«Адпрацоўка задушэння пратэстаў у Беларусі і сумеснага наступу на Захад». Эксперты пра манеўры «Захад-2021»

Незалежныя вайсковыя эксперты ахарактарызавалі будучыя вучэнні «Захад-2021» «Голасу Амерыкі», піша Свабода.

Ілюстрацыйнае фота. Аўтар Дзмітрый Дзмітрыеў

Ілюстрацыйнае фота. Аўтар Дзмітрый Дзмітрыеў


10 верасня Расія і Беларусь пачнуць сумесныя вайсковыя вучэнні «Захад-2021». Падобныя маштабныя манеўры дзвюх краін праводзяцца раз на чатыры гады, апошнія адбыліся ўвосень 2017 году.
Сёлета вучэнні пачнуцца непасрэдна перад выбарамі дэпутатаў Дзяржаўнай Думы Расіі і ў перыяд самага моцнага за апошнія гады абвастрэння адносін Мінску з суседзямі з Еўразвязу і NATO, а таксама з Украінай. Расія і Беларусь абвясцілі аб планах стварэння трох пастаянных сумесных вайсковых навучальных цэнтраў у Ніжагародскай і Калінінградскай абласцях Расіі і ў заходняй Гродзенскай вобласці Беларусі, якая мяжуе з Польшчай і Літвой.

«У планах усіх падобных вучэнняў ёсць вялікая рэгіянальная вайна з Украінай»

Вайсковы аглядальнік «Новай газеты» Павел Фельгенгаўэр дапускае, што манеўры «Захад-2021» могуць быць пошукам слабых месцаў пры падрыхтоўцы да вайны з ЗША і іх саюзнікамі. «У прынцыпе, такая вайна можа пачацца як рэгіянальная, а потым адбываецца яе эскалацыя да сусветнага ўзроўню», — удакладніў эксперт.
Паводле ацэнкі Фельгенгаўэра, пры такім гіпатэтычным сцэнары з удзелам на апошнім этапе стратэгічных ядзерных узбраенняў могуць браць удзел да 200 тысяч вайскоўцаў ад Аляскі да Калінінграду. Усе падобныя вучэнні — «Каўказ», «Усход» і «Захад» прадугледжваюць маштабнае перакідванне войскаў, і ў іх планах ёсць вялікая рэгіянальная вайна з Украінай, адзначае суразмоўца «Голасу Амерыкі».
Цяпер да мяжы з Украінай перакінулі значныя сілы расійскай арміі Заходняй, Паўднёвай і Цэнтральнай вайсковых акругаў, нягледзячы на абвастрэнне сітуацыі ў сувязі з прыходам да ўлады талібаў у Афганістане. «Адна палявая армія з Паволжа і адна палявая армія з Сібіру былі перакінутыя яшчэ вясной падчас так званай праверкі баявой гатоўнасці, у якой удзельнічала да паўмільёна чалавек. І цяпер, хоць афіцыйна вучэнні яшчэ не пачаліся, праходзяць лагістычныя вучэнні — адпрацоўваецца сістэма забеспячэння, перакідання войскаў, іх мабілізацыя, разгортванне з выкарыстаннем перадусім чыгунак», — канкрэтызуе Павел Фельгенгаўэр.
І нагадвае, што вельмі магутная групоўка расійскіх узброеных сіл з пяці армій ужо ствараецца ў Варонежскай, Бранскай і Белгарадскай абласцях. І гэтая групоўка, на думку эксперта, «павінна зламаць усю ўкраінскую абарону і раскалоць, разарваць Украіну на дзве часткі». «У прынцыпе, мяркуецца, што, магчыма, блок NATO ўвяжацца ў такой канфлікт. Паколькі, як Пуцін напісаў у сваім артыкуле, „Украіна — гэта спрадвечныя рускія землі, якія цяпер акупаваныя ЗША, і для Расіі такая акупацыя абсалютна непрымальная“, то магчымая эскалацыя ваеннага канфлікту, якая прывядзе да еўрапейскай вайны, а пасля — і да глабальнай», — мяркуе Павел Фельгенгаўэр.
На ягоную думку, вучэнні «Захад-2021» і маюць на мэце праверку, наколькі ўзброеныя сілы Расіі гатовыя да вядзення вайны ў яе трох варыянтах і перамогі ў лякальнай, рэгіянальнай і глабальнай вайне.

«ЗША будуць рэагаваць на гэтую агрэсію так, як палічаць патрэбным»

Незалежны вайскова-палітычны эксперт Юры Фёдараў упэўнены, што ў ваенным сэнсе Беларусі ніхто не пагражае, ва ўсялякім выпадку не з Захаду. «Сёння любімая песня і Лукашэнкі з яго асяроддзем, і расійскага кіраўніцтва аб тым, што „саюзная дзяржава“ знаходзіцца пад пастаяннай ваеннай пагрозай з боку NATO. Але гэта не больш, чым прапагандысцкая мантра, закліканая апраўдаць закручванне гаек унутры краіны, а таксама нарошчванне вайсковых выдаткаў і ўзмацненне арміі», — адзначыў ён.
Юры Фёдараў таксама падкрэслівае, што вучэнні, якія праводзяцца раз на чатыры гады, маюць вялікае значэнне для генштабоў расійскага і беларускага войска і закліканы праверыць баяздольнасць узброеных сіл на выпадак ваеннага канфлікту з праціўнікам, які на афіцыйным узроўні не называецца. «Мяркуючы па сцэнарах, якія апублікаваныя ў абедзвюх краінах, гэтыя вучэнні прызначаны, з аднаго боку, для задушэння „сепаратысцкіх і тэрарыстычных груповак, якія падтрымліваюцца звонку“. Але на самой справе гэтыя вучэнні прызначаныя для таго, каб адпрацаваць сумесныя дзеянні войскаў дзвюх краін у двух выпадках.
Першае — буйныя антыўрадавыя выступы ў Беларусі, прычым не абавязкова ўзброеныя.
А другое — сумесныя наступальныя аперацыі расійскай і беларускай арміі супраць Літвы, Польшчы і, не выключана, супраць Украіны», — зазначае эксперт.
Ён дадае што, мяркуючы з апублікаваных заяваў расійскіх і беларускіх военачальнікаў, адной з задач вучэнняў з'яўляецца адпрацоўка штурму гарадоў ці гарадскіх паселішчаў. «А гэта магчыма ў выпадку ўварвання ў Літву, Польшчу ці Украіну. А інакш якія яшчэ гарады сумесна могуць штурмаваць расійская і беларуская арміі?», — задаецца пытаннем Юры Фёдараў.
Ён адзначае, што ў выпадку ўварвання груповак расійскай і беларускай армій у Літву, яны непазбежна ўступяць у бой з амерыканскімі вайскоўцамі. «А гэта азначае, што вы ўступілі ў вайну са Злучанымі Штатамі ў цэлым. І ЗША будуць рэагаваць на гэтую агрэсію так, як палічаць патрэбным, аж да самых буйных, масіраваных удараў у адказ», — лічыць ён.

«Цяпер рэалізуецца сцэнар мінулых вучэнняў»

Наколькі вучэнні «Захад-2021» трывожаць Літву? Вайсковы аглядальнік партала Delfi.lt Вайдас Сальджунас (Vaidas Saldžiūnas) нагадвае, што і чатыры гады таму ў Літве шмат гаварылася і пра магчымыя правакацыі, і пра патэнцыйную пагрозу для краін Балтыі ў сувязі з вучэннямі «Захад-2017». «Але розніца ў тым, што сёння сапраўды адбываюцца правакацыі. Гэта значыць, тыя рэаліі, якія тады былі толькі ў сцэнары вучэнняў, цяпер мы бачым на прыкладзе крызісу, звязанага з мігрантамі, якія былі прывезены з Іраку і іншых краін у Беларусь, а потым іх пагналі шчытамі і дубінкамі на мяжу спачатку зь Літвой, а затым з Латвіяй і Польшчай. І гэта стварае атмасферу, якая можа перарасці ў рэальныя сутычкі, таму што на мяжы ёсць не толькі памежнікі, але і войска», — кажа літоўскі эксперт.
Сальджунас таксама адзначае, што сёння Лукашэнка пагражае еўрапейскім суседзям магчымасцю збройнага канфлікту, чаго чатыры гады таму не было. «Вядома, вайсковыя назіральнікі NATO ў Літве кажуць, што пагроза таго, каб вучэнні «Захад – 2021» перараслі ў нешта іншае, невялікая. Але патэнцыйна тое, што цяпер адбываецца на мяжы, ужо з'яўляецца сапраўднай пагрозай. Я не буду гадаць аб матывах, якія існуюць у Крамлі ці ў Мінску, чаму гэтую пагрозу трэба было ствараць, але калі паўстала негатыўная атмасфера ў адносінах Лукашэнкі і Крамля з Захадам, лягічна выказаць здагадку, што ў той час, калі яны арганізавалі крызіс з мігрантамі, правядзенне вайсковых вучэнняў павінна павысіць пільнасць з нашага боку. І гэтая пільнасць праяўленая, але мы таксама не маем намеру паддавацца на правакацыі», — падкрэслівае вайсковы аглядальнік Delfi.lt.