Міф пра «рэкордна нізкую інфляцыю» вядзе краіну ў маштабны крызіс
Аналітыкі праекта «Вашы грошы» працягваюць эксперыменты з альтэрнатыўным вымярэннем інфляцыі ў краіне. Неабходнасць у гэтым наспела пасля таго, як урад стаў стрымліваць цэны на некаторыя прадукты і дэманстраваць прыгожую карцінку з рэкордна нізкай інфляцыяй.
У тое, што гэтая лічба рэальная, эксперты не вераць, шараговыя беларусы таксама не адчуваюць на сваіх кашальках, што «жыць стала лепш, жыць стала весялей». Дапамагае разабрацца з тым, што адбываецца індэкс ЧаркаШкварка (ЧШ), якім мы пачалі ў тым ліку вымяраць інфляцыю, назваўшы паказчык «чаршкварфляцыяй».
Даведка:Пасля таго, як Лукашэнка аднойчы заявіў, што нашаму народу трэба «чарка і шкварка», беларускія эканамісты распрацавалі індэкс «ЧаркаШкварка». Гэты індэкс складаецца з кошту 100 грамаў свініны і 100 грамаў гарэлкі, і разлічваецца на падставе звестак Белстата.
Як мы атрымліваем лічбы, якія нас цікавяць? Ведаючы, колькі каштавалі 100 грамаў бескасцёвай свініны і 100 грамаў гарэлкі (чаркі і шкваркі) год таму, і колькі яны каштуюць цяпер, мы можам дакладна разлічыць гадавую інфляцыю паказчыка ЧШ і параўнаць яе з афіцыйнымі паказчыкамі росту коштаў.
Такім чынам, Белстат радуе нас новымі рэкордамі, кажучы, што гадавая інфляцыя ў краіне складае небывалыя 2%. Праўда, пры гэтым нават тыя беларускія эканамісты, якіх цяжка назваць незалежнымі, адзначаюць вялікае «але». Яны папярэджваюць аб рызыках, якія насоўваюцца, і прызнаюць, што нармальнай сітуацыю ніяк не назавеш.
Паводле апытання насельніцтва, праведзенага Нацбанкам, у верасні 2023 года чаканая ў наступныя 12 месяцаў інфляцыя склала 11,2 працэнтаў (у чэрвені 2023 года — 10,9 працэнтаў), адчувальная інфляцыя — 11,3 працэнтаў (у чэрвені 2023 года – 12,8 працэнтаў). Выходзіць, што насельніцтва прадчувае хуткае павелічэнне тэмпаў росту коштаў. І нават чыноўнікі гэта не хаваюць, бо разумеюць наступствы далейшага стрымлівання рынку.
Калі казаць вельмі проста, сёння сістэма прадпрымае адчайныя меры ў надзеі адцягнуць непазбежнае — момант, калі назапашаны крызіс стане відавочны літаральна ўсім жыхарам краіны.
Ва ўрадзе спрабуюць забараніць вытворцам рэалізоўваць сваю прадукцыю даражэй штучна створанай столі, пасля крычаць коштам «стаяць!», змушаючы зацягнуць паясы ўвесь гандаль. Пры гэтым іншай рукой яны ж запускаюць друкавальны станок, павялічваюць заробкі ў дзяржсектары, раздзімаюць бюджэтныя выдаткі. Аб'ём грошай у эканоміцы павялічваецца, а тавараў больш пры гэтым не становіцца, прадукцыйнасць не расце.
Праблема ў тым, што ўсе гэтыя меры па стымуляванні эканомікі, як і любы іншы папулізм, працуюць толькі на кароткай дыстанцыі. Пасля ўсё роўна даводзіцца расплачвацца — узнікае цэнавы навес (розніца рэальнай рынкавай цаны і замарожанага кошту), які аднойчы немінуча абрынецца.
Ускосна прасачыць за станам цэнавага навесу мы можам сёння, параўнаўшы змены графік інфляцыі за апошнія гады з графікам «чаршкварфляцыі». Становіцца бачна, што разрыў паміж гэтымі двума паказчыкамі рос, пачынаючы з пачатку 2023 года, пасля абвяшчэння Лукашэнкам акцыі «Стоп-кошты».
Сёння гадавая чаршкварфляцыя знаходзіцца на ўзроўні 12%. Пацешна тое, што прыблізна гэты паказчык паказваецца экспертамі як рэальная інфляцыя. Мала таго — значна бліжэй да яго і адчуванні ад інфляцыі ў людзей, якія ўдзельнічалі ў нашых апытаннях. Блізкі гэты паказчык, як аказалася, і да даных апытання насельніцтва Нацбанкам.
Пра што кажуць гэтыя разыходжанні? Пра старыя ісціны, якія спрабуюць не заўважаць. Як ні пагражай вытворцам і гандлю карнымі органамі, рана ці позна ва ўсіх, каго спрабуюць даіць, скончацца фінансавыя рэсурсы. Баяцца будзе няма за што, і абяскроўленыя прадпрыемствы пачнуць масава згортваць сваю працу. Ратуючы сітуацыю, прыйдзецца адпускаць цэны, і тады яны падскочаць прыстойна. Ці ў лепшым выпадку будуць бадзёра расці на працягу некалькіх месяцаў, даганяючы рэальную інфляцыю.
Дадайце да гэтага нарастаючую інфляцыю ў Расіі, якую ніяк нельга ігнараваць, таму што мы вымушаныя спажываць усё больш тавараў менавіта ад усходняга суседа, не маючы іншай выразнай альтэрнатывы.
І, нарэшце, яшчэ адзін фактар — рынак ужо перагрэты неапраўдана завышанымі заработнымі платамі. Мы бачым прыгожыя лічбы, але ці адпавядаюць яны рэчаіснасці? Калі мы паглядзім на змены дынамікі сярэдняй зарплаты ў краіне і параўнаем яе з тым жа паказчыкам, выяўленым у чарках і шкварках, то ўбачым цікавую карціну.
Белстат заяўляе, што рэальныя заробкі (гэта значыць заробкі з улікам афіцыйнай інфляцыі) выраслі на 16,1% у дачыненні да мінулага года. А вось калі перавесці іх у чаркі і шкваркі, выявіцца, што паказчык нашмат больш сціплы — 6%.
У заключэнне паглядзім на сітуацыю ў рэгіёнах. Мы бачым, што разыходжанне паміж рэальным і чаркашкварачным заробкам усюды практычна аднолькавае — у раёне 10%.
Прычым калі некалькі месяцаў таму намецілася тэндэнцыя да скарачэння розніцы, то ўжо ў верасні разрыў зноў пачаў павялічвацца. Мяркуючы па ўсім, ужо нават чыноўнікі бачаць сітуацыю, але без дазволу баяцца пачаць яе вырашаць. Ініцыятыва ніколі не была іх моцнай рысай.