Леў Марголін: Беларусі пагражае дэфолт, калі Расія адмовіць у крэдыце

Аляксандр Лукашэнка адправіўся ў «кароткатэрміновы адпачынак» у Сочы. Следам за сваім начальнікам і прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў узяў курс на Маскву. З чым гэта звязана, «Беларускай праўдзе» распавёў эканаміст Леў Марголін.



bankrot.jpg

— Чым выкліканы такі «раптоўны» ад'езд Лукашэнкі ў Сочы «у кароткачасовы адпачынак» — бо з папярэдніх кароткатэрміновых вакацый у ААЭ беларускі правадыр вярнуўся тры месяцы таму.
— Жаданнем сустрэцца з Пуціным, прычым не ў афіцыйным фармаце. Відавочна, што Лукашэнку не ўдалося дамовіцца аб афіцыйным візіце, але ёсць шанец перахапіць Пуціна на лыжні.
Мінску патрэбныя грошы — усе астатнія праблемы сяк-так развяжуцца. Беларускія ўлады далі рады нават Расспажыўнагляду, з газам-нафтай таксама праблем не чакаецца — не можа ж Расія задарма аддаваць газ з нафтай. Засталося адное-адзінюткае нявырашанае пытанне — крэдыты.
— Пра якія крэдыты можа ісці гаворка?
— Пра крэдыт ЕўрАзЭС 500 мільёнаў долараў Лукашэнка ўжо згадваў, роўна як і міністр фінансаў Расіі выказаў гатоўнасць дапамагчы беларускім уладам грашыма пры патрэбе. Але ў гэтым выпадку гаворка ідзе аб сумах вельмі значных — мінімум пра 3 мільярды долараў.
— Лукашэнка выбраўся ў Сочы адразу пасля прэс-канферэнцыі, следам за ім у Маскву адпраўляецца прэм'ер-міністр Кабякоў. Няўжо эканамічная сітуацыя ў Беларусі настолькі пагоршылася, што пагнала ўсё беларускае кіраўніцтва ў Расію?
— Безумоўна, справы ў беларускай эканоміцы і раней ладзіліся не надта добра. Варта ўлічваць, што 2015 карэнным чынам адрозніваецца ад папярэдніх гадоў — гэта год прэзідэнцкіх выбараў. Пагаршаецца эканамічная сітуацыя ў самой Расіі, што пагражае фізічным скарачэннем аб'ёмаў беларускага экспарту ў Расію і, натуральна, скарачэннем валютнага прыбытку.
Свет сутыкнуўся з падзеннем цэнаў нафты, і, відавочна, надоўга. Для Беларусі гэта абернецца скарачэннем валютных паступленняў з Захаду.
Імпарт у Беларусі мае вытворчы характар: дэталі і матэрыялы. Спажывецкі імпарт наш народ возьме на сябе: людзі не стануць чакаць, пакуль у Беларусь завязуць расійскія тэлевізары, а самі паедуць у Смаленск і закупяць тэлевізары.
— Якія сумы патрэбныя афіцыйнаму Мінску?
— 2-3 мільярды долараў — для Расіі сума некрытычная. Аднак Лукашэнку давядзецца вельмі і вельмі пастарацца, каб пераканаць Пуціна ў тым, што запытаныя грошы — пытанне жыцця і смерці для Беларусі.
— Што Лукашэнка можа прапанаваць наўзамен?
— Беларускія ўлады будуць абяцаць лаяльнасць, якая дэ-факта існуе і цяпер. Думаю, Пуцін увойдзе ў становішча Лукашэнкі і зразумее ягоныя паасобныя незалежніцкія заявы.
Магчыма, яшчэ раз давядзецца вярнуцца да прызабытай праблемы стварэння пяці супольных холдынгаў з удзелам беларускіх прадпрыемстваў: МАЗа, "Гродна Азоту"... Хоць цяпер вартасць названых холдынгаў для Расіі, магчыма, сур'ёзна ўпала.
— Леў Фёдаравіч, а што адбудзецца, калі Масква заўпарціцца і не выдасць Лукашэнку крэдыт?
— Я нават не магу ўявіць сабе, што адбудзецца ў гэтым выпадку. Не выключаю магчымасці дэфолту. Тады пачнецца кампанія рэструктурызацыі пазык, і Мінск пачне пагражаць Расіі адмовай ад выплат ранейшых крэдытаў і іх адсоткаў.
belprauda.org