З ценю ў дзень?

На гэтым тыдні бізнэс-супольнасць атрымала цікавую навіну. Нацбанк рыхтуе абгрунтаванне правядзення ў краіне эканамічнай амністыі, ужо папярэдне вызначыўшы схему рэалізацыі гэтай ініцыятывы.



b7ae8fecf15b8b6c3c69eceae636d203.jpg

На гэтым тыдні бізнэс-супольнасць атрымала цікавую навіну. Нацбанк рыхтуе абгрунтаванне правядзення ў краіне эканамічнай амністыі, ужо папярэдне вызначыўшы схему рэалізацыі гэтай ініцыятывы.
Дарэчы, пра тое, што яшчэ ў верасні кіраўнік Нацбанку Надзея Ермакова звярнулася з лістом да прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча аб неабходнасці правя­дзення амністыі капіталу ў сувязі з фінансава-эканамічнай сітуацыяй у краіне, паведамлялася раней. А менавіта, 14 снежня на пасяджэнні круглага стала вуснамі намесніка дырэктара Цэнтра абароны правоў уласнасці Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Ігара Ледніка.
І вось зараз ідэя набывае больш канкрэтныя рысы. Мяркуецца, што на першым этапе будуць выпрацаваны і рэалізаваны неабходныя падрыхтоўчыя мерапрыемствы, у тым ліку па занясенні змен у заканадаўства. Другі этап — непасрэдна сама эканамічная амністыя. Ці дойдзе справа да пэўных крокаў, будзе залежаць ад рашэння кіраўніка дзяржавы.
Яшчэ 30 жніўня 2011 года на нарадзе па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны Лукашэнка прапанаваў разгле­дзець магчымасць правядзення ў Беларусі амністыі капіталу. Нацбанк падтрымаў прапанову. Пакуль што адкрытым застаецца пытанне: гэта эканамічная амністыя ці толькі амністыя капіталу? 
«У нашым разуменні, і гэта адлюстравана ў Нацыянальнай платформе бізнэса Беларусі, амністыя мае шырэйшы сэнс. Гэта не толькі амністыя капіталаў, але і ў цэлым эканамічная амністыя, амністыя зняволеных, якія адбываюць тэрміны за эканамічныя злачынствы, падатковая амністыя і шэраг іншых аспектаў. А чыста амністыя капіталаў наўрад ці штосьці дасць», — лічыць старшыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальнасці (РКП) Віктар Маргелаў.
Але ці гатовая беларуская ўлада пайсці на амністыю «вашывых блох», якія за свае «злачынствы» адбываюць тэрміны? А адмовіцца спагнаць мільёны недаплачаных, па яе меркаванню, падаткаў, гатовая? Наўрад ці. І наўрад ці бінэсмены павераць уладзе і паляцяць легалізоўваць свае потам і крывёй здабытыя грошы.
«Хутчэй за ўсё, людзі не павераць у празрыстасць намеру ўлады, — разважае старшыня Каардынацыйнай рады індывідуальных прадпрымальнікаў Анатоль Змітровіч. — У нашай краіне вельмі любяць прымаць законы што называецца «задним числом». Сёння амністуюць, а заўтра скажуць: заплаціце за ўсе гады, ды яшчэ з працэнтамі».
Менавіта так, даоэчы, адбылося з экалагічным падаткам. Некалькі дзясяткаў беларускіх прадпрыемстваў-вытворцаў і імпарцёраў пластыкавай упакоўкі падатковая інспекцыя просіць даплаціць экалагічны падатак, пачынаючы з... 2008 года! Шакаваныя такой просьбай, кіраўнікі і заснавальнікі гэтых прыватных фірмаў аж сабраліся на экстранную нараду ў Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва, каб разам вырашыць, што рабіць у гэтай сітуацыі, бо гаворка, па іх словах, ідзе пра далёка не маленькія сумы. Але пакуль нічога і не прыдумалі. Як вы думаеце, ім давядзецца заплаціць?
У той жа час Анатоль Змітровіч лічыць вельмі важным прыняцце закону пра эканамічную амністыю.
«Такі крок патрэбен. Бо капіталы вывезены за мяжу. Часткова яны вярнуліся ў выглядзе сумесных прадпрыемстваў. Але прыбыткі ад гэтага атрымліваюць замежныя партнёры, а не наша краіна. Такі крок пакажа, што дзяржава паварочваецца тварам да бізнэсу, гэта дасць прыток унутраным інвестыцыям», — лічыць прадпрымальнік Змітровіч.
З Анатолем Змітровічам не згодны другі бізнэсмен — Сяргей Балыкін.
«Не думаю, што амністыя дасць нейкі істотны прырост інвестыцый, ва ўсякім разе не такі, на які разлічвае ўлада, — разважае старшыня Асацыяцыі малога і сярэдняга бізнэсу Сяргей Балыкін. — Усё залежыць ад таго, ці засталіся яшчэ тыя бізнэсмэны, якія жадаюць і гатовыя інвеставаць у беларускую эканоміку. Мне здаецца, тыя, хто хацеў, ужо даўно ўклалі свае грошы праз замежныя і сумесныя кампаніі. Такім чынам, замест унутраных інвестыцый мы атрымалі замежныя. А бізнэсмэны атрымалі ўсе перавагі замежных фундатараў. У прынцыпе, бізнэс ужо не чакае нічога добрага. Хоць хтосьці паверыць. Хтосьці легалізуе капіталы часткова. Таму — падкрэсліваю — кардынальна праблему інвестыцый гэта не вырашыць».
Тым не менш Сяргей Балыкін вітае ініцыятыву ўладаў, лічыць яе добрым знакам, сігналам фундатарам, і будзе дзвюма рукамі за яе. Праўда, толькі ў тым выпадку, «калі амністыя будзе падмацавана іншымі крокамі ў гэтым накірунку, такімі, якія б стымулявалі развіццё бізнэсу, спрыялі лібералізацыі».
«Пакуль што можна сказаць, — падкрэслівае Балыкін,— што лібералізацыя ў нашай краіне правалілася. І можа стацца так, што амністыя капіталаў стане неблагой магчымасцю для адмывання сапраўды крымінальнага і карупцыйнага капіталу. Павінны быць прыняты простыя, зразумелыя для легальнага бізнэсу правіла і ўмовы гаспадарання. З іншага боку, павінны быць пастаўлены сур’ёзныя бар’еры для крымінальных і карупцыйных грошай. У нас пакуль так атрымліваецца: загналі бізнэс у цень, прымусілі працаваць па шэрых схемах, потым амністыя. А потым зноў у цень?»
Менавіта давер бізнэсу да ўлады можа стаць галоўнай перашкодай для паспяховага правядзення амністыі. Па словах экспертаў бізнэс-супольнасці, вялікую небяспеку сёння ўяўляе выкарыстанне ад імя дзяржавы прававых прылад у мэтах незаконнага пераразмеркавання ўласнасці.
«Мяне, напрыклад, гнятуць сённяшнія дзеянні дзяржорганаў па процідзеянні мінімізацыі падатковых паступленняў, а менавіта, стварэнне рэестру нядобрасумленных суб’ектаў прадпрымальніцтва ў рамках барацьбы з «ілжэпрадпрымальнікамі». Аднак шэраг фактаў указвае на тое, што такая дзейнасць магчымая дзякуючы «ілжеправапарадку» і «лжэправасуддзю». І вынікам гэтага з’яўляецца пераразмеркаванне ўласнасці не толькі акцыянераў, але і дзяржавы ў інтарэсах асобных прыватных асоб», — адзначае намеснік дырэктара Цэнтра абароны правоў уласнасці Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Ігар Леднік.
У любым выпадку, канчатковае рашэнне пра правядзенне ў краіне любой амністыі прымае толькі адна асоба.