Замест «новых беларусаў» нас чакае хваля «новых бедных»
Мы ўсе будзем мабілізаваныя, прадказвае тэлеграм-канал «Нашы грошы». Канешне, гаворка ідзе не столькі і не толькі пра ваенную мабілізацыю (хоць у Расіі для многіх гэта цалкам рэальная небяспека), але ў дадзеным выпадку маецца на ўвазе канцэнтрацыя намаганняў на выжыванні.
Сёння разбяром цікавы і ёмісты пасыл, якім ахарактарызавалі сітуацыю ў Расіі. На жаль, з невялікай доляй хібнасці яго можна ўжыць і да нашай краіны: мабілізацыйная стагнацыя прывядзе да турбулентнага, страчанага дзесяцігоддзя.
Што чакае многіх беларусаў у бліжэйшыя некалькі гадоў як мінімум?
Мы ўсе будзем мабілізаваныя. І гаворка тут не столькі і не толькі аб ваеннай мабілізацыі (хоць у Расіі для многіх гэта цалкам рэальная небяспека). Кажучы пра мабілізацыю, мы маем на ўвазе канцэнтрацыю намаганняў на выжыванні: эканамічным, псіхалагічным, для кагосьці — фізічным.
Такая стратэгія паводзін не мае на ўвазе планаванне на працяглы тэрмін, развіццё, прымнажэнне. Лагічным яе вынікам становіцца стагнацыя — павольнае (калі пашанцуе) і дакладнае памяншэнне ўсіх відаў патэнцыялаў, у тым ліку і эканамічнага.
У выніку мы прыйдзем да турбулентнага, страчанага дзесяцігоддзя. Пасля працяглага і глыбокага падзення трэба будзе выбірацца. І гэта будзе вельмі няпросты, зусім не гладкі шлях. Напэўна, будзе шмат рэзкіх, часта памылковых, з балючымі наступствамі рыўкоў у розныя бакі, якія доўгі час сумарна не змогуць стварыць прарыўную сітуацыю.
Калі казаць толькі пра эканоміку, яна ўпадзе вельмі істотна, і будзе знаходзіцца ва ўмовах, калі складана хутка расці. Бо трэба не проста расці, а наганяць страчанае.
Пытацца «калі ўся эканоміка ляжа?», насамрэч, бессэнсоўна. Эканоміка не можа канчаткова «легчы», у тым ці іншым выглядзе яна працягвае сваё існаванне заўсёды, нават падчас войнаў і глабальных узрушэнняў. Пытанне — у яе якасці, а таксама ў тым, як у гэтым усім будзем жыць мы з вамі.
Дык вось, турбулентнае страчанае дзесяцігоддзе непазбежна вядзе да працяглага падзення даходаў і росту няроўнасці. Гэта значыць, багацце будзе працягваць канцэнтравацца ў руках вельмі абмежаванай верхавіны і вымывацца з кашалькоў бедных людзей, а асабліва — сярэдняга класа.
Эканамісты прадракаюць, што ўжо ў хуткім часе ў Расіі на змену ўстоянаму клішэ «новы рускі» прыйдзе іншае: «Новы бедны». Гэтае азначэнне можна будзе ўжываць і да беларусаў. Гэта будуць людзі, вымытыя з сярэдняга класа, якія жорстка і надоўга адкінутыя з катэгорыі атрымліваючых заробкі «вышэй за сярэдні» да катэгорыі, блізкай да «мінімалкі». На графіку гэта адлюструецца наступным чынам: колькасць работнікаў, якія атрымліваюць «вышэй за сярэдні» заробак, прыкметна скароціцца, затое нязначна павялічыцца колькасць тых, хто атрымлівае звышшмат. Разам з тым, скарочаныя з правай часткі графіка папоўняць шэрагі тых, хто знаходзіцца ў левай. А жоўтая калонка — «водападзел» — зрушыцца на графіку яшчэ лявей.
Падводзячы вынік, паўторым. Асноўнымі прайграўшымі ў бліжэйшыя гады стануць людзі, якія ўваходзілі ў катэгорыю сярэдніх па краіне даходаў і вышэй. Прычым, збяднелымі будуць менавіта тыя, хто свае заробкі сумленна зарабляў, а не тыя, каму на картку капала зарплата на дзяржпасадзе, хоць ускосна пацерпяць і апошнія.
А гэта значыць, што ў дзяржаве стане значна менш людзей, якія генеруюць рост ВУП, што будзе правакаваць далейшае ўсеагульнае збядненне.