Сусветны банк прарочыць спад эканомікі Беларусі на 2,7% у 2021 годзе
Сусветны банк прагназуе зніжэнне ВУП Беларусі на 2,7% у 2021 годзе. Пра гэта гаворыцца ў студзеньскім дакладзе «перспектывы глабальнай эканомікі».
Міжнародны фінансавы інстытут называе сярод рызык для беларускай эканомікі працяг палітычнага крызісу ў краіне, перадае TUT.BY.
Прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021 год, зацверджаны ўказам Лукашэнкі, прадугледжвае рост ВУП на 1,8%.
Эксперты СБ прагназавалі, што ВУП Беларусі па выніках 2020 года знізіцца на 1,6%. 5 студзеня Лукашэнка сказаў, што падзенне склала 0,5%.
У цэлым Сусветны банк адзначае аднаўленне сусветнай эканомікі. Яе рост у 2021 годзе паскорыцца да 4%. Але многае будзе залежаць ад далейшага распаўсюджвання каронавіруса і тэмпаў вакцынацыі. На думку экспертаў СБ, ВУП Расіі ў 2021 годзе павінен вырасці на 2, 6%, Еўразоны — на 3,6%, Кітая — на 5,2%, Польшчы — на 3,5%, Украіны — на 3%.
Пры гэтым па выніках 2021 года памер сусветнай эканомікі ўсё роўна будзе менш дакавіднага ўзроўню. Скарачэнне сусветнага ВУП у 2020 годзе ацэньваецца ў 4,3%.
Сусветны банк таксама ацаніў дынаміку ВУП Беларусі ў 2022 годзе. Паводле яго прагнозу, беларуская эканоміка павінна вырасці на 0,9%.