Рэгіёны Беларусі не плацяць па рахунках

Крызісная сітуацыя ў беларускай эканоміцы закранула практычна ўсе куткі краіны. У рэспубліцы ёсць рэгіёны, дзе неплацяжы цягнуць на мільярды рублёў!

paybill1_preobrazovannyy.jpg


Неплацяжы ў эканоміцы дзеляцца на дзве вялікія катэгорыі — пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасць і пратэрміноўка па крэдытах і пазыках. У першым выпадку прадпрыемствы не плацяць галоўным чынам сваім партнёрам па вытворчым ланцужку, у другім — у асноўным дзяржаве і банкам, тлумачаць banki24.by.

Кожны месяц справаздачы па неплацяжах здаюць буйныя і сярэднія арганізацыі Беларусі. Статыстыка паступае са значнай затрымкай па часе. На сёння даступная інфармацыя на 1 верасня.

У Брэсцкай вобласці прадпрыемствы назапасілі пратэрмінаваную крэдыторку на суму 732,1 млн BYN, а пратэрміноўка па крэдытах і пазыках склала 329,8 млн BYN. Лідарамі ў аб'ёме таксічнай крэдыторкі ў рэгіёне сталі кампаніі Берасця (248,5 млн BYN) і Баранавічаў( 93,4 млн BYN), а ў праблемных крэдытах і пазыках — Маларыцкі раён (133,6 млн BYN).

У Віцебскай вобласці сума пратэрміноўкі крэдыторкі склала 653,8 млн BYN, у крэдытах і пазыках — 168,1 млн BYN. У 2020 годзе велічыня праблемных пазык на Віцебшчыне прыкметна скарацілася. Але гэта тлумачыцца не павышэннем эфектыўнасці працы бізнэсу, а прыняццем указа аб дзяржпадтрымцы АПК Віцебскай вобласці. «Дрэнныя» даўгі аграрыяў часова перасталі быць такімі.

Першыя месцы па пратэрмінаванай крэдыторцы занялі кампаніі з Віцебска (189,1 млн BYN) і Аршанскага раёна (108,9 млн BYN), па «смеццевых» крэдытах і пазыках — прадпрыемствы Віцебска (88 млн BYN).

У Гомельскай вобласці сума пратэрмінаванай крэдыторкі дасягнула 1,599 млрд BYN, пратэрміноўкі па крэдытах і пазыках — 652,6 млн BYN. Лідары вобласці ў праблемнай крэдыторцы — Гомель (319,7 млн BYN), Жлобінскі (394 млн BYN) і Светлагорскі (204,6 млн BYN) раёны, у праблемных крэдытах і пазыках — Гомель (153,8 млн BYN) і Светлагорскі раён (128 млн BYN).

У Гарадзенскай вобласці пратэрмінаваная крэдыторка склала 575 млн BYN, пратэрмінаваныя крэдыты і пазыкі — 118,5 млн BYN. Па крэдыторцы лідарамі былі Гродна (102,2 млн BYN) і Лідскі раён (105,2 млн BYN), па крэдытах і пазыках — Лідскі раён (88,5 млн BYN).

У Мінскай вобласці пратэрміноўка па крэдыторцы дасягнула 1,828 млрд BYN, па крэдытах і пазыках — 643,1 млн BYN. Больш за ўсё пратэрмінаванай крэдыторкі назапасілі арганізацыі Барысаўскага (234 млн BYN) і Мінскага (280 млн BYN) раёнаў, крэдытаў і пазык — у Барысаўскім раёне (210,8 млн BYN).

У Магілёўскай вобласці пратэрмінаваная крэдыторка склала 1,077 млрд BYN, пратэрмінаваныя крэдыты і пазыкі — 337,7 млн BYN. У Магілёве пратэрміноўка па крэдыторцы дасягнула 407,3 млн BYN, у Бабруйску — 109,8 млн BYN. Па таксічных крэдытах і пазыках лідзіраваў Магілёў (129,2 млн BYN).