расія павінны быць незалежнымі дзяржавамі з адкрытымі межамі, без віз і мытні. Альбо яны павінны аб'яднацца ў адну дзяржаву. Альбо як з іншымі дзяржавамі, але з візамі, мытняй, межамі і гэтак далей.

Дамінуючую пазіцыю стабільна займаюць адносіны дзвюх незалежных дзяржаў, але без межаў, віз і мытні.

У дачыненні да нашай тэматыкі цікавасць уяўляе наступнае. Варыянт «Беларусь павінна стаць часткай Расіі, як суб'ект федэрацыі» выбралі 2,6%. Гэта даныя лістапада 2023 года. А ў апытанні 2009 года за гэта выказаліся 4%.

Гэта значыць, за 14 гадоў не адбылося аніякіх змен: лічбы 4% і 2,6% у статыстычным сэнсе тоесныя, паколькі для дадзенага аб'ёму выбаркі даверны інтэрвал або дапушчальная хібнасць выніку роўная 3,2%.

Галоўная выснова: уяўленне, што наша краіна не павінна ўваходзіць у склад Расійскай Федэрацыі — гэта канстанта беларускай грамадскай думкі. Паміж 2009-м і 2023-м гадамі мы дзясяткі разоў задавалі такое пытанне і заўсёды атрымлівалі адзін і той жа вынік. Гэта і ёсць зона ментальнай супраціўляльнасці.

Цяпер пяройдзем да зоны змяняльнасці. Прыкладам таксама з'яўляюцца геапалітычныя арыентацыі, але ў іншай фармулёўцы: «У якім саюзе, на вашу думку, было б лепш народу Беларусі жыць: у ЕС або ў саюзе з Расіяй?».

І тут мы бачым дынаміку. З лютага 2022 года можна гаварыць пра чатыры этапы.

Калі пачалася вайна, пераважная колькасць экспертаў, уключаючы мяне, лічылі, што будзе істотнае і хуткае паніжэнне арыентацыі беларусаў на Расію. Але ў жыцці здарылася інакш.

Пачалося вельмі інтэнсіўнае сістэматычнае ўздзеянне з боку расійскіх сродкаў масавай інфармацыі, наратывы якіх падтрымліваліся іншымі медыйнымі патокамі, перш за ўсё, беларускімі дзяржаўнымі медыя. Вайна падавалася ў такім святле, што яна ажыццяўляецца толькі высокадакладнай зброяй па вузка абмежаваных канкрэтных цэлях — супраць «дрэнных хлопчыкаў» на Банкавай вуліцы Кіева, а не супраць украінскага народа. На выхадзе гэта прывяло да ўзмацнення арыентацыі на Расію.

Другі этап — гэта перыяд рэзістэнтнасці. Пачала вельмі магутна і інтэнсіўна выяўляцца такая ўласцівасць беларускага менталітэту, як гістарычная памяць. Драматычная гістарычная памяць, якую сфармавалі войны, што ў вялікай колькасці праходзілі праз тэрыторыю Беларусі.

Гаворка ж не толькі пра Другую сусветную. Гэта была сістэмная з'ява, з якой сутыкалася ледзь не кожнае пакаленне беларусаў. Або праз пакаленне, калі ісці ўглыб гісторыі: Першая сусветная, войны Пятра I, Невядомая вайна, у якой загінула да паловы насельніцтва беларускіх зямель.

І ўвесь гэты жах, які рэгулярна адбываўся на тэрыторыі Беларусі, спарадзіў такую гісторыка-генетычную памяць, якая носіць характар імгненнай рэакцыі на вайну: калі яна дзесьці паблізу, то, можа быць, не разбіраючыся ў прычынах, трэба хутка адысці ўбок. Ніякім чынам не ўкараняцца, не ўмешвацца і не пагружацца.

Гэтыя дзве сілы, медыйнае ўздзеянне і гістарычная памяць, супрацьстаялі адна адной такім чынам, што выступалі як роўныя, і ні адна не магла ўзяць верх. Таму быў адрэзак, калі не назіралася ні павелічэння, ні змяншэння арыентацыі на Расію. Візуальна гэта выглядае як плато.

Але потым наступіў спецыфічны паварот у знешнепалітычных паводзінах некаторых заходніх краін, калі беларусы пачалі прыраўноўвацца да расійцаў. Складанасці з атрыманнем шэнгенскіх віз, абмежаванне ўезду легкавых аўтамабіляў з беларускімі нумарамі, змяншэнне магчымасцей адукацыі і вядзення бізнесу для беларусаў на Захадзе…

У гэтай сітуацыі ўжо ніякай гістарычнай памяці не хопіць, каб супрацьстаяць такім двум патокам. Як следства, прарасійскія настроі ў Беларусі пачалі павышацца.

І чацвёрты этап: медыйнае ўздзеянне і факты дыскрымінацыі беларусаў як бы ўвайшлі ў рэзананс. Што спрыяла яшчэ большаму росту арыентацыі на Расію.

Такая сітуацыя на сённяшні дзень.

Трэба сказаць, што нейкія аналагічныя дынамікі адбываліся ў шэрагу краін рэгіёна. Але незваротных працэсаў у масавай свядомасці не бывае. У гэтым сэнсе Беларусь не ёсць выключным кейсам. Плацінамі перагароджваюць і самыя магутныя рэкі свету. Берлінскі мур быў не толькі пабудаваны, але і разбураны. І тут ужо будзе патрэбны не напільнік, а малаток.  

Але ці захочуць гэтага адпаведныя эліты, якія прымаюць палітычныя рашэнні