Літва стане мостам для электраэнергіі з БелАЭС?
Урад Літвы ў сераду мае намер разгледзець праект пагаднення Балтыйскіх краін аб гандлі электраэнергіяй з Беларуссю і іншымі трэцімі краінамі. Былы міністр энергетыкі Арвідас Сякмокас кажа, што Літва такім чынам адыходзіць ад сваіх ранейшых намераў і па сутнасці становіцца мостам для электраэнергіі з Беларускай АЭС на рынак Еўрасаюза.
Паводле яго слоў, калі БелАЭС будзе ўведзена ў эксплуатацыю, Літва не дазволіць гандляваць электраэнергіяй з гэтай краінай, аднак гэта не значыць, што тэхнічна электраэнергія з БелАЭС не будзе трапляць праз Літву ў Латвію, а ўжо потым — на агульны рынак ЕС і назад у Літву .
"Мае месца нулявая прапускная здольнасць для камерцыйнага патоку, гэта значыць для куплі электраэнергіі, але тэхнічны паток будзе ісці, гэта і адзначае ў дэкларацыі Міністэрства энергетыкі. Менавіта паток электраэнергіі прыносіць электраэнергію на рынак ЕС, а потым ужо ўсе ўдзельнікі ЕС могуць гэту электрычнасць на рынку купляць", — сказаў BNS экс-міністр энергетыкі.
Па словах Сякмокаса, калі б было дасягнута салідарнае рашэнне трох Балтыйскіх краін не купляць электраэнергію з БелАЭС, то сітуацыя былі б іншая.
"Тады Латвія, Эстонія — калі б былі сертыфікаты, што гэта электраэнергія, якая прыйшла з Беларусі, так гэтая электраэнергія не прадавалася б на рынку. Грашовыя патокі не ішлі б у Беларусь", — сказаў былы міністр энергетыкі.
Ён падкрэсліў, што ў такім выпадку закон, накіраваны супраць куплі электрычнасці з БелАЭС, не можа забяспечыць, каб беларуская электрычнасць не трапляла на рынак Балтыйскіх краін. Закон забараняе Літве купляць беларускую электраэнергію, але не кажа, ці будзе гэтая электраэнергія купляцца на мяжы Літвы і Беларусі, альбо з Латвіі.
Урад Літвы ў сераду разгледзіць праект сумеснага пагаднення краін Балтыі аб гандлі электраэнергіяй з трэцімі краінамі на перыяд да 2025 года, калі энергасеткі Балтыйскіх краін будуць сінхранізаваныя з еўрапейскімі сеткамі. Міністр энергетыкі Жыгімантас Вайчунас кажа, што пагадненне дазволіць Літве правесці ў жыццё патрабаванні закона і не купляць электраэнергію з Беларусі.
Мінэнергетыкі Літвы паведаміла, што новую методыку пачнуць прымяняць адразу, як толькі Літва забароніць гандаль праз літоўска-беларускую перамычку, калі запрацуе БелАЭС, і будзе дзейнічаць часова, да 2025 года.
Плануецца ўвесці сістэму сертыфікатаў паходжання — яна дазволіць ідэнтыфікаваць паходжанне імпартаванай электраэнергіі, каб у Літву не трапляла беларуская электрычнасць, а таксама новую плату за інфраструктуру.
У прадстаўленым у парламенцкі Камітэт па еўрапейскіх справах матэрыяле, які атрымала агенцтва BNS, паказана, што краіны Балтыі дасягнулі сумеснага рэгіянальнага пагаднення, рашэнне Літвы не купляць электрычнасць будзе прызнана партнёрамі, у іншым выпадку краіны Балтыі і Еўракамісія (ЕК) не будуць падтрымліваць Літву. У першым выпадку знізіцца агульны максімальна магчымы аб'ём электраэнергіі з трэціх краін на рынку Балтыйскіх дзяржаў, у другім — Латвія і Эстонія зацвердзяць двухбаковую методыку для гандлю з трэцімі краінамі. Калі агульнае пагадненне будзе дасягнута, то краіны Балтыі будуць мець палітычную падтрымку ЕК, якая важная для сінхранізацыі сетак. Тады Літва можа спадзявацца атрымаць максімальнае фінансаванне — 75%, а калі дамовіцца не ўдасца, то высокая рызыка не атрымаць фінансаванне.
Нагадаем, фізічны запуск Беларускай атамнай станцыі, якая ўзводзіцца пад Астраўцом па расійскім праекце, запланаваны на ліпень 2020 года, выдача ліцэнзіі на эксплуатацыю можа адбыцца ўжо праз два тыдні.
Беларуская грамадскасць запатрабавала ад Дзяржатамнагляду не выдаваць ліцэнзіі на пуск БелАЭС, а ад Мінэнерга — адкласці фізічны запуск да моманту, калі будуць вырашаны праблемы бяспекі станцыі.
Паводле delfi.lt