Барацьба з лёдам: што сыплюць нам пад ногі і колькі гэта каштуе

У гэтым сезоне пасыпаць вуліцы Мінска рэагентамі дарожнікі пачалі з сярэдзіны лістапада. На тратуарах і галоўных праспектах ўжываюць тэхнічную соль, на астатніх вуліцах — пясчана-саляную сумесь. Супраць прымянення гэтых рэагентаў выступаюць эколагі і актывісты: маўляў, ад іх гінуць маладыя дрэвы, забруджваюцца грунтовыя воды і псуецца абутак. Але гарадскія ўлады кажуць, што альтэрнатывы няма, паведамляе Еўрарадыё.

liod.jpg

Для барацьбы са снегам і лёдам «Гаррамаўтадар» нарыхтаваў 38 тысяч тон пясчана-саляных сумесяў і 7,5 тысячы тон галіту — тэхнічнай солі. Іх сумарны кошт склаў больш за 1,5 мільёна рублёў.
Рашэнне пра тое, калі пасыпаць рэагентамі дарогі, прымаецца, зыходзячы з прагнозу надвор’я, фактычных умоў надвор’я, а таксама стану пакрыцця або інфармацыі дарожна-вымяральных станцый, тлумачаць Еўрарадыё ў «Гаррэмаўтадары».

6,5 мільёна долараў нам пад ногі

Галіт (яго завуць тэхнічнай соллю) — гэта, па сутнасці, пабочны прадукт вытворчасці угнаенняў на «Беларуськаліі». На прадпрыемстве Еўрарадыё паведамілі, што з чэрвеня 2018 года па люты 2019-га на ўнутраны беларускі рынак было пастаўлена 678 тысяч тон галіту. Паводле нашых падлікаў, за яго прадпрыемства атрымала больш за 14 мільёнаў рублёў. Пастаўкі ажыццяўляліся ва ўсе вобласці краіны.
Галіт — крышталі белага колеру з украпінамі, якія на 98% складаюцца з тэхнічнага хлорыстага натрыю (NaCl). Хлорысты натрый — гэта павараная соль, якая нібы як не шкодзіць здароўю чалавека. Аднак эколагі сцвярджаюць, што паўсюднае выкарыстанне на вуліцах нават такога нейтральнага матэрыялу як соль, негатыўна адбіваецца на экасістэме гарадоў і бліжэйшых сельскіх тэрыторый. Адбываецца засаленне глебы, парушэнне кіслотна-шчолачнага балансу вады. Гэта прыводзіць да пагаршэння ўмоў жыцця для раслін і водных арганізмаў.
Акрамя таго, ад саляных сумесяў пакутуюць хатнія жывёлы. Падчас прагулак соль непазбежна трапляе на лапы, што выклікае раздражненне і алергію.
Па словах эколагаў, найбольш экалагічным спосабам барацьбы са снегам на вуліцах была б поўная адсутнасць якога-небудзь хімічнага ўздзеяння, то бок механічная ўборка снегу. Аднак пасыпаць вуліцы рэагентамі дарожным службам нашмат лягчэй, чым прыбіраць лёд і снег ўручную.

У сто разоў танней, чым у Францыі

Па словах намесніка гендырэктара «Гаррамаўтадара» Алега Лукашэнкі, цяпер матэрыялаў, альтэрнатыўных тэхнічнай солі па суадносінах кошт/эфектыўнасць, няма:

liod_2.jpg

«Безумоўна, супрацьгалалёдныя рэагенты з’яўляюцца адным з шматлікіх антрапагенных патэнцыйных фактараў ўплыву на навакольнае асяроддзе. З аднаго боку, прымяненне супрацьгалалёдных матэрыялаў можа негатыўна ўплываць на навакольнае асяроддзе. З іншага боку, мінулыя дзесяцігоддзі паказалі, што для высокіх тэмпаў эканамічнага развіцця і высокага ўзроўню жыцця патрабуецца бяспека транспартных сувязяў».
Вучоны з НАН Беларусі Аляксандр Суднікраспавёў Еўрарадыё, што пры раставанні лёду утвараецца водна-саляная сумесь, якая трапляе ў глебу, выпараецца і асядае на кронах дрэў. Вышыня ўзняцця рэчыва — 15-20 метраў.

liod_3.jpg

«У нашай краіне выкарыстоўваецца хларыд натрыю, таму што гэта абыходзіцца танней. Маскве і ваколіцах калісьці таксама ўжывалі NaCl. Скончылася гэта тым, што на адрэзку 200 метраў усе зялёныя насаджэнні загінулі. Цяпер там выкарыстоўваюць хларыд кальцыю (CaCl2). За мяжой у асноўным выкарыстоўваецца CaCl2. Ён больш цяжкі, таму не ўплывае на дрэвы, як NaCl», — лічыць Аляксандр Суднік.
У Францыі, да прыкладу, на прыродных тэрыторыях у якасці супрацьгалалёдных прэпаратаў выкарыстоўваюць стратэгічна бяспечныя сумесі, працягвае Аляксандр Суднік. Але каштуюць яны каля долара за кілаграм. А галіт абыходзіцца ДВА «Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама» ў 20,66 рубля (дзесяць долараў) за тону. Гэта па цэнце за кілаграм, гэта значыць, у сто разоў танней, чым каштуе французскі рэагент.