«Адказ будзе — жалезна». Украінскае кіраўніцтва пра абстрэл РФ цягніка ў Чапліна

Расія позна ўвечары 24 жніўня абстраляла станцыю Чапліна на Днепрапятроўшчыне. Пошукава-выратавальныя работы працягваюцца. Цяпер вядома пра 25 загінулых і больш за 50 параненых.

1661365781_9920.webp

24 жніўня рускія войскі нанеслі ракетны ўдар па чыгуначнай станцыі Чапліна Днепрапятроўскай вобласці.

Учора расіяне двойчы атакавалі пасёлак Чапліна — адной ракетай днём і чатырма ўвечары па самой станцыі: адзін снарад пашкодзіў гаспадарчыя пабудовы чыгункі, астатнія трапілі ў станцыю. З-за ўдару ўзнік пажар у пяці пасажырскіх вагонах цягніка.

Таксама стала вядома, што сярод загінулых у выніку ўчарашняй атакі РФ на пасёлак Чапліна ёсць двое дзяцей. Пра гэта паведаміў старшыня Днепрапятроўскай абласной ваеннай адміністрацыі Валянцін Разнічэнка ў сваім Telegram.

«Працягваюцца пошукава-выратавальныя работы ў пасёлку Чапліна. Расійская атака, якая адбылася напярэдадні, забрала жыцці больш за 20 чалавек, сярод іх двое хлопчыкаў — 6 і 11 гадоў. Яны проста гулялі ў сябе дома, калі туды прыляцелі расійскія ракеты», — напісаў ён.

2762802.jpg

Пра Чапліна сказаў і Уладзімір Зяленскі ў вячэрнім звароце: «Чапліна — наш боль сёння. Па стане на гэтую хвіліну — 22 загінулыя, з іх пяць чалавек згарэлі ў машыне, загінуў падлетак, яму было 11 гадоў, расійская ракета разбурыла яго дом».

Дарадца Офіса прэзідэнта Аляксей Арастовіч заявіў, што час, калі Расія магла беспакарана біць па ўкраінскіх гарадах і вёсках, прайшоў.

«Адказ будзе — жалезна. Прыляціць абавязкова, можаце нават не сумнявацца. Заўтра з раніцы будуць ужо нейкія навіны. Максімум суткі-двое, калі трэба падрыхтоўка, даразведка мэт сур'ёзных, тоўстых. У бліжэйшы час што-небудзь прыляціць у адказ», — сказаў ён.

Нагадаем, як пісаў НЧ, ЗША 23 жніўня папярэдзілі Украіну, што Расія ў бліжэйшыя дні рыхтуе ўдары па грамадзянскай інфраструктуры і дзяржустановах. Адзначалася, што 23 жніўня, у Дзень дзяржаўнага сцяга, і 24 жніўня, у Дзень Незалежнасці Украіны, расійскія войскі нанясуць удары па аб'ектах дзяржаўнай улады.

Паводле УНІАН, korrespondent.net