Андрэй Казакевіч: Як падзеі ў Казахстане могуць адбіцца на нашай краіне?
Калі ў Казахстане ўсё супакоіцца праз кампраміс і хаця б часткова будуць выкананыя патрабаванні людзей — гэта прадэманструе, што і ў Беларусі, можна было не саджаць тысячамі і не ўжываць неапраўданы гвалт, а проста наладзіць дыялог і паспрабаваць вырашыць пытанні, разважае палітолаг Андрэй Казакевіч у каментары «Салідарнасці».
Палітолаг Андрэй Казакевіч, падчас абмеркавання сітуацыі ў Казахстане, не выключае магчымасці таго, што сацыяльны выклік можа прывесці да палітычнага перавароту.
— Асноўным у любых пратэстах з'яўляецца маштаб. Усё залежыць ад таго, наколькі масавы выклік, наколькі вялікую колькасць людзей у выніку ён закранае, — адзначыў дырэктар Інстытута «Палітычная сфера». — Пакуль у Казахстане мы не можам ацаніць маштабы сацыяльнай незадаволенасці. Да таго ж частка патрабаванняў пратэстоўцаў ужо выкананая. Тактыка адрозніваецца ад беларускай. Казахскія ўлады пакуль пайшлі па шляху нейкіх саступак, максімальна мірнага вырашэння.
— Тым не менш многія праводзяць паралелі.
— Паралелі, вядома, будуць праводзіцца. Пры гэтым для беларускай прапаганды і беларускіх уладаў больш выгадна была б іншая карцінка, калі б там пачалося масавае прымяненне гвалту і АМАП закатаў усіх у асфальт. Усё тое, што адбывалася ў Беларусі.
У такім выпадку, па меншай меры на постсавецкай прасторы, Лукашэнка адчуў сябе значна больш упэўнена. Ён нават мог бы лічыць Казахстан сваім саюзнікам. Таму што пасля падзей жніўня 2020 года гэтая краіна спрабавала хутчэй заняць нейтральную пазіцыю ў адносінах да Беларусі. Была адкрытая напружанасць. А калі казахстанскія ўлады вырашаць масава ўжываць гвалт, і тое, што адбываецца ў іх, будзе нагадваць беларускі сцэнар, гэта ўзмоцніць пазіцыю беларускіх уладаў і прадаставіць сур'ёзныя аргументы для прапаганды.
Але калі, наадварот, усё супакоіцца праз кампраміс, праз тое, што хаця б часткова будуць выкананыя патрабаванні людзей, калі ўдасца пазбегнуць шырокіх рэпрэсій, — гэта прадэманструе тое, што і ў Беларусі, напэўна, можна было не саджаць тысячамі і не ўжываць неапраўданы гвалт, а проста наладзіць дыялог і паспрабаваць вырашыць пытанні.
— Якая з сацыяльных тэмаў магла стаць такім жа трыгерам для беларусаў?
— У беларускай сітуацыі цяпер магчыма падняць народ, толькі калі здарыцца нешта рэзкае, надзвычайнае. І да таго ж пакажа слабасць улады. Напрыклад, нейкі камунальны калапс, аварыя, у выніку якой улады пакажуць сваю поўную няздольнасць хоць неяк спраўляцца з гэтым. Альбо калі курс долара рэзка вырасце — і сітуацыя пачне выходзіць з-пад кантролю.
Трэба разумець, што ў Беларусі толькі-толькі задушылі пратэст, грамадства аслабленае, запалоханае і немабілізаванае на актыўныя дзеянні. Ёсць разуменне таго, што сілавыя структуры будуць дзейнічаць жорстка. На такім фоне малаверагодна, што любы сацыяльны трыгер спрацуе. Павінен прайсці нейкі час.