Арыштаваны блогер Віталь Манько абвясціў галадоўку

Арыштаваны блогер з Калінкавічаў Віталь Манько невінаваты ў інкрымінаваным злачынстве і абвясціў галадоўку ў СІЗА, заявіла яго жонка Валянціна Манько 21 чэрвеня журналістам у Гомелі, каментуючы заявы КДК аб тым, што яе муж стварыў фінансавую піраміду.

maxresdefault_2_1_1024x576.jpg


Блогер, вядомы сваімі выкрывальнымі ролікамі на Youtube аб дзейнасці мясцовай улады і праваахоўных органаў, быў затрыманы ў Калінкавічах 4 чэрвеня. Паводле інфармацыі Камітэта дзяржкантролю, Віталь Манько ў 2015 годзе разам з некалькімі грамадзянамі Беларусі і Расіі арганізаваў дзейнасць незарэгістраванай сацыяльнай фінансавай сеткі "Элеўрус”.
"Арганізатары фінансавай піраміды ўводзілі ў зман грамадзян, пераконваючы іх у перспектыўнасці ўкладання грашовых сродкаў (у тым ліку электронных грошай) і абяцаючы укладчыкам гарантаваны высокі даход (да 365% гадавых) на працягу доўгага часу”, — паведаміла ведамства.
Паводле версіі КДК, арганізатар піраміды ў сваіх выступленнях рабіў акцэнт на добрых намерах (нібыта гэта фонд узаемадапамогі, створаны для аказання падтрымкі дзецям, пенсіянерам), а таксама абяцаў, што ўклады будуць інвеставаць у розныя праекты, якія павінны прыносіць дадатковы даход у перспектыве. У выніку злачыннай дзейнасці арганізатар і актыўныя члены фінансавай сеткі атрымалі даход большы за 400 тыс. рублёў. Распачата справа за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць.
У сваю чаргу Валянціна Манько заявіла, што яе муж сапраўды ўдзельнічаў у працы "пляцоўкі, фонду ўзаемадапамогі, супольнасці "Элеўрус”, але да канца 2015 года. Затым ён заняўся рэкламным бізнесам. "Цяпер яму інкрымінуюць гэту піраміду, хоць ён не быў арганізатарам, а простым удзельнікам, як і ўсе, і скончыў сваю дзейнасць у "Элеўрусе” тры гады таму. Потым пачалі з’яўляцца зусім іншыя пляцоўкі пад маркай "Элеўрус”, такія як "Элеўрус інвест” і іншыя, але Віталь не мае да іх ніякага дачынення. А яму менавіта гэта ставяць у віну”, — патлумачыла жонка. Яна перажывае, што пры вобыску ў доме канфіскавалі ўсе носьбіты інфармацыі. "А там былі ўсе доказы, што дзейнасць Віталя была абсалютна законнай. І гэтыя доказы могуць прапасці”, — заўважыла Валянціна Манько.
Жанчына лічыць, што яе мужа арыштавалі за тое, што ён "змагаўся з карупцыяй”, дапамагаў людзям, займаў актыўную грамадзянскую пазіцыю. "І Лукашэнка змагаецца з карупцыяй — што тады дрэннага рабіў мой муж?” — задаецца пытаннем жыхарка Калінкавічаў. Яна нагадала, што ў сям’і выхоўваецца шэсць дзяцей, малодшаму — два месяцы. Але меру стрымання Віталю не змяняюць — гэта значыць не адпусцілі дадому пад падпіску аб нявыездзе. "Сказалі следчыя, што ўсяго ў пірамідзе ўдзельнічалі каля дзвюх тысяч чалавек, і пакуль усіх не апытаюць — яго не адпусцяць”, — сцвярджае Валянціна Манько. Паводле слоў жанчыны, блогер не можа сам сябе абараніць у СІЗА, ён не згодны з абвінавачаннем і таму абвясціў галадоўку. "Нас папракаюць, што ў нас ёсць асабняк, добры аўтамабіль. Дом мы будавалі ў крэдыт. Мы ўсё рабілі і жывем цяпер дзеля дзяцей. Яны ў нас дагледжаныя, разумныя, лепшыя за ўсіх. Мы хацелі, каб дзеці годна жылі, годна харчаваліся, падарожнічалі — што ў гэтым дрэннага?” — заўважыла жыхарка райцэнтра. На яе думку, блогера ізалявалі ад грамадства, таму што ён паказваў праўду ў сваіх роліках.    racyja.com