Рубель падае, але што будзе далей на валютным рынку? Меркаванне эксперта
Урад Расіі на шэсць месяцаў увёў абавязковы продаж часткі валютнай выручкі для кампаній-экспарцёраў. Гэтая мера, як чакаецца, павінна палепшыць самаадчуванне расійскага рубля на рынку валют. Як змяненне можа паўплываць на курс беларускага рубля, выданне «Люстэрка» спытала ў старэйшай навуковай супрацоўніцы даследчага цэнтра BEROC Анастасіі Лузгіной.
«Асноўная мэта гэтых мер — стварыць доўгачасовыя ўмовы для павышэння празрыстасці і прадказальнасці валютнага рынку, знізіць магчымасць для валютных спекуляцый», — заявілі ў расійскім урадзе. У суседняй краіне ўжо звярталіся да такой меры пасля пачатку расійскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны і ўвядзення супраць краіны санкцый. Тады экспарцёраў абавязалі прадаваць 80% выручкі, а па меры ўмацавання расійскага рубля гэтую норму зніжалі да яе поўнай адмены, нагадвае эканамістка.
— Мы бачылі, што сёлета Цэнтральны банк Расіі спрабаваў не звяртацца да гэтых абмежаванняў, але ваганні расійскага рубля ў бок выхаду за 100 рублёў за долар, мабыць, прастымулявалі, каб яны былі ўведзеныя, — кажа Анастасія Лузгіна і тлумачыць прычыну такой пастановы, — яны не хочуць дапусціць, каб курс расійскага рубля падымаўся вышэй за 100 рублёў за долар. Мала таго, што гэта стварае нервовасць на рынку валют, дык яшчэ і ўзмацняе інфляцыю.
Змены ў Расіі, звязаныя з прыняццем гэтай меры, адаб'юцца і на беларускім валютным рынку, адзначае экспертка.
— Мы ўжо цяпер бачым, што расійскі рынак зрэагаваў на аб'яву прыняцця новаўвядзення, а расійскі рубель умацаваўся. Калі так працягнецца, то гэта адаб'ецца і на дынаміцы беларускага рубля — як да расійскага, так і да долара. Да расійскага наш рубель можа трохі знізіцца, а да долара, наадварот, умацавацца, — каментуе эканамістка. — То-бок, гэта як мінімум дапаможа стабілізаваць беларускі рубель да долара і юаня. Але, хутчэй за ўсё, мы заўважым яго некаторае ўмацаванне.
На таргах 12 кастрычніка долара, еўра і юань патаннелі, а расійскі рубель — умацаваўся.
Пакуль расійскі ўрад не вызначыў ні памер долі выручкі, якую экспарцёры будуць абавязаныя прадаваць, ні дату, калі гэтае правіла пачне дзейнічаць, рана казаць пра тэрміны яго ўплыву на наш валютны рынак. Аднак, як адзначае Анастасія Лузгіна, звычайна гэта адбываецца даволі хутка. Такім чынам, змены хутчэй за ўсё можна будзе ўбачыць ужо ў гэтым месяцы.