Падаткі для ІП павялічаць у 1,5 разы

Папраўкі ў прэзідэнцкі ўказ № 222, які рэгулюе дзейнасць індывідуальных прадпрымальнікаў, прадугледжваюць павелічэнне ў паўтара разы сумы падаткаў для ІП, якія гандлююць таварамі без суправаджальных дакументаў. Пра гэта паведаміў старшыня рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Перспектыва" Анатоль Шумчанка.  



dsc_4580.jpg

Паводле яго слоў, 13 сакавіка ў Мінску адбылася сустрэча сталічных прадпрымальнікаў з чыноўнікамі Адміністрацыі прэзідэнта, на якой прадстаўнікоў малога бізнэсу азнаёмілі з праектам новага ўказа кіраўніка дзяржавы, які ўносяць змены ў дзеючы ўказ № 222. Пасля гэтай сустрэчы фатаграфіі з тэкстам праекта ўказа распаўсюдзіліся ў сацыяльных сетках.

Так, праект новага ўказа абвяшчае, што ІП, якія выплачваюць адзіны падатак з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб, пры ажыццяўленні рознічнага гандлю, у тым ліку таварамі лёгкай прамысловасці, "маюць права ажыццяўляць перавозку (транспарціроўку) гэтых тавараў, іх рэалізацыю ў гандлёвых аб'ектах і на гандлёвых месцах на рынках без дакументаў, якія пацвярджаюць іх набыццё (паступленне)".

Пры гэтым ІП з таварамі, увезенымі з краін Мытнага саюза без суправаджальных дакументаў, абавязаныя выплачваць падатак на даданую вартасць у фіксаванай суме. Гэты падатак вылічаецца як "чатырохразовая сума належнага да выплаты адзінага падатку без уліку павышаючага каэфіцыента 2".

Гэтыя папраўкі, сказаў Шумчанка, у цэлым адпавядаюць інтарэсам прадпрымальнікаў, за выключэннем памеру падатковай базы. "Тое, што ўлады вяртаюцца да канцэпцыі выплаты прадпрымальнікамі адзінага падатку за права перавозіць, захоўваць і рэалізоўваць тавары без суправаджальных дакументаў, гэта нас задавальняе, мы гэта падтрымліваем. Але трэба карэктаваць каэфіцыенты падатку, таму што каэфіцыент, прадугледжаны ў новым указе, для многіх ІП будзе непад'ёмным, ён вырасце ў паўтара разы", — адзначыў ён.

Лідэр прадпрымальніцкага аб'яднання спадзяецца, што да зацвярджэння новага праекта ўказа чыноўнікі запросяць на абмеркаванне гэтага дакумента ІП з рэгіёнаў, бо "Мінск — гэта не ўся Беларусь, і абмяркоўваць такія пытанні толькі з мінчанамі, мякка кажучы, няправільна". "Слонім, Брэст, Гомель, Магілёў — многія прадпрымальнікі ў гэтых гарадах сёння па-ранейшаму не працуюць. А гэта іх павінны запрашаць у першую чаргу", — растлумачыў ён.

У "Перспектыве" мяркуюць, што неабходна вярнуць падаткі, якія дзейнічалі да 1 ліпеня 2014 года і прадугледжвалі выплату падвойнага ПДВ плюс адзіны падатак у двухразовым памеры за магчымасць гандляваць без суправаджальных дакументаў. "І то ў цяперашніх умовах мы лічым, што гэта высокія стаўкі", — дадаў Шумчанка.

Ён з задавальненнем адзначыў, што частку пунктаў рэзалюцыі, прынятай на форуме прадпрымальнікаў 16 лютага ў Мінску, улады выконваюць — фактычна дзейнічае мараторый на праверкі, ідуць перамовы ўладаў з прадпрымальнікамі. Акрамя гэтага, па інфармацыі "Перспектывы", рыхтуецца сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з прадпрымальнікамі. Верагодней за ўсё, яна адбудзецца 17 сакавіка на адным з гандлёвых аб'ектаў сталіцы.

"Сёння ўлада не мае права на памылку. Калі прэзідэнт двойчы падпіша нежыццяздольны ўказ, гэта будзе выглядаць, мякка кажучы, непрыгожа", — падсумаваў Шумчанка.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН