Беларускія школьнікі зноў апынуліся на зборах неанацыстаў у Падмаскоўі

У маі «Наша Ніва» паведамляла пра адпраўкі беларускіх дзяцей з Віцебскай вобласці на трэніроўкі да расійскіх неанацыстаў, які маюць досвед вайны на Данбасе.

tj2r8pb7u84_1024x680_ho9zs.jpg


Тады нават кіраўніку МУС Ігару Шуневічу давялося казаць пра распачатую праверку агучаных фактаў, а Сінод Беларускага Экзархату РПЦ даслаў у Рэдакцыю ліст з рэзкім асуджэннем «адыёзных» мерапрыемстваў і вынікамі праведзенай на загад мітрапаліта праверкі.
Але што ж у выніку сталася з тымі клубамі?
Пра гэта можна даведацца, напрыклад, пачытаўшы справаздачу баевікоў з праведзеных у Падмаскоўі збораў (9—11 верасня).
Вось што піша ідэолаг мілітарысцкіх летнікаў, праваслаўны манархіст і аўтар кнігі «Акультныя карані Кастрычніцкай рэвалюцыі» Валерый Шамбараў:
«Царю Небесный, Утешителю, Душе истины, Иже везде сый, и вся исполняяй, Сокровище благих и жизни Подателю, прииди и вселися в ны», — спяваюць хлопчыкі і дзяўчаты. Хто ведае малітву, падхоплівае, хто не — проста хрысціцца. Так пачаліся вайскова-патрыятычныя зборы ў гонар Дзмітрыя Данскога. У шэрагах сотні хлопцаў з розных рэгіёнаў Расіі, Данецкай, Луганскай рэспублік, Беларуссіі [так у аўтара — «НН»].
У кагосьці з прыездам былі грашовыя цяжкасці, у кагосьці нават палітычныя. Напрыклад, на мінулыя зборы прыязджала каманда з братэрскай Беларуссіі. Праявіла сябе выдатна, дзеці з'язджалі натхнёныя. Але вярнуліся дадому, і на іх накінуліся моцным шквалам лібералы, бандэраўцы, нацыяналісты і падобная «грамадскасць». А яна апошнім часам карыстаецца негалоснай, але цалкам адчувальнай падтрымкай беларускіх уладаў. Да цкавання падключыліся школы, мясцовыя царкоўныя структуры і іншыя органы. Дзяцей і іхніх кіраўнікоў літаральна задзяўблі.

У выніку клуб, які быў у нас, быў зацкаваны, задушаны і зачынены. І ўсё ж такі, не гледзячы на гэта, на чарговыя зборы прыехала іншая беларуская дэлегацыя. Але толькі і яна і мы ўжо былі навучаныя сумным досведам. Каманда афіцыйна не рэгістравалася, пра сябе не заяўляла, а дзяцей далучылі да іншых клубаў — яны цудоўна знайшлі агульную мову», — піша Шамбараў.
Што клубы разгромленыя, «Нашай Ніве» таксама пацвердзіла маці аднаго з хлопцаў, якога мінулы раз вазілі на трэніроўкі да скуралупаў.

bnwg_xzggym_18keq.jpg


«Так, канечне, пытанні былі. Шмат хто задаваў, вы разумееце. Да нас прыходзілі. Зверху таксама ціснулі, высвятлялі, хто і што. І я, і сын расказалі, што ведалі. Але ніхто дзіця не цкаваў. Мы туды больш не хадзілі. Ды і клуб пасля гэтай гісторыі ўжо не існуе», — сказала жанчына.
Але з тэкста расійскіх арганізатараў збораў вынікае, што беларусы там усё ж былі.
Кажучы пра палепшаную канспірацыю, баявікі не хітруюць — ідэнтыфікаваць беларусаў там насамрэч цяжка, бо іх няма на фотасправаздачы.
Але ўсё ж мы знайшлі адну зачэпку на відэа, апублікаваным са сбораў.
На 24-секундзе роліка у аб'ектыў камеры трапляе чалавек, якога можна назваць дакладна — Аляксандр Георгіевіч Шаўчэнка.

_ith56.png


Гэтая асоба ўжо згадвалася намі ў папярэдніх расследаваннях як датычная да вывазу дзяцей на зборы неанацыстаў. Побач з ім на фота 8 чалавек — дзяцей. Стаяць яны акурат так, як і ўсе астатнія — кіраўнік леваруч ад выхаванцаў.
Ці можа быць так, што на ягоныя плечы лёг увесь цяжар «патрыятычнага» выхавання беларускіх школьнікаў, калі чарнасоценскай пары Гаўрыліных абсеклі кантакты з беларускай моладдзю?
Вось, дарэчы, іх агульнае фота — Шаўчэнка разам з Гаўрылінымі і выхаванцамі «ваенна-патрыятычных» клубаў пры Віцебскай епархіі.

zybd_zsogro_ghnf9.jpg


Тут вакол яго беларускія дзеці. Дык можа і там таксама?
На гэтых зборах атмасфера наўрад ці адрознівалася ад папярэдніх: імперскія і сепаратысцкія сцягі, трэнеры-неанацысты і баявікі «ДНР» (Дыверсійная група «Русіч» і «ЕНОТ КОРП»), а таксама ўручэнне крыжоў «героям Данбаса».

Раман Целянкевіч — адзін з арганізатараў збораў, удзельнік баёў на Данбасе і ардэнаносец «Наваросіі». 

Раман Целянкевіч — адзін з арганізатараў збораў, удзельнік баёў на Данбасе і ардэнаносец «Наваросіі». 


Элементы трэніровак можна глянуць на відэа. Арганізатары — баявікі «ЕНОТ КОРП» — проста так і кажуць, што рыхтуюць салдат.
Мы таксама пацікавіліся ў аддзеле ідэалогіі Віцебскага аблвыканкама, ці адсочваюць яны сітуацыю з паездкамі беларускіх дзяцей у няясныя расійскія структуры і як на гэта рэагуюць.


Нам адказаў намеснік кіраўніка аддзела Пятро Гнуцэнка.
«Па гэтай тэматыцы былі выступы і ў рэгіянальных СМІ, калі вы не бачылі. Тое, што адбылося тады… за гэта некаторыя нашыя кіраўнікі ўжо дастаткова былі пакараныя.

Гэта не адназначна, тут работа дагэтуль вядзецца і будзе весціся. Па тэлефоне тут шмат не скажаш, такая тэма. Мы вывучым крыніцу новай інфармацыі і ў абавязковым парадку вернемся да пытання. Бо калі некаторыя таварышы недаразумеюць гэты момант, то мы іхняе разуменне падправім. Таму што ўсё павінна быць нармальна, у прававым полі. Выхоўваць трэба на добрым прыкладзе, каб не было ніякіх экстрымальных праяў, пра якія гаворка ідзе», — сказаў нам чыноўнік.

zla1lflttfc_bevpq.jpg

z4fetiu8euu_b4d97.jpg


Нагадаем таксама, што з рэзкім асуджэннем вывазу беларускіх дзяцей на трэніроўкі да баевікоў Данбаса выказаліся буйнейшыя дзяржаўныя СМІ — тэлеканал АНТ і газета Адміністрацыі прэзідэнта «Советская Белоруссія».

Паводле nn.by